Меню
Курс $  3.07 | €  3.53 | ₽100  3.8 |
Погода 7 °C

Як “Лад” са “Згодаю” сябруюць…

Нясвіжскія навіны 8 лет назад 0 1

Пост опубликован: 12.05.2017

 

Як  хочацца ў кожнай справе дайсці да ладу, як хочацца з усімі жыць у згодзе! Гэтыя словы ў пэўным значэнні сінонімы, а яшчэ — і суседзі. “Лад” пасяліўся пад дахам цэнтра дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна, а “Згода” — крыху паводдаль, у Нясвіж-скай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы. Наведвальнікі гэтых сямейных клубаў — бацькі і дзеці, якія любяць падарожнічаць, займацца рукадзеллем, маляваць і проста быць разам.



Клуб “Лад” нарадзіўся 10 кастрычніка 2010 года. Яго стваральнік і кіраўнік — Алена Гаціла, выкладчык студыі выяўленчага мастацтва “Вясёлка”, што працуе пры раённым цэнтры дзіцячай творчасці. У клубе ла-дзяцца спартыўныя паходы, падарожжы і дні імянінніка, святы для матуль і татаў, бабуль і дзядуль.

Бацькі і самі праяўляюць ініцыятыву, і прапаноўваюць тэмы для абмеркавання, дапамагаюць у арганізацыі сустрэч. Сярод такіх памочнікаў Алена Генадзьеўна называе Анастасію Цар, Кацярыну Шарандо, Таццяну Дучынскую, Таццяну Пражэнік, Вольгу Халопіца, Сяргея Рачка, многіх іншых бацькоў  і іх дзетак.

Наведвальнікі клуба пастаянна ўдзельнічаюць у штогадовым раённым     конкурсе “Усё пачынаецца з сям’і” і часта перамагаюць.

За няпоўныя сем гадоў існавання клуба бацькі і дзеці наведалі дванаццаць краін свету, пастаянна падарожнічаюць па Беларусі.

Абавязкова раз у год “Лад” адпраўляецца ў госці ў бібліятэку.  Разам з супрацоўнікамі гэтай установы Алена Генадзьеўна арганізоўвае традыцыйныя выставы дзіцячай творчасці. Сумесна з бібліятэкарамі была наладжана сустрэча з іерэем Іаанам Уханавым, які  распавёў аб “Святах дзяржаўных і святах царкоўных”. У гэты дзень была арганізавана экскурсія ў храм Узнясення Гасподня г. Нясвіжа.

Вопыт работы клуба “Лад”  і яго кіраўніка мы ўзялі пад увагу пры стварэнні ўласнага сямейнага клуба пры бібліятэцы.

“Згода”  нарадзілася 13 лістапада 2016 года, хаця праблемам сям’і ў бібліятэцы заўсёды надавалася асаблівае значэнне. Бібліятэкары разам з настаўнікамі школ на працягу многіх гадоў ладзілі сустрэчы з творчымі сем’ямі Нясвіжчыны, сем’ямі святароў Нясвіжскага благачыння, з сям’ёй настаяцеля храма Свяціцеля Мікалая Японскага ў Мінску, вядучага перадачы “Мір вашаму дому” на тэлеканале “Лад” іерэя Паўла Сердзюка і матушкі Веры, кіраўніка духоўна-асветніцкага цэнтра “Матуля”, пісьменніцы, на той час аспіранткі БДУ культуры і мастацтваў. Айцец Павел і матушка Вера па-свойму змагаюцца за Беларусь, адстойваючы права на жыццё кожнага чалавека, які толькі збіраецца нарадзіцца. Разам з валанцёрамі цэнтра яны наведваюць жаночыя кансультацыі, стараючыся адгаварыць жанчын ад памылковага кроку, прапаноўваюць матэрыяльную дапамогу, калі яна патрэбна.

