Меню
Курс $  3.27 | €  3.51 | ₽100  3.58 |
Погода 4 °C

Шлях да прафесіі праз педклас

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 1

Пост опубликован: 29.09.2017

Скончыўшы дзевяць класаў, я стаяла перад выбарам: пайсці ў педагагічную групу профільнага класа і на паглыбленым узроўні вывучаць беларускую і англійскую мовы ці вучыцца ў звычайным базавым класе. Мне было цікава, ці можна знайсці новы пункт гледжання на прафесію педагога, і я выбрала першае. На шчасце, не памылілася і ні на хвіліну не пашкадавала.

Мы вучыліся разумець псіхалогію дзяцей і дарослых, планавалі стратэгію самаразвіцця, удзельнічалі ў мікрадаследаваннях, стваралі партфоліа. Факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педпрафесію” праводзіла настаўніца рускай мовы і літаратуры І. Р. Віннік. Яна стымулявала нас на ўдзел у мерапрыемствах, звязаных з педагогікай. У маім партфоліа з’явіліся дыпломы Міжнароднага Пушкінскага конкурсу дзіцячай творчасці “Мы рождены для вдохновенья…” за работу ў сааўтарстве з М. Бахурынскай і І. Брытвіч (г. Масква); фестывалю “Пушкінская восень” (г. Мілан), для якого я стварала малюнак па матывах пушкінскай творчасці, і іншае.



Вялікую ролю ў развіцці маіх творчых здольнасцей адыграла Сноўская дзіцячая школа мастацтваў. Упэўнена: атрыманыя навыкі спатрэбяцца мне як прадметніку і класнаму кіраўніку. Яшчэ адным нашым выкладчыкам была псіхолаг Ю. В. Юруць. Гэта быў цікавы вопыт, у тым ліку міжасабовых зносін.

Неаднаразова наведвалі мы БарДУ і БДПУ імя Максіма Танка, дзе сталі ўдзельнікамі рэспубліканскай студэнцкай канферэнцыі, на якой выступілі з дакладамі вучні нашай школы, для нас правялі майстар-клас па стварэнні ментальных карт. Мы ацэньвалі даследчыя работы на школьных канферэнцыях, правяралі сшыткі, праводзілі ўрокі. Двойчы давалі майстар-клас у раённай школе эфектыўнага педагагічнага вопыту для намеснікаў дырэктараў школ, якія высока ацанілі такія прыёмы, як апытванне з канструктарам “LEGO”, педагагічнае лато, сачыненне вершаў па перфакартах.

Кожны праведзены ўрок выклікаў усё большае жаданне быць настаўнікам. Я ніколі не задумвалася, як гэта нялёгка — утрымліваць увагу і старацца зацікавіць маленькіх школьнікаў, навучыць іх слухаць і чуць! Я зразумела, што ў рабоце з дзецьмі станоўчага намнога больш, чым адмоўнага.

Ёсць вялікія плюсы ў тым, што з’явіліся педкласы: яны дапамагаюць не толькі вызначыцца прафесійна, але і развівацца, адкрываць таленты. Выпускнікі пед-класаў вызваляюцца ад здачы ЦТ і паступаюць у педагагічныя ВНУ пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета школы амаль без уступных іспытаў — па выніках прэзентацыі сабранага за два гады партфоліа, распрацаванага праекта і гутаркіпа педагогіцы і псіхалогіі.

Атмасфера творчасці і ўзаемадзеяння, якая ўсталявалася ў нашай школе дзякуючы шаноўным настаўнікам, мудраму кіраўніцтву Галіны Васільеўны Радаман і яе намеснікаў, спрыяе таму, каб лічыць прафесію педагога прэстыжнай. У гэтым годзе педагагічныя спецыяльнасці абралі дзевяць маіх аднакласніц (а гэта амаль палова з паступіўшых у ВНУ!)

Хочацца пажадаць калектыву роднай школы і ўсім педагогам раёна плёну, цярпення, натхнення, а вучням — новых перамог. Вялікі дзякуй класным кіраўнікам Н. М. Сырыца і Г. М. Правальскай за падтрымку і веру ў нашы сілы. Не сумуйце без нас: чатыры гады праляцяць, і мы вернемся, сур’ёзныя, кампетэнтныя — вашымі новымі калегамі!

Бажэна БОРЫС,

выпускніца Сноўскай СШ,

студэнтка БДПУ імя Максіма Танка.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!