У мінулую пятніцу Нясвіжчыну наведалі ўдзельнікі IX Беларуска-Паморскага эканамічнага форуму, які прайшоў у рамках візіту дэлегацыі Паморскага ваяводства (Рэспубліка Польшча) у Мінскую вобласць.
Ён пачаўся ў чацвер у Мінаблвыканкаме, дзе падчас пленарнага пасяджэння адбылася прэзентацыя эканамічнага, інвестыцыйнага, прамысловага, турыстычнага і іншага патэнцыялу Мінскай вобласці. Таксама закраналіся тэмы ўзаемадзеяння прадпрыемстваў двух рэгіёнаў, у тым ліку і на знешнім рынку, супрацоўніцтва ў распрацоўцы і ўкараненні новых IT-тэхналогій і іншае. Польскія госці пазнаёміліся з Кітайска-беларускім індустрыяльным паркам «Вялікі камень» і СТАА «Хенкель баутэхнік». У Нясвіжы дэлегацыю Паморскага ваяводства сустрэла кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Іванам Крупко, пасля чаго госці пабывалі на экскурсіі па замку Радзівілаў, наведалі СП ТАА «Фармлэнд» і СВК «Агракамбінат Сноў».

Хлеб-соль ад нясвіжскай зямлі прымае кіраўнік польскай
дэлегацыі намеснік маршала Паморскага ваяводства
Крыштаф Травіцкі
Рэгіянальны Беларуска-Паморскі эканамічны форум праводзіцца па ініцыятыве Генеральнага консульства Беларусі ў Гданьску і кіраўніцтва Паморскага ваяводства. Яго асноўная мэта — садзейнічанне развіццю эканамічных сувязей паміж рэгіёнамі Беларусі і Польшчы. Першы падобны форум адбыўся ў польскім Вейхерове 10 гадоў таму — у 2007 годзе. У рамках Беларуска-Паморскага форуму было заключана сяброў-скае пагадненне — Слуцк і польскі Тчэў сталі гарадамі-пабрацімамі. На сённяшні дзень Польшча — адзін з асноўных гандлёва-эканамічных партнёраў Мінскай вобласці. Гэта краіна займае пятае месца па тавараабароце з нашым рэгіёнам, які экспартуе ў Польшчу калійныя ўгнаенні, хімічную прадукцыю, вырабы з дрэва, казеін.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.