Напачатку 2015 года бібліятэкары сталі ініцыятарамі стварэння  Школы праваслаўнага выхавання, кіраўніком якой было прапанавана стаць протаіерэю Алегу Абрамовічу, настаяцелю Троіцкага храма аграгарадка Салтанаўшчына і Мікалаеўскага храма аграгарадка Юшавічы, бакалаўру багаслоўя. На пася-джэннях Школы прысутныя маглі атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні выхавання дзяцей і падлеткаў. Разам са святаром паразважаць на тэмы адносін паміж сямейнікамі, сэнсе жыцця. Дзяцей наведвальнікаў Школы праваслаўнага выхавання запрасілі да ўдзелу ў праваслаўным злёце “Святая Русь” у 2016 годзе.

З верасня 2016 года пры бібліятэцы стала дзейнічаць дзіцячая  нядзельная школа храма Узнясення Гасподня, якая складаецца з трох узроставых груп. Яе выкладчыкі — Наталля Шахнова, Марыя  Уханава, Наталля Валочнік і іерэй Іаан Уханаў. Некаторых дзяцей у ня-дзельную школу прыводзілі бацькі, а самі ішлі бавіць час па даўно вядомых маршрутах — у большасці вывучалі фонд чытальнай залы бібліятэкі. І стала зразумела: у супрацоўнікаў бібліятэкі знайшлася цудоўная магчымасць здзейсніць сваю даўнюю мару, адкрыць сямейны клуб “Згода”. Сярод заснаваль-нікаў клуба — і благачынны Нясвіжскай царкоўнай акругі протаіерэй Аляксандр Данчанка.

За час існавання клуба яго ўдзельнікі слухалі  парады медыцынскага работніка Святланы Шынгель, аб праблемах маўлення разважала дэфектолаг  Наталля Каладзінская. Карыснай стала і сустрэча з натарыусам Няс-віжскай натарыяльнай канторы Святланай Сакаловай. Яна раскрыла не толькі заканадаўчыя моманты, але і прывяла прыклады, калі людзі не прыслухоўваліся да парад спецыяліста, кіраваліся толькі сваімі пачуццямі, што прыносіла не самыя станоўчыя вынікі. Протаіерэй Аляксандр Данчанка гаварыў аб ролі сям’і ў грамадстве, яе значэнні як малой царквы, расказваў пра сямейныя традыцыі іншых краін, аб шкодных звычках, якія дрэнна ўплываюць на здароўе, адказваў на пытанні прысутных.   Шэраг сустрэч 2017 года  быў прысвечаны чытанню і абмеркаванню ўрыўкаў з Евангелля. Наведвальнікі клуба, якія на працягу навучальнага года сустракаюцца штотыднёва,  маюць  магчымасць у канцы сустрэчы асабіста паразмаўляць са святаром, атрымаць нейкія жыццёвыя парады. А нядаўна наведвальнікі клуба “Згода” і нядзельнай школы храма Узнясення Гасподня парадаваліся новаму спектаклю тэатра “Батлейка” Ланскай сельскай бібліятэкі  “Марыя Магдаліна ў імператара Ціберыя”.

Напярэдадні Дня сям’і, 14 мая, плануецца сустрэча з начальнікам аддзела рознічнага бізнесу філіяла №620 ААТ “ААБ Беларусбанк” у Нясвіжы Ірынай Захарэвіч, а 21 мая, калі будзе на тое воля Божая, да нас завітаюць настаўніца і наведвальнікі нядзельнай школы пры Пакроўскім храме аграгарадка Лань, сям’я святара гэтага храма іерэя Васіля Кісяля. Наведвальнікаў клуба чакаюць  падарожжы і паломніцтвы, бліжэйшае з якіх — у Гомель, Карму і Тураў — запланавана на 30-31 мая. Пачатак пасяджэнняў — у 13 гадзін. Мы будзем рады ўсім жадаючым.

А яшчэ ёсць спадзяванне, што сыдуцца калі-небудзь “Лад” са “Згодаю” пад адным дахам, каб разам абмеркаваць справы жыццёвыя. Пад якім дахам, пытаеце? Спачатку ў бібліятэцы, затым у цэнтры дзіцячай творчасці, а пасля і да вас, сябры, завітаюць, у кожны дом. І няхай паселяцца яны там назаўсёды.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

бібліятэкар І катэгорыі Нясвіжскай цэнтральнай

раённай бібліятэкі

імя Паўлюка Пранузы, кіраўнік клуба “Згода”.

 

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!