НЕСВИЖ МИНСКОЙ ОБЛАСТИ УЛ СОВЕТСКАЯ Д 1 НЕСВИЖСКИЙ РАЙИСПОЛКОМ ПРЕДСЕДАТЕЛЮ КРУПКО И И =
УВАЖАЕМЫЙ ИВАН ИВАНОВИЧ
ВЫРАЖАЮ ВАМ ГЛУБОКУЮ ПРИЗНАТЕЛЬНОСТЬ ЗА ОКАЗАННУЮ КАЧЕСТВЕННУЮ И СВОЕВРЕМЕННУЮ ПОМОЩЬ В УБОРКЕ УРОЖАЯ ЗЕРНОВЫХ И ЗЕРНОБОБОВЫХ КУЛЬТУР В БОРИСОВСКОМ РАЙОНЕ ВЫСОКО ЦЕНЮ СЛОЖИВШИЕСЯ ДЕЛОВЫЕ И ДРУЖЕСКИЕ ОТНОШЕНИЯ И НАДЕЮСЬ НА ДАЛЬНЕЙШЕЕ ВЗАИМОВЫГОДНОЕ СОТРУДНИЧЕСТВО УСПЕХОВ ВАМ БЛАГОПОЛУЧИЯ И НОВЫХ ТРУДОВЫХ СВЕРШЕНИЙ = ПРЕДСЕДАТЕЛЬ БОРИСОВСКОГО РАЙИСПОЛКОМА В В МИРАНОВИЧ —
Вось такую тэлеграму атрымаў 23 жніўня старшыня нашага райвыканкама Іван Іванавіч Крупко ад свайго калегі з Барысаўскага раёна.
Справіўся сам — дапамажы іншаму. З такім дэвізам жыве і працуе кожны сумленны чалавек. Ну а калі справа датычыць лёсу хлеба — то гэта ўжо святы абавязак: прыйсці на дапамогу, выхапіць ураджай з поля, не даць упасці коласу, прасыпацца зярняткам, якія вырашчаны з вялікімі намаганнямі, з укладаннем значных фінансавых сродкаў і чалавечых сіл.
Як мы ўжо расказвалі, 13 жніўня ў Барысаўскі раён накіравалася 15 нашых збожжаўборачных камбайнаў. 14-га яны прыступілі там да работы ў пяці гаспадарках: ААТ “Зембінскі”, ААТ “БарысаўСаюзАгра”, ААТ “Міраполле”, ААТ “Аграфірма імя Суворава” і ААТ “Карсаковіцкі”. Дамоў вярнуліся 23 жніўня. Намалацілі на Барысаўшчыне 4773, 3 тоны збожжа.

У пятніцу старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко ўручыў Падзячныя пісьмы старшыні Барысаўскага
райвыканкама кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў
Нясвіжчыны, якія аказалі дапамогу ва ўборцы ўраджаю
збожжавых.
На здымку: падзячнае пісьмо атрымлівае дырэктар
ЗАТ “1 Мая” Анатоль Рудзяк
Мы распыталі камбайнераў, як прайшла працоўная вахта “ў чужых людзей”. “А я там ужо не чужы, — ус-міхаецца старшы камбайнер ААТ “17 Верасня” Валерый Каспяровіч. — Другі раз трапіў у “Зембінскі”. А ўсяго ўжо тры сезоны дапамагаў убіраць ураджай у Барысаўскім раёне. Сёлета мясцовыя жартавалі: маўляў, пакідай свой камбайн тут, на наступны год зноў прыедзеш”.
— Як вам працавалася?
— Як усюды. Ці дома, ці там — працаваць трэба добрасумленна. Канешне, ураджай там у параўнанні з нясвіжскім не такі вялікі. Я ўбраў 102 гектары, намалаціў 223,7 тоны збожжа.
— Якія бытавыя ўмовы былі створаны для прыезджых?
— Жылі мы ў паляўнічых до-міках, так што пасля работы і адпачывалася добра. Можна было прыняць душ, схадзіць у лазню. Засялілі нас разам з камбайнерамі з ААТ “Лань-Нясвіж” і “Нясвіжскія Астроўкі”. Кармілі снеданнем, абедам і вячэрай. З сабой давалі мінеральную ваду.
