Такой была тэма трэнінгу абласнога аддзялення Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, які праходзіў у Мінску. У ім прымалі ўдзел валанцёры і работнікі раённых арганізацый БТЧК. З Нясвіжа асвойвалі актуальную тэму чатыры прадстаўнікі: Г.В. Шапавалава, С.М. Навоша, Г.Л. Бушмакіна і аўтар гэтых радкоў. Два дні мы спасцігалі тэарэтычныя і практычныя навыкі, як аказалася, даволі цікавыя і карысныя. На першы погляд, усім вядома, як трэба весці здаровы лад жыцця, але не ўсе мы выконваем яго патрабаванні. Таму выкладанне тэмы кампетэнтнымі людзьмі дае новы імпульс у барацьбе за ўласнае здароўе і даўгалецце. Пра гэтыя важныя аспекты нам даступна і цікава расказалі супрацоўнікі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Святлана Анацка і Таццяна Святловіч. Акцэнт быў зроблены на праекты “Прыцягненне сутаварыстваў у прапаганду здаровага ладу жыцця” і “Здаровае старэнне ў сямі сутаварыстваў Беларусі”.
Падрабязна разглядалася тэма неінфекцыйных захворванняў, у якія ўваходзяць цукровы дыябет, анкалогія і рэспіраторныя хваробы. Увага скіроўвалася на іх прафілактыку, фізічную актыўнасць, правільнае харчаванне, адмову ад шкодных звычак, такіх, як курэнне, алкаголь, празмернае ўжыванне тлустай і салодкай ежы. Для таго, каб умацаваць свой арганізм, неабходна змяніць паводзіны ў бок аздараўлення і пазбягаць фактараў рызыкі, ацаніць і вызначыць іх на ўласным прыкладзе. З гэтай мэтай праводзіліся практычныя заняткі па вызначэнні самаацэнкі, а таксама вымярэнне паказчыкаў росту, вагі і аб’ёму таліі, індэксу масы цела. Усё гэта дае магчымасць чалавеку зрабіць пэўныя вывады і пры неабходнасці скарэкціраваць свае даныя ў бок паляпшэння.
Удзельнікі трэнінгу дзяліліся вопытам здаровага ладу жыцця, прыводзілі цікавыя прыклады, вартыя ўвагі і пераймання. Былі практычныя заняткі, зарадка для разрадкі і добрага настрою. Вывады зроблены канкрэтныя, і некаторыя можна прывесці: дабіцца паляпшэння жыцця пад сілу кожнаму пажылому чалавеку, варта толькі пажадаць. І памятаць простыя правілы: больш рухацца, меней ужываць лякарстваў, знайсці прыемны занятак для душы, піць болей вады, дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу.
Веды, атрыманыя на трэнінгу, мы перададзім іншым пажылым людзям. Лічу, што такая актуальная тэма, як здаровы лад жыцця, цікавіць кожнага, хто клапоціцца пра сябе і марыць пражыць сто гадоў. Ну, ці дзевяноста. Усё ў нашых руках. Было б жаданне, а тады ўсё атрымаецца. Пры тым, што ёсць каму дапамагчы.
Дарэчы, падобны трэнінг з працягам разгляду важных жыццёвых тэм адбудзецца і восенню. А за цяперашнія заняткі заслугоўвае падзякі каардынатар валанцёрскіх праектаў Мінскай абласной арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа Юлія Кнацько, якая наладзіла нам добры быт і вырашала ўсе іншыя пытанні.
Раіса ХВІР,
г. Нясвіж.