Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 14 °C

Красуй, Беларусь!

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 2

victory_square

“Ёсць адна галоўная ўмова, пры якой мы назаўсёды     захаваем нашу Незалежнасць, калі гэта ідэя будзе жыць у сэрцах і душах нашых людзей. Калі кожны з нас будзе     сапраўдным грамадзянінам сваёй краіны — Грамадзянінам  з вялікай літары”.



Аляксандр ЛУКАШЭНКА,

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

Трэцяга ліпеня — Дзень вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікую Айчынную вайну — быў аб’яўлены Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Днём Рэспублікі) у выніку рэферэндуму  24 лістапада 1996 года. У нашым раёне за гэта свае галасы аддало 79,8 % тых жыхароў, хто ўдзельнічаў у  рэферэндуме.

І гэты крок быў лагічным. Бо іменна 3 ліпеня 1944 года, дзень вызвалення сталіцы Беларусі — Мінска — ад фашыстаў, з’явіўся важнейшай вехай, лёсавызначальнай  кропкай у гісторыі народа. Наша рэспубліка ў гады Вялікай Айчыннай вайны, самай жорсткай і кровапралітнай вайны ХХ стагоддзя, пацярпела як ні адна іншая краіна свету. Але, страціўшы кожнага трэцяга жыхара, разбураная, спаленая, яна, як птушка Фенікс, узнялася з попелу. Выстаяла. Выжыла. Перамагла. Таму святыя словы Свабода і Незалежнасць наймацней звязаны з Днём вызвалення ад фашысцкага гнёту.

План трэцяга рэйха па каланізацыі “Ост” і дырэктыва “Дванаццаць запаведзей паводзін немцаў  на Усходзе і іх абыходжанне з рускімі” здымалі з нямецкіх салдат і афіцэраў усялякую адказнасць за іх учынкі. Яны катавалі, забівалі, расстрэльвалі нашых людзей, вывозілі на катаржныя работы ў Германію.

За тры гады акупацыі нямецка-фашысцкія захопнікі нанеслі велізарныя страты і  народнай гаспадарцы Беларусі. Яны разбурылі 209 гарадоў, 9200 вёсак (637 вёсак было знішчана разам з жыхарамі), 10338 прамысловых аб’ектаў. Да моманту вызвалення ўцалела толькі 15 % даваенных фабрык і заводаў. Было разбурана 7 тысяч школ, 4738 бальніц і амбулаторый, разрабавана 5144 установы (інстытуты, навукова-даследчыя цэнтры, Акадэмія навук, музеі, тэатры, клубы, Палацы культуры). Сума матэрыяльных страт Беларусі склала  75 млрд. рублёў у цэнах 1941 года.  (Згодна з данымі, прыведзенымі ў кнізе “Памяць Беларусі”).

9060674m5a

Рэспубліка пачала адраджацца з руін, калі на захадзе, на франтах Вялікай Айчыннай, яшчэ ішлі баі, яшчэ гінулі нашы землякі пад Кенігсбергам, пры ўзяцці Варшавы і Берліна. Насельніцтва вызваленай тэрыторыі прыкладвала ўсе намаганні для аднаўлення вытворчасці, каб забяспечваць Чырвоную Армію тэхнікай, зброяй, тэкстыльнымі і швейнымі  вырабамі, прадуктамі харчавання. Усё было — для фронту.

З-за вайны эканоміка рэспублікі была адкінута на ўзровень 1928 года. І толькі дзякуючы велізарнаму патрыятызму, гераізму, самаадданасці, згуртаванасці людзей, Беларусь аднавілася, адбудавалася і расквітнела. І гэта не проста высокія словы.

