Меню
Курс $  3.26 | €  3.55 | ₽100  3.53 |
Погода 6 °C

Беларусь і Расія ўрэгулявалі ўсе спрэчныя пытанні ў двухбаковых адносінах

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

000019_702341_big

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 красавіка зрабіў рабочы візіт у Расійскую Федэрацыю. У Санкт-Пецярбургу адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі шырокі комплекс пытанняў развіцця двухбаковых беларуска-расійскіх адносін. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін некалькі гадзін размаўлялі ў фармаце «сам-насам» і правялі сустрэчу ў пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый.



Пуцін і Лукашэнка ўрэгулявалі ўсе пытанні ў нафтагазавай сферы

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

«Мы дамовіліся, што ўрэгулюем усе нашы спрэчныя пытанні ў нафтагазавай сферы. Уласна, не дамовіліся, а мы іх урэгулявалі. Дамовіліся аб тым, як і ў якія тэрміны гэта зробім. Зробім мы гэта на працягу бліжэйшых 10 дзён», — заявіў расійскі лідар.

«Мы знайшлі схему, пры якой захоўваем нашы падыходы, збліжаем нашы пазіцыі па цэнах. Знайшлі магчымасць узаемных уступак. Дамовіліся аб тым, як будзем працаваць у гэтай сферы не толькі ў 2017-м, але і ў 2018, 2019 гадах», — сказаў Уладзімір Пуцін.

Паводле яго слоў, бакі таксама пацвердзілі сваё імкненне стварыць неабходныя асноватворныя правілы і ўмовы да ліпеня 2019 года па стварэнні адзінага рынку электраэнергіі. Таксама пацверджана гатоўнасць зрабіць усё для таго, каб да 1 студзеня 2018 года распрацаваць сумесныя правілы па адзіным рынку газу, а да 2024 года распрацаваць і выйсці на падпісанне міжурадавага пагаднення ў рамках ЕАЭС па адзіным рынку газу.

Беларусь і Расія дамовіліся аб сумесных дзеяннях у сферы забеспячэння бяспекі

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

«Вы бачыце, што адбываецца вакол. І мы хацелі б проста захаваць стабільнасць у Расіі і Беларусі. Ужо вельмі мала засталося ў гэтым свеце ціхіх, спакойных кропак. І мы дамовіліся аб сумесных дзеяннях па захаванні бяспекі ў нашых дзяржавах», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы вельмі шмат гаварылі аб бяспецы. І не толькі ў сувязі з гэтым няшчасным выпадкам (узрыў у метро Санкт-Пецярбурга. — Заўвага БЕЛТА), — сказаў Прэзідэнт Беларусі. — Гэта асноўнае было пытанне. Не нафтагазавымі пытаннямі мы пачалі абмеркаванне. Мы сапраўды асноўную ўвагу ўдзялілі даўно запланаванаму пытанню бяспекі нашых дзяржаў».

Лукашэнка: рашэнні па аграрных пытаннях і прамысловай палітыцы будуць прымацца на ВДС

«Мы сапраўды вырашылі праблемы і па пытаннях нафтагазавага комплексу. Доўга абмяркоўвалі аграрную праблему, але дамовіліся аб тым, што яна ў нас на парадку дня Вышэйшага дзяржаўнага савета. Таксама як і пытанне па прамысловай палітыцы. І мы ў бліжэйшы час узгоднім тэрміны і прымем рашэнне па гэтых і іншых пытаннях ужо на пасяджэнні ВДС», — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Уладзімір Пуцін таксама адзначыў, што бакі ўдзялілі шмат часу абмеркаванню супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі. «Я папрасіў урад Расійскай Федэрацыі, каб на гэтым тыдні нашы спецыялісты выехалі ў Беларусь і прапрацавалі там з калегамі на адпаведных прадпрыемствах, адносна якіх узніклі нейкія сумненні з пункту гледжання выканання фітасанітарных норм», — заявіў Прэзідэнт Расіі.

«Думаю, гэта тыя пытанні, якія вырашаюцца ў ходзе практычнай сумеснай работы ў тым духу, які склаўся паміж нашымі краінамі на працягу ўжо многіх гадоў пасля падпісання пагаднення аб стварэнні Саюзнай дзяржавы», — дадаў расійскі лідар.

Расія ў бягучым годзе рэфінансуе даўгавыя абавязацельствы Беларусі — Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Уладзіміру Пуціну за тое, што расійскі бок пайшоў насустрач у пытанні рэфінансавання існуючых у гэтым годзе запазычанасцей перад Расійскай Федэрацыяй. «Прэзідэнт паабяцаў, што сёння-заўтра ён аддасць адпаведнае распараджэнне па гэтым пытанні», — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Пуцін паабяцаў палітычную падтрымку Беларусі на міжнародных пляцоўках

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін паабяцаў палітычную падтрымку Беларусі на міжнародных пляцоўках і ў час кантактаў з лідарамі сусветных дзяржаў.

Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, шмат часу бакі ўдзялілі абмеркаванню праблем міжнароднага парадку дня. «Асабліва тых пытанняў, якія датычацца нас, нашых суседзяў, палітыкі Еўрасаюза. Абмяняліся думкамі аб узаемаадносінах з ЗША, як выбудоўваць гэтыя адносіны», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Я, вядома, прасіў Уладзіміра Уладзіміравіча, каб ён не забываў і пра Беларусь, выбудоўваючы адносіны з буйнымі дзяржавамі. У яго наперадзе сустрэчы ў «дваццатцы». Я атрымаў запэўненні ў падтрымцы нас на ўсіх форумах, як гэта ён рабіў і раней», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Пуцін: у беларуска-расійскіх адносінах не засталося спрэчных пытанняў

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

«На сённяшні дзень спрэчных пытанняў не засталося. Мы будзем рухацца далей, будзем умацоўваць саюзніцкія адносіны ў рамках Саюзнай дзяржавы і працаваць над умацаваннем нарматыўна-прававой базы і над развіццём Еўразійскага эканамічнага саюза», — заявіў Уладзімір Пуцін.

Ён паведаміў, што бакі знайшлі падыходы да ўрэгулявання нафтагазавых пытанняў. Даволі шмат часу на перагаворах было ўдзелена ўзаемаадносінам у сферы фінансаў і ў канкрэтных галінах эканомікі, у тым ліку ў высокатэхналагічных сферах. Размова, у прыватнасці, ідзе аб магчымым пашырэнні сумеснай работы ў сферы космасу.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка падзякаваў расійскаму лідару за тое, што, нягледзячы на падзеі, якія здарыліся, бакі знайшлі магчымасць сесці за стол перагавораў. «Нягледзячы на гэту праблему, вы змаглі правесці перагаворы. І, як вы толькі што сказалі, у нас не засталося нявырашаных пытанняў. Вядома, дрэнна, што прэзідэнтам даводзіцца ўмешвацца ў тыя ці іншыя праблемы не нашага ўзроўню. Але што зробіш, такая практыка», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«На сённяшні дзень у нас не засталося нявырашаных пытанняў. Больш таго, мы змаглі зазірнуць у будучыню функцыянавання нашых эканомік. Мы вырашылі гэтыя пытанні. Думаю, што на працягу дзесяці дзён нашы ўрады гэта ўсё фармалізуюць і ўвядуць нашы эканомікі ў нармальны рытм работы», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

 

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!