Несвіжане, думаю, памятаюць, як мінулым летам у гарадскім парку выступалі калектывы аматарскай творчасці раёна. Было вырашана прадоўжыць добрую традыцыю і сёлета. У мінулую нядзелю песенны сезон адкрылі самадзейныя артысты Астроўскага сельскага дома культуры. Вядучая, Святлана Майсейчык, яна ж дырэктар названай установы, шчырымі, добрымі словамі вітала прысутных, пажадала ўсяго самага лепшага і пазітыўнага. А выканаўцы ўвасобілі гэта ў песнях.
Цёплае летняе сонца, зялёная лістота дрэў стваралі асаблівую атмасферу ўтульнасці. Пад тэнтамі за столікамі сядзелі гледачы і слухалі ў выкананні вакальнай групы меладычныя песні: “Жаночая дружба”, “Бульбачка” і іншыя. Выкананне, дарэчы, зладжанае, прыгожа і звонка гучалі галасы. Перад кожным нумарам Святлана Майсейчык чытала пранікнёныя тэксты, тэматычныя і душэўныя, якія піша сама. Не забылася напомніць вядучая і пра Дзень медыцынскіх работнікаў, павіншавала іх са святам. А салістка калектыву Віялета Хваль, медсястра, выканала цудоўную песню.
Між іншым, сярод удзельнікаў самадзейнасці — людзі розных прафесій: настаўніца, інжынер і іншыя, працаўнікі сельскай гаспадаркі. Усіх аб’яднала любоў да песні і жаданне несці яе людзям, ствараць добры настрой. А ён у гледачоў павышаецца адразу, калі са сцэны льецца сардэчная мелодыя, накшталт “Рамонку белага” ці “Адна-класнікаў”. Слухачы розных узростаў, несвіжане і прыезджыя апладысментамі віталі астраўчан. Гараджанка Антаніна Санько так выказалася пра канцэрт:
— Вельмі падабаецца мне выступленне, галасы такія добрыя, асабліва спадабалася Марына Кунік з песняй “Рака любві”. І саліст Сяргей Шарапа цудоўна спявае. Добра, што ў парку бываюць такія канцэрты.
І сапраўды, чаму б і не паслухаць лірычны ці жартоўны твор, парадавацца за артыстаў. Падпяваць ім, дзякаваць апладысментамі. Каб цяплом сагрэліся душы, каб было весела і слаўна. Песня заўсёды застаецца з чалавекам, з ёю і работа спорыцца, і жывецца лёгка.
У наступную нядзелю сваіх прыхільнікаў у парк запрашаюць удзельнікі калектываў аматарскай творчасці Салтанаўшчынскага і Слаўкаўскага сельскіх клубаў. Будзе прадстаўлена выстава народнай творчасці з удзелам членаў народнага клуба майстроў “Дыяменты Нясвіжскага краю” РЦК. Пачатак у 15 гадзін.
Раіса ХВІР,
г. Нясвіж.