З-за палітычных, эканамічных і сацыяльных абставін, што склаліся ў СССР на канец 80-х гадоў, у ліпені 1990 года сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла Дэкларацыю “Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”. Людзі хацелі бачыць сябе грамадзянамі абноўленага  Саюза незалежных рэспублік. Аб гэтым яны заявілі падчас рэферэндуму ў сакавіку 1991 года. “Так” захаванню абноўленага Саюза сказала  82,6 % жыхароў СССР, у т.л. у     Нясвіжскім раёне — 85,8 % тых, што галасавалі. У жніўні 91-га гэтай Дэкларацыі быў нададзены статус Закона. А ў снежні 91-га наша вялікая, магутная дзяржава — СССР — перастала існаваць. Беларусь, разам з РСФСР і Украінай, выйшла са складу СССР. Гэта стала велізарным узрушэннем. Абрушыліся не толькі ідэалы і традыцыі.  Разарваліся гадамі ўсталяваныя эканамічныя сувязі. Рэспубліка Беларусь стала ў шэрагі паўнапраўных, самастойных дзяржаў, але разам з тым сутыкнулася з безліччу праблем, якія трэба было вырашаць.

Рыхтуючы гэты артыкул, я пачытала Нясвіжскую раённую газету “Чырвоны сцяг” тых гадоў. Вось што пісаў у нумары за 8 сакавіка 1991 года старшыня калгаса імя Калініна  Міхаіл Карчміт: “…Пасля красавіцкага (1985 года) Пленума ЦК КПСС, які ўзяў курс на перабудову, мінула амаль  шэсць гадоў. Цешылі сябе ілюзіяй шчасця, разлічвалі на хуткае правя-дзенне абнаўленчых працэсаў, ды затрымаліся на паўдарозе. Прынятыя ўказы не дзейнічаюць, на грані катастрофы апынулася эканоміка… Патрэбен неардынарны падыход да гаспадарання, які дазволіць праявіць уласную прадпрымальнасць”.

І ён, у будучым — Герой Беларусі, сапраўды ў той няпросты пераходны перыяд праявіў мудрасць і прадбачлівасць, умела ўклаў калгасныя грошы ў новую тэхніку, новыя тэхналогіі і вытворчасць. Міхаіл Карчміт і яго аднадумцы (а раёнам тады кіраваў Уладзімір Дражын) цвёрда, на ўсіх узроўнях абаранялі права  на існаванне буйных сельгаспрадпрыемстваў, як найбольш эфектыўных вытворцаў прадукцыі па навейшых тэхналогіях. Як доказ таму, агракамбінат “Сноў” стаў адным з лепшых гаспадарак у краіне. І сёння прадаўжальнікі яго справы ўпэўнена нарошчваюць вытворчасць высакаякаснай  прадукцыі, паляпшаюць эканамічныя паказчыкі. Упоравень са “Сновам” становяцца і іншыя сельгаспрадпрыемствы.

Я да чаго гэта ўсё? Часам чуеш незадаволенасць некаторых грамадзян, маўляў, дрэнна жывецца. Вось і хачу прапанаваць ім успомніць ліхія дзевяностыя — з чаго пачынала маладая незалежная Беларусь. У СССР яна з’яўлялася зборачным цэхам, яе прадпрыемствы залежалі ад саюзных. Рэспубліка імпартавала ў год 10 — 12 млн. тон нафты, 1-2 млн. т вугалю, а таксама чорныя, каляровыя і рэдказямельныя  металы. У 1985  г. каля 90 % патрэб у кармах з ліку збожжавых забяспечвалася на аснове імпарту гароху і сорга з Аргенціны, жыта і ячменю — з Канады і Францыі, кукурузы — з ЗША, аўса — са Швецыі. І грошы ў нас былі агульныя, савецкія. Так што ў спадчыну  суверэнная Беларусь атрымала  разбалансаванасць гаспадарчага  механізму, інфляцыю, развал.

Нарасталі, паглыблялі крызіс у палітыцы і эканоміцы супрацьстаянне розных палітычных груповак, стыхійнае спаўзанне да рынку, лібералізацыя цэн. Трэба было вучыцца карыстацца свабодай вытворчасці, працаваць у рынкавых умовах, праводзіць эканамічныя рэформы ў сель-скай гаспадарцы.

