Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 8 °C

З любоўю да абранай справы

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 2

Згадзіцеся, далёка не кожная ўстанова можа пахваліцца тым, што ў людзей, якія  толькі пераступілі яе парог, пачынае паляпшацца настрой і з’яўляецца прадчуванне сустрэчы з нечым вельмі добрым і мудрым, яшчэ  нязведаным і вельмі часта — прыемна нечаканым. Менавіта такія эмоцыі часта адчуваюць тыя, хто прыходзіць у цэнтральную раённую бібліятэку імя Паўлюка Пранузы, якая ўжо даўно стала адным з самых папулярных асяродкаў культуры, месцам, дзе Яе Вялікасць Кніга часта так удала суседнічае з выяўленчым, музычным і нават тэатральным мастацтвам, што ад гэтага суседства выйграюць усе, хто нераўнадушны да прыгожага ва ўсіх яго формах.



Аб тым, якім быў для гэтай установы адыходзячы год, і як калектыву бібліятэкі ўдаецца ўтрымліваць цікавасць чытачоў, наша гутарка з дырэктарам Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі  Людмілай ВІТКО.

— Людміла Іванаўна, якім для Вас і Вашага калектыву стаў адыходзячы год, чым запомніўся?

— Сапраўды, гэты год стаў для бібліятэк раёна асаблівым адразу па некалькіх прычынах. Па-першае, у 2017-м наша краіна адзначыла 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Таму, зразумела, шэраг мерапрыемстваў быў прымеркаваны менавіта да гэтай даты. Гэта, напрыклад, раённы фотаквэст «Ад мінулага да будучыні», прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, у якім прынялі  ўдзел 15 школ нашага раёна, краязнаўчая вандроўка «Свята трыумфу кнігі» з удзелам супрацоўніка Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры П.Н. Саўген. Шматлікія іншыя мерапрыемствы прайшлі і ва ўсіх іншых бібліятэках раёна, сярод іх — акцыя «Пазнай радасць чытання» ў Сноўскай сельскай бібліятэцы, віртуальная экскурсія «Светлыя лікі спадчыны» ў Гарадзейскай гарпасялковай бібліятэцы, краязнаўчы дайджэст «Прэпадобная Еўфрасіння Полацкая», разгорнутая кніжная выстава «Сусвет Францыска Скарыны» ў Лявонавіцкай сельскай бібліятэцы і многае іншае. Радуе і тое, што фонд цэнтральнай раённай бібліятэкі сёлета папоўніўся 21 томам факсімільнага выдання «Кніжная спадчына Францыска Скарыны», камплекты якога былі перададзены нам Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.  Зараз у нас поўны збор «Кніжнай спадчыны…», які прадстаўлены ў нашай краязнаўчай зале.

Па-другое, гэты год адзначыўся 135-годдзем з дня нараджэння вядомых беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Такую важную дату мы таксама не маглі не адлюстраваць у сваёй рабоце. Многім спадабалася гарадская акцыя  ў скверы ля фантана  «Ці ведаеце вы Купалу?», у якой прынялі ўдзел жыхары горада, выхаванцы летняга лагера «Эрудыт», навучэнцы школ горада. У цэнтральнай раённай бібліятэцы адбыліся літаратурныя чытанні «Пад сузор’ем Купалы і Коласа», у рамках якіх прайшоў конкурс юных чытальнікаў  «І не знікаць паэтам вечна» для вучняў 1 — 9 класаў школ горада.

Калі ж акінуць ацэньваючым позіркам усю нашу работу за год, то хочацца найперш адзначыць акцыі і мерапрыемствы, прысвечаныя  Дню беларускай мовы, а менавіта эрудыт-марафон пад назвай «Мая непаўторная родная мова», што прайшоў у дзіцячым аддзеле ўстановы для вучняў 6-7-х класаў СШ №1 г. Нясвіжа, «Агульнагарадскую беларускамоўную дыктоўку», у якой прынялі ўдзел 7 сталых чытачоў і 20 навучэнцаў Нясвіжскага каледжа імя Якуба Коласа, паэтычны дыліжанс «Жыві, наша мова!», на які сабраліся прыхільнікі роднай мовы розных узростаў, бібліятэчны квілт «Для мяне беларуская мова — гэта…».

Па-свойму цікавымі былі сустрэча «Парад прафесій», у якой удзельнічалі будучыя абітурыенты і прадстаўнікі прадпрыемстваў горада — Нясвіжскага хлебазавода і Нясвіжскага завода медпрэпаратаў, а таксама выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, гадзіна інфармацыі ў рамках калегіі педагогаў Мінскай вобласці «Нашы праекты ў дзеянні», пасяджэнне калегіі апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей «Досвед працы Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы». Прэзентацыя сямейнага клуба «Згода», ІІІ фэст паэзіі імя Паўлюка Пранузы «Голасам свайго пакалення», адкрыццё сумесна з Нясвіжскай дзіцячай школай мастацтваў міжрэгіянальнага мастацкага пленэру «Нясвіж. Без межаў», адкрыццё кніжна-ілюстрацыйнай экспазіцыі, прысвечанай жыццю і дзейнасці ганаровага грамадзяніна г. Нясвіжа, польскай паэткі Станіславы Вятр-Партыкі «Нясвіж у сэрцы і снах», гарадская акцыя, прымеркаваная да юбілею народнага паэта Беларусі Янкі Купалы «Купалаўскімі сцяжынкамі», гарадская акцыя «Слыннае імя  Сымона Буднага», прымеркаваная да 455-годдзя з дня выдання Сымонам Будным «Катэхізіса», гарадская гісторыка-выратавальная квэст-гульня «Тэрыторыя МНС», падрыхтаваная сумесна з Нясвіжскім РАНС, адкрыццё выставы рэпрадукцый рускага мастака С. Рэрыха «Святаслаў Рэрых. Святыя вяршыні»,  прэзентацыя календара, прысвечанага творчасці мастака-земляка з серыі «Маляўнічая Бацькаўшчына» «Ідыліі Хведара Вініцкага: свята календара».