Хоць і стаяла часам спякота, але ж у кабіне камбайна — кандыцыянер. Так што гарачыня толькі спрыяла рабоце.
У камандзіроўку Валерый Валер’евіч ездзіў са сваім малодшым сынам Аляксандрам. У Сашы — летнія канікулы (ён пакуль — студэнт, будзе працаваць у будаўнічай сферы). Юнак два сезоны адпрацаваў памочнікам камбайнера ў адным экіпажы з бацькам. Дагэтуль памочнікам у Валерыя Каспяровіча быў старэйшы сын Сяргей. Ён закончыў Мар’інагорскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж, працуе цяпер загадчыкам майстэрняў у ЗАТ “1 Мая”.

Старшы камбайнер ААТ “17 Верасня”
Валерый Каспяровіч на працягу
трох сезонаў дапамагаў убіраць ураджай хлебаробам Барысаўскага раёна
Механізатарам у ААТ “17 Верасня” Валерый Каспяровіч — з 1995 года. За ім замацаваны пагрузчык ТО-30 і кормаўборачны камбайн “Палессе”.
А ў час жніва садзіцца за штурвал камбайна “Ліда-1300”. Гэта машына ў гаспадарцы — з 2001 года, самая старэйшая з 9-і камбайнаў, кажа Валерый Валер’евіч.
— Мая “Ліда” — маленькая і ўдаленькая, не падводзіць, — падкрэслівае наш суразмоўца. — Мы з ёй спрацаваліся, і другога камбайна не хачу. Вось цяпер рыхтую яго на зімовае захоўванне. Кампрэсарам выдзьмуў мякіну, пыл, загнаў на мыйку, прасушыў — і ў ангар…
Дарэчы, на вераснёўскіх палях Каспяровічы зжалі 65,4 га збажыны, намалацілі 452,3 тоны.
Да захоўвання рыхтуе ў гэтыя дні свой камбайн “GS 12” і мала ды камбайнер ААТ “Юшавічы” Ігар Есіс, які таксама вярнуўся з палеткаў Барысаўскага раёна. Ён дапамагаў убіраць ураджай у дзвюх гаспадарках. У ААТ “Міраполле” ўбраў 42,2 га, намалаціў 222,24 тоны. У ААТ “Аграфірма імя Суворава” зжаў 36,9 га, намалаціў 109,3 тоны збожжа. Памочнікам у яго, старэйшага камбайнера, быў Уладзімір Міхайлоўскі.
Механізатарам Ігар Есіс працуе 11-ы год, водзіць трактар МТЗ-82. А вось на збожжаўборачны камбайн сёлета сеў упершыню. Да ад’езду ў Барысаў на палях свайго акцыянернага таварыства іх экіпаж намалаціў 439,9 тоны зерня, убраўшы 94,1 гектара.
— Калі трэба будзе і ў наступным годзе дапамагчы іншаму раёну — паедзеце? — спыталі мы маладога камбайнера.
— З задавальненнем, — адказаў Ігар Есіс.
Наталля ЕРМАШЭНКА, Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ, Дзмітрый ЯШЧАНКА.
Смалявічы рыхтуюцца прыняць сёлета абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2017”. На абнаўленне іх з рэгіянальнага бюджэту выдзелена каля 6,5 млн. рублёў.
26 жніўня “Сельская газета” завяршыла публікацыю “П’едэсталу гонару жніва-2017”. У Мінскай вобласці машыніст збожжасушыльнага комплексу S-628 СВК “Агракамбінат Сноў” Сяргей Якавец з прасушанымі 12843 тонамі захаваў сваё лідарства сярод калег.
Раённыя дажынкі на Нясвіжчыне пройдуць у ААТ “Новае жыццё”. Аграгарадок Аношкі актыўна рыхтуецца да гэтага мерапрыемства: асфальтуюцца вуліцы, фарбуюцца будынкі, на вуліцах Камуністычнай і Цэнтральнай заменены бардзюры, пачышчаны сквер у цэнтры, каля помніка загінуўшым у Вялікую Айчынную вайну землякам і каля адміністрацыйнага будынка ўкладваюць новую плітку. Нададуць большай прыгажосці і новыя клумбы.