У пачатку 1992 г. цэны на нафту, газ і грузавыя перавозкі чыгункай выраслі ў 5 разоў, на маторнае і кацельнае паліва — у 4,8 раза, электраэнергію і цяпло — у 4, паслугі сувязі — у 3 разы, на ялавічыну — у 6,5 раза, свініну — у 7,6, бараніну — у 9,2, птушку — у 4,8, яйкі — у 2,7, каўбасу вараную — у 5,8, масла жывёльнае — у 5, хлебабулачныя вырабы, малако, смятану, кісламалочныя  прадукты, тварог — у 3 разы.

Усё гэта вяло да рэзкага па-дзення ўзроўню жыцця пераважнай большасці насельніцтва, росквіту ўзаконенай  спекуляцыі, ценявой эканомікі, росту злачыннасці. Памятаеце? Пустыя прылаўкі магазінаў, бясконцыя чэргі на набыццё тавараў, картачкі  спажыўца, купоны, спісы, талоны… І канфлікты, і бойкі з-за гэтага… Гумавыя боты немагчыма было купіць, бо за дзве іх пары з Польшчы можна было прывезці джынсавы касцюм. Нашы землякі вывозілі ў суседнюю краіну  ўсё, што там карысталася попытам, каб набыць тое, чаго не было тут. За 1991 год у Польшчы ў якасці карабейнікаў пабывала каля 2,5 тысячы жыхароў Нясвіжчыны.

Park_of_National_Library_of_Belarus

З-за недапаставак сыравіны з Расіі аб’ём прадукцыі, выпускаемай беларускімі  нафтаперапрацоўчымі  прад-прыемствамі, скарціўся за 8 месяцаў 1992 г. на 42 %.

У Нясвіжскім раёне  агульны аб’ём вытворчасці  прадукцыі за 9 месяцаў 1992 г. знізіўся ў параўнанні з  адпаведным  перыядам 91-га на 19 %. Тавараў народнага спажывання — на 45 %. У сельскай гаспадарцы прыбытак у 92-м годзе знізіўся ў параўнанні з папярэднім у 2 разы. З выдзеленых раёну 26,7 млн. рублёў за кошт бюджэту сродкаў на будаўніцтва аб’ектаў сацыяльнай інфра-структуры ў 1992 г. ён атрымаў за 10 месяцаў 6,3 млн. руб. — 23,5 %. Вытворчасць малака ў 1992 г. да ўзроўню 1990-га склала 71 %, да ўзроўню 91-га — 79 %. Рэалізацыя жывёлы і птушкі — адпаведна 81 і 89 %. У першым квартале 1993 года аб’ём валавой вытворчасці прамысловай прадукцыі ў раёне ў параўнанні з адпаведным перыядам 1992 г. упаў на 43 %.

З-за абмежаванасці грашовых рэсурсаў банкі скарацілі выдачу наяўных грошай, людзі не маглі  атрымаць зарплаты. Рабочыя заводаў арганізоўвалі забастоўкі. У маі 1992 г. была ўведзена ў абарачэнне першая нацыянальная  беларуская валюта. У першую чаргу ёю выдалі зарплату рабочым МАЗа і Гомсельмаша, каб папярэдзіць забастоўкі…

Беларусь пераадолела тыя цяжкасці. І абышлося, слава Богу, без ваенных дзеянняў, не як у Прыбалтыцы і Закаўказзі, дзе размаўлялі мовай зброі. Жыццё наладзілася. Наведзены масты палітычнага, эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва  з многімі дзяржавамі свету. Наша палітыка накіравана на забеспячэнне міру, дружалюбнае суіснаванне і з Усходам, і з Захадам. Беларусь ператварылася  ў развітую, сацыяльна арыентаваную краіну, з высокім тэхнічным і інтэлектуальным патэнцыялам.

