Ураджэнец Горацкага раёна Магілёўскай вобласці Віктар Драздоў (на фота) прыехаў на Нясвіжчыну ў маі 2012 года. Жонка Святлана Аляксандраўна размеркавалася на працу ў адкрытае акцыянернае таварыства “Лань-Нясвіж”, тут ёй далі пасаду заатэхніка-селекцыянера на малочнатаварнай ферме “Лань”. А Віктар Юр’евіч пайшоў працаваць вадзіцелем. Маючы сярэднюю спецыяльную адукацыю — ён закончыў Мар’інагорскі тэхнікум — завочна набыў яшчэ і вышэйшую, у Беларускай сельгасакадэміі, атрымаў спецыяльнасць інжынера-механіка. Але застаўся на ранейшай рабоце, водзіць грузавы аўтамабіль “ГАЗ-53”. У час пасяўной кампаніі падвозіць у поле і загружае ў сеялкі насенне збожжавых культур. У іншы час яго камандзіруюць у Мінск, Маладзечна… Дастаўляе ў гаспадарку запасныя часткі, сухое малако, іншыя грузы.
Калі прыходзіць жніво, садзіцца за руль збожжаўборачнага камбайна КЗС-1218, сёлета — ужо шосты сезон. Мы пацікавіліся, як рыхтаваў камбайн да жніва-2017.
— Рамонт быў сур’ёзны, — расказаў Віктар Юр’евіч. — Замяніў шківы барабана, клавішы саламатрэса, рамяні, падшыпнікі. Усё сам перабраў, перагледзеў.
— І як прайшла абкатка камбайна на першай культуры — азімай свірэпіцы?
— Свірэпіцай я задаволены. Не думаў нават, што яна будзе так добра сыпаць. Вільготнасць насення была 12—15 працэнтаў — тое, што трэба. Поле ў 9 гектараў мы з Раманам Цвірко абмалацілі за чатыры з палавінай гадзіны.
Ураджайнасць насення азімай свірэпіцы нядрэнная, як падкрэсліў галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Купрэвіч. З гектара яго выйшла па 23,1 цэнтнера. Будзе чым засяваць азімы клін пад ураджай 2018 года.
Як паведамілі нам у дыспетчарскай акцыянернага таварыства, сёлета на корм жывёле нарыхтавалі з азімай свірэпіцы 291 тону сіласу ў поліэтыленавай плёнцы, а з сумесі свірэпіцы і жыта — 274 тоны сіласу і 203 тоны сенажу ў плёнцы.
Другой культурай, на якую збіраюцца хутка выходзіць камбайнеры, — азімы ячмень. Яго трэба ўбраць 92 гектары. На ўборку выйдуць усе 12 камбайнаў. Сярод іх — і машына Віктара Драздова, які знайшоў сваё месца на ланскай зямлі. Ён задаволены калектывам, умовамі пражывання.
— Спачатку, калі прыехалі працаваць у ААТ “Лань-Нясвіж”, нам выдзелілі 1-пакаёвую кватэру, — гаворыць наш суразмоўца. — Праз год і тры месяцы далі дом сядзібнага тыпу. У нашай сям’і дзве дачушкі. Адной 10 гадоў, другой — 1,5 года. Жонка знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем.
Родныя разумеюць, што ў іх мужа і таты наступіў вельмі адказны, напружаны сезон: уборка ўраджаю. Работа, якая прыносіць і матэрыяльны дастатак, і маральнае задавальненне.
І яшчэ пра адзін момант мы не маглі не пацікавіцца.
— Віктар Юр’евіч, на конкурсе “Уладар сяла”, што праходзіў нядаўна ў Лані, вас прызналі лепшым касцом сярод маладых мужчын. Дзе навучыліся гэтаму майстэрству?
— Я ўсё жыццё ў вёсцы пражыў. У цяжкія 90-я гады ў нас дома была вялікая гаспадарка (конь, карова), сенажаць. Даводзілася касіць. Абыходзіцца з касой умеў ужо ў 10 — 11 гадоў.
“НН”.