Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.47 |
Погода 6 °C

“Самае галоўнае багацце — мае вучні…”

Нясвіжскія навіны 7 лет назад 0 0

Пост опубликован: 29.09.2017

У кожнага чалавека сваё разуменне шчасця, па-свойму людзі расцэньваюць такія катэгорыі, як багацце, справядлівасць, шчырасць, мудрасць. На долю Яўгеніі Іванаўны Халецкай, настаўніцы з саракагадовым афіцыйным і пажыццёвым неафіцыйным стажам, шчасця выпала шмат. Нібы ў падарунак за перанесеныя пакуты ў гады ваеннага ліхалецця, яна атрымала добрую сям’ю, каханага мужа Георгія Афанасьевіча, дзвюх дачок, якія падаравалі бабулі і дзядулю трох цудоўных унукаў, а затым сям’я папоўнілася яшчэ і траімі праўнучкамі. Што да іншых катэгорый, то пачуццё справядлівасці, усведамленне ўласнай годнасці яна адчувала з  дзяцінства. Не любіла, калі пры ёй нехта крыўдзіў слабейшага, не давала ў крыўду і сябе. Яшчэ пяцігадовай дзяўчынкай пазбавіла суседскага хлопчыка зуба за тое, што той нядобра яе называў. Як нядзіўна, пасля яны пасябравалі. А хлопец, стаўшы дарослым грамадзянінам суседняй краіны, нават прывозіў ёй падарункі. Яўгенія, зноў-такі, у даўгу не засталася. Разам з мужам яны прымалі сябра дзяцінства ў сваім доме і таксама рыхтавалі для яго сям’і нешта цікавае і карыснае.



Калі цвёрдасць характару Яўгеніі дасталася ад бацькі, то шчырасць перайшла ў спадчыну ад мамы, якая ўсё сваё жыццё старалася ўсіх, хто прыходзіў у яе дом ці звяртаўся па дапамогу,  накарміць і абагрэць.

А мудрасць прыйшла з гадамі, багаццем для настаўніцы сталі яе  вучні.

Першым месцам працы Яўгеніі Іванаўны была  Даматканавіцкая сярэдняя школа. Гэта былі пяцідзясятыя гады. Яўгенія Іванаўна выкладала нямецкую мову, прыходзілася працаваць і ў групе падоўжанага дня. Многія хлопчыкі і дзяўчынкі не мелі ні  бацькі, ні маці. Яны чакалі не толькі тлумачэння матэрыялу, але і мацярынскай ці бацькоўскай ласкі. І настаўнікам прыходзілася быць не толькі настаўнікамі, але і бацькамі. Узнагародай стала памяць. Па сённяшні дзень многія выпускнікі Даматканавіцкай школы тэлефануюць Яўгеніі Іванаўне, віншуюць са святамі, дасылаюць лісты, прыязджаюць у госці.

— Калі перайшла на працу ў СШ № 3 у Нясвіжы, кожны год у мяне было класнае кіраўніцтва. З вучнямі я сябравала. Разам мы хадзілі ў паходы, на выставы, ездзілі ў тэатр. Нам вельмі пашанцавала, што ў школе працаваў Павел Кузьміч Прануза. У Нясвіжскім санаторыі часта адпачывалі вядомыя пісьменнікі, крытыкі, журналісты, з якімі Павел Кузьміч быў добра знаёмы. Ён запрашаў іх у школу і мы арганізоўвалі сустрэчы, чыталі творы. Нашымі гасцямі былі Іван Шамякін, Кузьма Чорны, Пятрусь Броўка, Янка Брыль і многія іншыя, — гаворыць Яўгенія Іванаўна.

У трэцяй школе Яўгенія Іванаўна пра-працавала дваццаць гадоў. Асабліва запомніўся ёй першы выпуск. У класе шмат дзяцей было з в. Рудаўка. У школу яны ездзілі на аўтобусе. І калі надаралася настаўніцы таксама пакарыстацца грамадскім транспартам, вучні  прапаноўвалі ёй адразу некалькі свабодных месцаў.

