Мінулы тыдзень для аграрыяў ААТ “Новае жыццё” быў плённым. Яны пачалі сяўбу яравых збожжавых культур. Увесь калектыў сельгасарганізацыі настроены на якасную і выніковую працу. Кожны разумее, што вясновы дзень год корміць.
Пасяўная кампанія тут пачалася з сяўбы ячменю. У полі працуюць тры пасяўныя агрэгаты. Справа даручана вопытным механізатарам Віктару Буйко, Дзмітрыю Смірнову і Сяргею Абрамовічу. Яны не першы год у полі, ведаюць усе тонкасці сяўбы. Па стане на раніцу 4 красавіка ў гаспадарцы было пасеяна 330 га ячменю, што складае 66 % ад неабходнага.
— У пачатку мінулага тыдня на некаторых участках зямлі яшчэ назіралася павышаная вільготнасць, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Міхаіл Канановіч, — таму сеялі выбарачна. Сёлета раннія яравыя ў нас зоймуць 714 гектараў. З іх ячмень — 500 гектараў, рапс — 100, 114 гектараў адведзена пад аднагадовыя культуры. На закрыцці вільгаці і перадпасяўной апрацоўцы глебы задзейнічалі зараз шэсць адзінак тэхнікі, гэтым займаюцца Дзмітрый Юрашчык (на фота 1), Мікалай Коўшаль, Мікалай Пасадскі, Алег Буйкевіч, Дзмітрый Андросік і Юрый Ханцэвіч. Механізатары Уладзімір Андросік (на фота 2), Віктар Баргулёў і Аляксандр Пабудзей уносяць мінеральныя ўгнаенні пад яравую сяўбу і на лугавыя ўгоддзі.
Як адзначыў Міхаіл Міхайлавіч, сяўбу яравых збожжавых і рапсу ў гаспадарцы плануюць завяршыць за 10 — 12 дзён, затым пачнуць сяўбу цукровых буракоў. Хаця зрабіць дакладны прагноз немагчыма: у сельскай гаспадарцы многае залежыць ад умоў надвор’я. Пакуль яны на баку аграрыяў. Зямля пасля зімы яшчэ вільготная. Механізатары імкнуцца правесці палявыя работы як мага хутчэй, каб глеба не паспела прасохнуць. Пратручваннем насення займаюцца рабочыя збожжасклада “Аношкі”. Усяго ім неабходна пратруціць каля 140 тон насення. 80 тон ужо гатова да сяўбы. У гэтым годзе гаспадарка закупіла 7 тон эліты яравога ячменю сорту “Ірына” ў СВК “Агракамбінат Сноў” і 10 тон яго набыла ў СВК “Крошын”. У ячмені гэтага сорту спецыялісты адзначаюць нізкае ўтрыманне бялку пры высокай ураджайнасці. На астатніх палях ячмень будзе засявацца элітай сартоў “Бровар” і “Стратус”.
— Работы ў полі вядуцца актыўна, — адзначае Міхаіл Міхайлавіч. — Шэсць трактароў з раскідвальнікамі працуюць штодня на ўнясенні арганікі пад кукурузу, а Уладзімір Марук грузіць яе каля тысячы тон. Вясна — гэта гарачая пара для ўсіх земляробаў. Рабочы дзень у нас пачынаецца з 7 гадзін раніцы і доўжыцца да 20 гадзін. Два разы на дзень работнікі сталовай дастаўляюць гарачае харчаванне. Людзям не прывыкаць працаваць у такім тэмпе. Усе разумеюць, што цяпер кожны пагодлівы дзень трэба выкарыстаць па-гаспадарску.
Аксана ГРОХ.