Вось і завяршылася адно з важных мерапрыемстваў нашай краіны — 27-я Міжнародная спецыя-лізаваная выстава “Белагра-2017”. Яна была вельмі насычанай. Экспазіцыі з прадуктамі харчавання, новая тэхніка, племянная жывёла і птушка, саджанцы новых сартоў пладова-ягадных раслін прыцягвалі ўвагу наведвальнікаў.
Пры ўзнагароджанні пераможцаў конкурсу “Лепшы араты” ўдзельнікаў прывітаў і член Савета Рэспублікі, старшыня Беларускага аграпрамысловага саюза, кіраўнік СВК “Агракамбінат Сноў” Мікалай Радаман.
Адбылося ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў эфектыўнасці за мінулы год. Сярод абласцей пераможцай стала Брэсцкая. Сярод раёнаў адзначаны Камянецкі, Гомельскі, Гродзенскі, Дзяржынскі і Кіраўскі. Узнагароды атрымала 18 сельгаспрад-прыемстваў краіны. Сярод іх — і СВК “Гарадзея”. У Ганаровым дыпломе Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, які старшыні “Гарадзеі” Мікалаю Салаўю ўручыў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц, напісана: “За дасягненне высокіх паказчыкаў эфектыўнасці работы ў вобласці сельскай гаспадаркі за 2016 год сярод сельгас-арганізацый, якія маюць комплексы па адкорме буйной рагатай жывёлы”.
У конкурсе на лепшую племянную карову малочнай пароды-2017 ўдзельнічалі дзве прадстаўніцы дойнага статка Нясвіжчыны. Джаконда з МТФ “Новы Сноў” СВК “Агракамбінат Сноў” заняла першае месца сярод кароў першай лактацыі. Джаконда ацялілася ў сакавіку, дае зараз у сярэднім 43 літры малака ў суткі.
— Спаборнічаюць лепшыя ў малочнай справе, аднак ацэньваем не толькі прадуктыўнасць жывёлы. Як і на традыцыйным конкурсе, звяртаем увагу на знешні выгляд — склад і прыкметы экстэр’еру. Ацэньваем развіццё жывёлы, канечнасці. І самы галоўны крытэрый — ацэнка вымені, — патлумачыла старшыня журы, начальнік упраўлення па племянной справе галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацы жывёлагадоўлі і харчавання Мінсельгасхарчу Таццяна Сергіеня.
На выставе каля сваёй падапечнай знаходзіліся ў тыя дні аператар машыннага даення фермы “Новы Сноў” Алена Астроўская, аператар па штучным асемяненні кароў Андрэй Чаргейка і заатэхнік МТК “Сычы” Анастасія Роўда.
Карова Анфіса з МТФ “Наруцавічы” ААТ “Новае жыццё” заняла другое месца сярод сваіх апанентак трэцяй лактацыі. У суткі яна дае па 42,3 літра малака. Суправаджалі Анфісу на выставу памочнік загадчыка фермы Юлія Бяганская і ветфельчар Мікалай Татур, які і рабіў вывадку.
Дыпломы і кубкі, заваяваныя Джакондай і Анфісай, дабавіліся да многіх іншых узнагарод СВК “Агракамбінат Сноў” і ААТ “Новае жыццё”.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ
Здымкі прадастаўлены спецыялістамі СВК “Агракамбінат Сноў” і ААТ “Новае жыццё”