Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 11 °C

Два народы — адна гісторыя

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

DSC04618

Плённае супрацоўніцтва з нашай бліжэйшай суседкай Польшчай ужо трывала ўвайшло ў менталітэт несвіжан: гэтай восенню спаўняецца 25 гадоў з дня стварэння грамадскага аб’яднання “Несвіжане” ў Рэспубліцы Польшча (аб чым “НН” пісалі ў №82 ад 18.10), і ў канцы мінулага тыдня дэлегацыя яго прадстаўнікоў на чале са старшынёй Янушам Разанскім ізноў наведала наш горад.



Нагадаем, што ў ГА “Несвіжане” ўваходзяць грамадзяне Польшчы, выхадцы з Нясвіжскага раёна, якія ў 1939 годзе разам з роднымі пераехалі ў гэту краіну. Практычна штомесяц яны збіраюцца ў сваім офісе ў Варшаве для абмеркавання пытанняў, якія тычацца падтрымкі і развіцця сувязей з родным Нясвіжам.

У аб’яднанне ўваходзяць дзве паэтэсы — ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа Станіслава Вятр-Партыка, што жыве ў Тарнаве, і Вікторыя Жукевіч-Дзівота, якая воляй лёсу апынулася ў Свінавусці, што на беразе Балтыйскага мора. Гэтыя таленавітыя жанчыны сваімі вершамі праслаўляюць родны Нясвіж не толькі ў Польшчы, але і ў іншых краінах. Свае творы яны прэзентавалі і ў нашым гора-дзе, у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы. Так, у ліпені 2015 года тут адбылася прэзентацыя кнігі “Даніна памяці” Вікторыі Жукевіч-Дзівота, а ў маі 2016-га яна ж стала старшынёй журы і спонсарам краязнаўчага конкурсу “Нясвіж у асобах і падзеях”, які сумесна праводзілі цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы і ГА “Несвіжане”. У лютым мінулага года Вікторыя Жукевіч-Дзівота ўдзельнічала ў навукова-практычнай канферэнцыі “Лёсам з Нясвіжчынай. 1-я палова ХХ ст.”, прысвечанай людзям, якія нарадзіліся ў нашым краі і праславілі яго не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі, а ў жніўні — у рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай жыццю і дзейнасці Эдварда Вайніловіча, што праходзіла ў Нясвіжы, і яе выступленні былі высока ацэнены арганізатарамі. У чэрвені гэтага года ў інфармацыйна-выставачнай зале бібліятэкі адкрылася выстава, прысвечаная Станіславе Вятр-Партыка.

Штогод прадстаўнікі аб’яднання прыязджаюць у Нясвіж, каб наведаць магілы сваіх продкаў, пабачыцца з блізкімі і добрымі знаёмымі, сустрэцца з кіраўніцтвам раёна. Вось і на гэты раз першым пунктам у праграме іх візіту стала наведванне ў мінулую пятніцу цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы. Тут для іх была арганізавана змястоўная экскурсія па інфармацыйна-выставачнай зале “Гарады-партнёры Нясвіжа”, якую правяла бібліёграф Наталля Рыбакова (на фота). Госці пазнаёміліся з экспазіцыяй, прысвечанай супрацоўніцтву нашага горада з 21 горадам з 13 краін свету, з якіх 4 — польскія, а таксама са стэндам, прысвечаным ГА “Несвіжане”.

Пасля сустрэча і гутарка ў нефармальнай абстаноўцы з удзелам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксандра Кругліка працягнулася ў края-знаўчай зале бібліятэкі. У падарунак бібліятэцы польскія сябры перадалі некалькі сваіх кніг, на якіх аўтары пакінулі дароўныя подпісы.

На наступны дзень, у суботу, прадстаўнікі ГА “Несвіжане” сустрэ-ліся са старшынёй Нясвіжскага райвыканкама Іванам Крупко і яго намеснікам Аляксандрам Майсенем. Гутарка ішла аб перспектывах супрацоўніцтва паміж мясцовай уладай і аб’яднаннем. А яны, мяркуючы па тым, што ўжо зроблена, ёсць, і вельмі нядрэнныя. Так, на сродкі раённай улады і польскага боку быў праведзены рамонт польскага дома “Рэдута” ў Нясвіжы, дзе зараз сябры раённай арганізацыі ГА “Саюз палякаў на Беларусі” і госці з Польшчы могуць сустракацца ў больш камфортных умовах, чым раней, для жадаючых вывучаць польскую мову прадастаўлена вучэбная літаратура, а для тых, хто ўжо валодае ёю — добрыя кнігі, па запрашэнні актывістаў аб’яднання нясвіжскія школьнікі ў чэрвені гэтага года пабывалі ў Варшаве, дзе пазнаёміліся з яе славутасцямі і наведалі офіс ГА “Несвіжане”. Нельга без асаблівай удзячнасці ўзгадаць і ўклад польскіх сяброў у падтрымку таленавітай нясвіжскай моладзі — несвіжанка Яна Сцяпура, стыпендыят аб’яднання, зараз вучыцца на 3-м курсе Люблінскага ўніверсітэта на факультэце замежных моў.

Афіцыйная праграма знаходжання дэлегацыі прадстаўнікоў ГА “Несвіжане” ў Рэспубліцы Польшча завяршылася сустрэчай у суботу вечарам у абноўленым польскім доме “Рэдута”, на якую сабраліся і сябры раённай арганізацыі ГА “Саюз палякаў на Беларусі”. Падчас гэтага мерапрыемства і госці, і гаспадары дзяліліся ўспамінамі і разважаннямі, а таксама абмяркоўвалі планы далейшага супрацоўніцтва, аб выніках якога мы абавязкова працягнем расказваць на старонках “НН”.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ  

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!