Гаварыць аб добрых зменах, якія адбыліся за апошні час, можна зноў жа на прыкладзе нашага раёна. Давайце параўнаем вынікі работы ў цяжкім 1992 годзе з 2016 годам. Вытворчасць збожжа склала адпаведна 86,9 тысячы тон і 146,4 тыс. тон; цукровых буракоў — 44,2 тыс. т і 296,3 тыс. тон; малака — 44,5 тыс. т і 126,5 тыс. тон; мяса — 14,7 тыс. т і 41,9 тыс. т. Ураджайнасць збожжавых у 92-м годзе раўнялася 39 ц/га, у 2016-м — 56,8 ц/га (у больш спрыяльным 2015-м было 68,3 ц/га); ураджайнасць цукровых буракоў — адпаведна 198 і 520 ц/га. Надой малака на 1 карову — 3002 кг і 7491 кг. Вытворчасць цукру з 53 тысяч вырасла да 246,6 тысячы тон.

Можна параўнаць і аб’ёмы вытворчасці дзвюх мінулых пяцігодак. За 2011 — 2015 гг. збожжавых і зернебабовых атрымана на 193 тысячы тон больш, чым за 2005 — 2010 гг., цукровых буракоў — на 210 тысяч тон больш, малака — на 80 тысяч тон, мяса — на 55 тысяч тон. Вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі павялічылася на 23,3 %. За 2011 — 2015 гады аб’ём вытворчасці прамысловасці ў супастаўных цэнах вырас на 47,4 %, інвестыцыі ў асноўны капітал — на 37,8 %.

За 5 гадоў у раёне ўведзена 132,9 тысячы квадратных метраў жылля. Стрэлы будаўнічых кранаў у гарадскіх кварталах ці на вясковых вуліцах — неад’емны атрыбут сённяшняга дня. Вя-дзецца будаўніцтва — значыць, ёсць жыццё, добрае, дастойнае.

За 5 гадоў у наш невялікі аграрны раён прыцягнута 55,6 млн. долараў прамых замежных інвестыцый. На аснове інвестыцыйнага дагавора  беларуска-літоўскім сумесным прадпрыемствам “Крупіца” створана ЗАТ    “Аблрапсаграсэрвіс” па паглыбленай перапрацоўцы насення алейных культур, дзе створана больш за 100 рабочых месцаў. Дадатковыя вытворчыя магутнасці створаны СП ТАА  “Фармлэнд”, закуплена абсталяванне па перапрацоўцы плазмы крыві чалавека. У 2013 г. пачаў працаваць завод па вытворчасці фармацэўтычных вырабаў (замежнае прыватнае  вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “Мед-інтэр-пласт”).  Летась пабудавана сучаснае экспартаарыентаванае малакаперапрацоўчае прадпрыемства, дзе створана 86 рабочых месцаў.

За 2011 — 2015 гг. у раёне пабудавана 12 новых сучасных малочнатаварных ферм,  мадэрнізавана 8 з тых, што дзейнічалі.

За 5 гадоў адкрыты 152 новыя гандлёвыя аб’екты з гандлёвай  плошчай 5900 квадратных метраў, 24 аб’екты  грамадскага харчавання на 907 пасадачных месцаў. Уся гэта работа вялася і ў 2016-м, працягваецца і ў бягучым годзе.

Высокую культуру  вытворчасці нашых суб’ектаў гаспадарання, чысціню і парадак у населеных пунктах  адзначаюць усе госці Нясвіжчыны. А хіба самі мы не любуемся прыгажосцю вялікіх і роўных палёў, дагледжанасцю пасеваў?! І ўжо не здзіўляемся, што высокапрадукцыйныя машыны гаспадараць там, дзе мы ў дзяцінстве і маладосці гнулі спіны разам з бацькамі, іншымі членамі сям’і, з матыкамі полючы калгасныя буракі і потым убіраючы іх уручную, рвучы лён, капаючы бульбу. Адышоў у нябыт разак — прылада для капання торфу. І не трэба ўжо  ўручную касіць траву, сушыць  сена, каб зімой пракарміць карову. Па-першае, тым, хто жывёлу трымае, гаспадарка дапаможа з кормам. Па-другое, тыя, хто не хоча ці не можа трымаць яе, спакойна  могуць набыць у магазінах ці аўталаўках патрэбныя прадукты.