— Наша Яўгенія Іванаўна зайшла, са-ступіце месца, — чуліся па аўтобусе галасы не толькі саміх вучняў, але і бацькоў, — дзеліцца мая суразмоўца.

Яўгеніі Іванаўне было вельмі прыемна, што вучні і іх бацькі  ўспрымалі яе не толькі як настаўніцу, але і  як нейкага блізкага, свайго чалавека. Толькі такія паездкі здараліся рэдка, бо на працу разам з мужам Георгіем Афанасьевічам, настаўнікам матэматыкі,  яны хадзілі пешшу і амаль заўсёды ўдваіх. Калі-нікалі графікі не супадалі і цікаўныя суседзі пыталі: чаму вы адна, чаму вы адзін?

Разам яны пражылі пяцьдзясят дзевяць гадоў. Усё ў жыцці было: і нягоды, і радасці. Ды разам нават складаныя моманты перажываліся лягчэй. Сёлета, 11 сакавіка,  Яўгенія Іванаўна адзначыла свой 85-гадовы юбілей. Але радасць у гэтым годзе разбаўлена смуткам, бо гэта першы юбілей пасля замужжа, з якім яе не павіншуе каханы чалавек…

Я сяджу на маленькай, але вельмі ўтульнай кухні ў доме Халецкіх. Мне ўспамінаецца сам гаспадар, яго дасціпны гумар, хай сабе і ў адносінах да мяне. Але гумар у мяне таксама на месцы і я не крыўджуся.

На гэты раз  мы з Яўгеніяй Іванаўнай удваіх. Яна частуе мяне посным абедам: грыбным супам і аладкамі з грыбной начынкай, дзеліцца рэцэптам прыгатавання, насыпае мне ў торбачку сухія грыбы:

— Возьмеш з сабою. Цесць майго траюраднага пляменніка — ляснік. Кожны год яны дзеляцца са мной грыбамі.

— Траюраднага пляменніка? — перапытваю, бо дакладна ведаю, што цяпер нават родныя браты і сёстры не заўсёды паміж сабой ладзяць.

— А я з усімі добра жыву, — адказвае мая настаўніца.

На душы робіцца неяк па-асабліваму цёпла. Такое адчуванне было, як калісьці наведвала бацькоў. Зараз іх ужо няма на свеце. І ўпершыню за апошнія гады адчуваю, быццам я дома. Чамусьці захацелася заплакаць, але стрымалася. А Яўгенія Іванаўна ўспамінае сваіх вучняў,  гаворыць пра іх з такім гонарам, як быццам гэта яе родныя дзеці.

— Добрых вучняў было многа. Андрэя Лапшова і Сяргея Плаксу вучыла з чацвёртага па дзясяты класы. Пайшлі ў салдаты, адслужылі і неяк завіталі ў госці. Кажуць, па фізічнай працы засумавалі, можа, дапамога патрэбна? Але тады мы і самі спраўляліся, а таму з хлопцамі сталі гаварыць пра літаратуру. Аказваецца, яны ўсе прабелы ў гэтай навуцы ў арміі выправілі. Прачыталі “Вайну і мір” Льва Талстога і ўсяго Дастаеўскага. Сорамна, кажуць, было, што ў школе не заўсёды былі стараннымі.

Алег Сокал чытаць не любіў, але вельмі падабаліся яму вершы. Вучыў заўсёды болей, чым патрабавалася. Шмат ведаў твораў Ясеніна, Севяраніна. Ён на “Крыніцы” зараз працуе, на адной вуліцы жыве. Пры сустрэчы заўсёды пытае, ці патрэбна дапамога.

Саша Семчанка грузчыкам працуе. Ключ яму ад хаты дала. Прыйдзе, па-глядзіць, ці ёсць жывая душа. У школе газету выпускаў. Пасля паступіў у Клецкае ПТВ, стаў плодаагароднікам. Гэтак хораша расаду вырошчвае, і мне заўсёды прынясе. І капусту, і памідоры.

