Музычная гама мае сем нот, а колькі можна стварыць мелодый ды песень, цяжка палічыць. Яны разыходзяцца сярод людзей, як каляровыя праменьчыкі вясёлкі, і радуюць нас. Таму і збіраюцца несвіжане і госці горада па нядзелях ля бетанаванай пляцоўкі ў парку, каб паслухаць чарговы канцэрт.
Прыемна адзначыць, што гэта ўжо стала добрай традыцыяй, і калі спазніліся, сядзячага месца вам не хопіць. І тады даводзіцца шукаць крэсла, прасіць у гаспадынь гандлёвай палаткі, тыя ахвотна ідуць насустрач.
Прыхільнікі самадзейнай творчасці гатовы слухаць музычныя творы, бо ведаюць, што атрымаюць эстэтычнае задавальненне, зарад весялосці і пазітыву. Апошнім і было прасякнута выступленне аматарскіх калектываў Ланскага і Затур’янскага сельскіх дамоў культуры. А песні гучалі знаёмыя і малавядомыя, бадзёрыя і лірычныя. Галоўнае — цудоўныя галасы, добрая падрыхтоўка, што, вядома, нельга не заўважыць. Падзяка выканаўцам— дружныя воплескі слухачоў, іх бурная рэакцыя, спевы разам. Не магу не прывесці ў прыклад сваю суседку Галіну Лісянкову, якая рэгулярна наведвае канцэрты, актыўна і горача рэагуе, чым, безумоўна, падтрымлівае выканаўцаў і радуе іх. Вось такое ўздзеянне выдатнага вакальнага таленту нашых артыстаў.
Быў прыемны момант, калі спявачкі з Затур’і павіншавалі мяне з днём нараджэння, які выпаў на мінулую нядзелю. З дапамогай дзяўчат-школьніц затур,янцы наладзілі і вясёлыя гульні, у якіх удзельнічалі ўсе жадаючыя. Было цікава, бо трэба было лепш за ўсіх апладзіраваць, свістаць, рагатаць, цалавацца з блізкімі. Пераможцы конкурсаў атрымалі падарункі: шакаладкі ды абаранкі. І мне адзін дастаўся.
Пад рытмічныя песні жадаючыя танцавалі, як пры выкананні Юрыем Гапановічам вядомага хіта “Я для цябе з крышталю збудую замак…” Захапіла ўсіх і энергічная “Ночка цёмная”, якую спяваў народны ансамбль песні “Лан- ская бяседа”. Атрымалі сваю долю апладысментаў і затур’янскія дзяўчаты Аксана Пяткевіч і Сняжана Лукша. Падтрымлівала артыстаў Вікторыя Сачук, якая сядзела з маленькай дачушкай за адным столікам з намі. Аказалася, што яна таксама ўдзельніца мастацкай самадзейнасці, спявае з дзяцінства, выступала са слаўкаўскімі артыстамі.
Ідэя з летнімі канцэртамі выдатная, бо падабаецца і патрэбна людзям.
Раіса ХВІР,
г. Нясвіж.