Мінула чуць больш за чвэрць стагоддзя, як Рэспубліка Беларусь стала суверэннай дзяржавай. Гэта зусім  нямнога па гістарычных мерках, калі памятаць, які шлях ёй давялося  прайсці, што давялося пераадолець. Таму няма чаго грашыць, кажучы, што нам жывецца дрэнна. Думайце глабальней: хлеб на стале ёсць, бомбы-снарады на галаву не падаюць, людзі, як ва Украіне, на вайне не гінуць, не становяцца бежанцамі. Амаль у кожнай сям’і — уласны аўтамабіль. І на хуткасную швейцарскую электрычку, каб з Мінска да Гарадзеі даехаць, не заўсёды купіш   білет, хоць і даражэй ён больш чым у два разы, чым на звычайную. І наварочаныя гаджэты ў руках першакласнікаў, а то і малодшых дзяцей — не навіна. І мамачкі ў водпуску па доглядзе дзяцей могуць быць тры гады, а месца працы за імі захоўваецца. Шмат увагі надаецца навучанню і выхаванню падрастаючага пакалення, маладзёжным пытанням, выяўленню і развіццю талентаў. Хочаш — займайся навуковай працай і ўдзельнічай у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Хочаш — пры-свяці сябе музыцы, спевам, выяўленчаму ці прыкладному мастацтву, харэаграфіі… Укараненне здаровага ладу жыцця стала адным з прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі дзяржавы. І тры плавальныя басейны, шматлікія спартыўныя пляцоўкі і стадыёны ў нашым раёне — пацвярджэнне таму. Значную падтрымку дзяржавы атрымліваюць шматдзетныя сем’і. Нараджаюцца дзеці, растуць разумнымі, дапытлівымі. І моладзь наша энергічная, актыўная, крэатыўная. Значыць, у нас ёсць будучыня. Ды шмат у нас яшчэ іншага  станоўчага, пазітыўнага, пра што часам забываюць тыя, каму не даюць спакою “райские кущи” Захаду.

“Ой, як людзі ў Швецыі добра жывуць. Не тое, што ў нас”, — пачула неяк. Магчыма. Не спрачаюся. Бо мы не тапталіся па іх зямлі, прыйшоўшы з вайной, не палілі гарады, як рабілі шведы на чале са сваім каралём Карлам ХІІ падчас войнаў з Расіяй у ХVII-XVIII стст., а Беларусь служыла арэнай гэтых бітваў.

Як і падчас вайны Расіі з Францыяй у 1812 г., якая пакінула беларускія  вёскі і гарады разбуранымі, спаленымі, разрабаванымі, у выніку пасяўныя плошчы ў нас зменшыліся на 50 %, эпідэміі і голад абрынуліся на лю-дзей.

Перачытайце хаця б гісторыю Нясвіжа: як  шведы ў 1706 г. ператваралі горад у попел, як у 1812-м рускія войскі вывозілі з замка Радзівілаў маёмасць і каштоўнасці.

А падзелы Рэчы Паспалітай, а Першая сусветная і савецка-польская войны, калі беларускія  землі разрывалі на часткі! Аб гэтым вельмі ёмка і эмацыянальна сказаў  у 1992 годзе на саміце АБСЕ ў Празе тадышні міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Пётр Краўчанка: “Між молатам і накавальняй — між двума суседамі — іменна так у вельмі  абагульненай форме я б выразіў сутнасць, квінтэсенцыю нашай нацыянальнай  гісторыі. Так было ў канцы XVIII стагоддзя, калі ў вядомых гістарычных умовах беларускія землі ўвайшлі ў склад Расіі. Так было ў 1918 годзе ў Брэсце, калі тэрыторыю Беларусі  краілі, як хацелі, забыўшыся спытаць у народа, што ж хоча ён. Так было ў 1921 годзе, калі падпісваўся трагічны для  нас Рыжскі дагавор, які разарваў на дзве часткі амаль на 20 гадоў змучаную войнамі Беларусь, якая сцякала крывёю. Так было і ў студзені 1945 года ў Ялце, калі бязлітасная длань Сталіна, цяжка апусціўшыся на карту, маніпуліравала лёсам соцень тысяч беларусаў.