Дзіма Клімушка ў ваенкамаце зараз працуе. За яго калісьці падзяку генерал мне прыслаў. Ён вучыўся ў Маскоўскім вышэйшым агульнавайсковым камандным вучылішчы. У падзяцы было напісана, што такога граматнага чалавека і з такім прыгожым почыркам аўтар падзякі не сустракаў ужо шмат гадоў.

Юра Доўнар прыйшоў у нашу школу ў дзявяты клас, раней вучыўся ў Слаўкаве. Вельмі старанны вучань быў. Сядзеў з Сяргеем Ульянавым. І зараз яны сябруюць. Ульянаў жыве ў Мажайску. Часта прыходзілі да нас. Ульянаў з гармонікам, Дзіма Клімушка. Калі мы паслабелі, горш сталі рухацца, Дзіма Клімушка і ваенком Андрэй Марозаў дапамагалі нам заўсёды. Ульянаў да мяне кожны раз  з мімозай прыходзіў. Любімыя яго кветкі. І маімі любімымі сталі. Доўнар закончыў Міжнародны эканамічны ўніверсітэт у Мінску, стаў прадпрымальнікам.  Заўсёды падтрымлівае, не забываецца. Дзіма Клімушка ў паралельным класе быў. Як пайшоў у адстаўку, адзін час не працаваў. Часта прыходзіў. Разводзілі літаратурныя гутаркі. Ён шмат рэдкіх кніг меў. У яго цудоўная сям’я. Дачка вучыцца ў БНТУ  — будзе архітэктарам-дызайнерам. Вельмі здольная дзяўчына…

Дзе толькі ні працуюць ці ні працавалі былыя вучні Яўгеніі Іванаўны! Настаўнікі, ваенныя, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, суддзі, дактары, рэктары, навукоўцы, хлебаробы, механізатары, грузчыкі і прадстаўнікі шмат яшчэ якіх розных    прафесій, але яны  памятаюць  пра сваю настаўніцу, заходзяць у госці і зноўку як бы трапляюць у школьныя гады, на ўрок літаратуры ці проста жыццёвы ўрок, бо на іх Яўгенія Іванаўна не сквапная, шчыра раздае назапашаныя за жыццё веды. Таленту навучаць іншых нельга навучыцца. Гэтым талентам адорвае толькі Бог, які даў гэтай жанчыне не толькі шчырую душу, але і здольнасць навучаць гэтай шчырасці іншых. Вучыцца ніколі не позна. І таму прыходзяць да сваёй настаўніцы, так і не стаўшыя былымі, вучні, каб павучыцца мудрасці.

— Неяк завітаў да мяне мой вучань, Валодзя Плакса. Раней яны жылі на нашай вуліцы, а затым перасяліліся на іншую. Тата не паспеў яму расказаць пра людзей, што раней тут жылі. Мы з ім да паловы дванаццатай ночы прагаварылі…

І я ведаю, што гэта не адзіны выпадак парушэння “школьнай дысцыпліны”. Многія вучні не чакалі свята, каб наведацца да настаўніцы і забыцца на час, які імкліва крочыць наперад.

За сваё жыццё Яўгенія Іванаўна прачытала тысячы літаратурных твораў. Сама ж не напісала ніводнага. Але, па яе словах,  калі яна ўспамінае мінулыя гады, нібы гартае вялікую аповесць жыцця. Галоўныя  героі ў ёй — хлопчыкі і дзяўчынкі, якія па-рознаму засвойвалі ўрокі мовы і літаратуры, назапашвалі веды па іншых навуках, вучыліся сябраваць, паважаць людзей, старэйшых за сябе па ўзросце, дапамагаць іншым, вучыліся жыць. Гэта аповесць не мае свайго завяршэння. Яна папаўняецца новымі старонкамі, а настаўніца працягвае жыць радасцямі і смуткамі сваіх вучняў, дае парады, навучае ці проста выслухоўвае. Гэты твор ніколі не будзе мець канцоўкі.  Хай сабе і парушае настаўніца законы літаратуразнаўства, але гэта жаданне яе герояў.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

г. Нясвіж.

Здымак  з фондаў  Нясвіжскага

гісторыка-краязнаўчага музея.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!