Такімі жыццесцвярджальнымі словамі закончыўся канцэрт у нядзелю ў парку. Перад несвіжанамі і гасцямі горада выступалі аматарскія калектывы Грыцкевіцкага і Карцэвіцкага сельскіх дамоў культуры.
Іх праграмы былі складзены з улікам розных жанраў: грамадзянская і любоўная лірыка, гумар, жарты. Што хачу адзначыць у першую чаргу: з кожным разам выступоўцы паказваюць узоры творчага росту, выканаўчага майстэрства, дзякуючы добрым вакалам і цікавым сцэнарыям. У прыватнасці, пры Грыцкевіцкім СДК створаны ансамбль песні “Суседзі”, у выкананні якога прагучалі душэўныя песні “Ой, сад”, “Цераз рэчаньку”, “Рабіна” ды іншыя. Парадавалі гледачоў і салісты Таццяна Шарамет, Ілья Антановіч, Юрый Кабяк.
Карцэвіцкія самадзейныя артысты маюць выдатныя галасы, такія, як у Карыны Шумейка, Галіны Молчан, Вікторыі Гадун. Адметны і прыемны факт, што ў СДК ёсць драмгурток, у якім удзельнічаюць і школьнікі: весялілі жартоўнымі сцэнкамі Вольга Каліноўская, Дзмітрый Бязушка, Вікторыя Іванова і Дзіяна Гегеня.
Цікавы і наступны момант — Галіна і Каця Молчан выканалі ўкраінскую песню “Адна каліна”, а дзяўчынка была апранута ў прыгожую сукенку-вышыванку. Унесла разнастайнасць у канцэртную праграму Ірына Крыварот, якая чытала гумарэскі “Мужыкі за рулём” і “Вінегрэт”.
Па рэакцыі слухачоў было відаць, што канцэрт ім падабаецца, ды і месцы ўсе былі занятыя ў “глядзельнай зале”. А прахожыя, несвіжане і госці нашага горада, фатаграфавалі артыстаў. Між іншым, і цёмнаскурыя турысты зрабілі здымкі на памяць, гэта значыць, што беларускіх выканаўцаў пабачаць і ў далёкім замежжы. І яшчэ адзін нюанс: як толькі закончыўся канцэрт, пляцоўка перад сцэнай апусцела. Значыць, людзі ішлі спецыяльна, каб паслухаць добрыя песні і жарты. Артыстаў чакаюць, а што можа быць лепш для іх.
У наступную нядзелю вас парадуюць аматарскія калектывы іншых сельскіх дамоў культуры.
Раіса ХВІР,
г. Нясвіж.