Нам надакучыла быць ценем вялікіх суседзяў, быць разменнай манетай у вялікай  еўрапейскай  палітычнай гульні. Вельмі  часта наш лёс вырашалі, не пытаючыся нас саміх. У далейшым гэтага не будзе!” (газета “СБ. Беларусь сегодня” за  16 мая 2017 г.).

Яшчэ адзін аспект. Тыя, што захапляюцца высокімі зарплатамі жыхароў краін Заходняй Еўропы, чамусьці не кажуць, якія там сродкі трацяцца на вучобу, на аплату камунальных паслуг. У Сусветны дзень без тытуню прачытала ў інтэрнэце цікавую інфармацыю пра штрафы, якія там устаноўлены за курэнне ў грамадскіх месцах. У Ірландыі — да 3 тысяч еўра, у Германіі — да тысячы, у Іспаніі — да 600 еўра. А ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах — больш за 270 тысяч долараў або турэмнае зняволенне ад двух гадоў… Як кажуць — без каментарыяў.

І не было там Чарнобыля. Катастрофа 1986 года прыпыніла дына-мічнае вытворча-эканамічнае, навукова-тэхнічнае і культурнае развіццё рэспублікі. А ўрон, нанесены эканоміцы Беларусі аварыяй на ЧАЭС, аказаўся велізарным: з гаспадарчага абароту давялося выключыць 20 % зямель; радыенуклідамі была забруджана 1/5 частка тэрыторыі рэспублікі, дзе жыло больш за 2 млн. чалавек; страты мелі памер 32 гадавых рэспубліканскіх бюджэтаў. Каб мінімізаваць наступствы аварыі, наша краіна дагэтуль траціць вялікія сродкі.

…Наш маленькі Нясвіж амаль з усіх бакоў прырастае новымі мікрараёнамі. І калі ў 1990 годзе ў горадзе пражывалі 13700 чалавек, то на 1.01.2017 г. — 15557. Прыцягальным цэнтрам для гараджан і жыхароў прыгарадаў стала новая царква Узнясення Гасподня, узведзеная  метадам народнай будоўлі за сродкі прыхаджан і проста нераўнадушных людзей, працоўных калектываў пры ўсямернай  падтрымцы райвыканкама. Прыгожы, велічны будынак стаў яшчэ адной жамчужынай у каралях архітэктурнага тварэння старажытнага горада.

У 2012 г. урачыста, з удзелам Прэзідэнта краіны А.Р. Лукашэнкі, быў адкрыты палацава-паркавы комплекс. У рэканструкцыю замка Радзівілаў сродкі ўклала дзяржава.  Сёння гэты аб’ект, наш горад у год наведваюць 400 тысяч турыстаў. Нам ёсць чым ганарыцца, ёсць пра што клапаціцца, мы закліканы ствараць імідж роднай краіны, быць яе патрыётамі.

Давайце проста жыць і радавацца  кожнаму дню. Гадаваць дзяцей, песціць унукаў. Займацца любімай работай і выконваць яе сумленна. Чытаць добрыя кнігі. Памятаць тых, каго ўжо няма разам з намі, але засталіся іх словы, справы, подзвігі, здзейсненыя дзеля нашага мірнага жыцця. Шанаваць традыцыі. І ганарыцца сваёй Бацькаўшчынай, бо яна ў нас адна.

Са святам!

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.  

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!