— Сапраўды, уражвае ўжо адзін толькі пералік мерапрыемстваў, праведзеных бібліятэкай. І нельга не заўважыць, што вы шмат працуеце над выхаваннем цікавасці да кнігі і ў самых юных чытачоў. Раскажыце, калі ласка, крыху падрабязней, як яна арганізавана?

— Так, вялікую работу па прыцягненні да кнігі і чытання, па развіцці чытацкіх інтарэсаў дзяцей і падлеткаў праводзіць ад-дзел па працы з дзецьмі.

У мінулым годзе атрымаў старт праект «Бібліякроха» — сумесны праект бібліятэкі і ад-дзела адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама, мэтай якога з’яўляецца далучэнне да свету кнігі і чытання дзяцей дашкольнага ўзросту. Шмат цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў праводзіцца падчас школьных вакацый і не толькі. Гэта, напрыклад, «Вясёлая кніжная вясёлка дзяцінства» і «Шумець у бібліятэцы дазваляецца!» у рамках Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі, тэатралізаванае свята прысвячэння ў чытачы для вучняў 2-х класаў Нясвіжскай гімназіі «Бібліятэка, кніжка, я —  разам верныя сябры!», псіхолага-прававы дыялог «Падлетак падлетку ВОРАГ?» пры ўдзеле псіхолага Г.Л. Бушмакінай і псіхатэрапеўта Нясвіжскай ЦРБ Т.А. Аўсянікавай для навучэнцаў 7-х класаў СШ № 4 г. Нясвіжа» і Нясвіжскай гімназіі, трэнінг «Каб жыццё не мінула» з удзелам урача-інфекцыяніста Нясвіжскай ЦРБ А.І. Кірнажыцкай для навучэнцаў 8-х класаў СШ № 4 г. Нясвіжа, дыскусійны практыкум «Воля і закон» з удзелам інспектара ІСН, капітана міліцыі Д.П. Сінкевіча для навучэнцаў 8-х класаў СШ № 4 г. і СШ № 3 г. Нясвіжа.

Ведаючы, што юнае пакаленне цяпер не ўяўляе сабе жыцця без інтэрнэту, мы паклапаціліся аб тым, каб ісці ў нагу з часам: для забеспячэння ўсіх жадаючых дакладнай і аператыўнай інфармацыяй  створаны сайт, работа над якім вядзецца бесперапынна: яго структура ўвесь час пераглядаецца, інфармацыйнае напаўненне пашыраецца. Для нашых карыстальнікаў створаны групы ў сацыяльных сетках: Facebook — БиблиоNET, у ВКонтакте — Які чытае Нясвіж, у «Одноклассниках» — Бібліятэчная скарбонка. На сённяшні дзень камп’ютарызавана 95 % ад агульнай колькасці бібліятэк.

— Людміла Іванаўна, Вы чалавек вельмі творчы: пачаўшы сваю адукацыю ў Нясвіжскім (тады яшчэ педагагічным) каледжы і працягнуўшы яе ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, у выніку Вы закончылі яшчэ і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «рэжысура масавых святаў і відовішч». Мне здаецца, гэта асаблівым чынам адбіваецца на вашай рабоце — наша любімая многімі раённая бібліятэка зусім не асацыіруецца з цішынёй і спакоем…  

— Так, мы стараемся, каб формы працы з людзьмі былі шмат-граннымі і разнастайнымі, праводзім розныя мерапрыемствы: акцыі, квэсты, форумы, ток-шоу, чытацкія канферэнцыі, выставы, літаратурныя чытанні, рэалізуем праекты. Вось ужо на працягу 5 гадоў паспяхова праходзіць акцыя ў падтрымку кнігі і чытання «Бібліяноч», прымеркаваная да Дня бібліятэк — 15 верасня. Штогод удзел у ёй прымае каля 200 чалавек — дзеці, моладзь, падлеткі, людзі пажылога ўзросту, якія актыўна ўдзельнічаюць у пазнавальных і гульнявых праграмах і майстар-класах.

Ужо 4-ы год запар бібліятэка бярэ ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Лета з добрай кнігай», мэта якой — зрабіць кнігу верным сябрам дзяцей у перыяд летніх вакацый.  Падчас акцыі, якая праходзіць у скверы ля фантана,  арганізоўваюцца сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі, якія працуюць для дзяцей і моладзі, прэзентацыі кніг, аўтограф-сесіі, забаўляльна-пазнавальныя праграмы, флэш-мобы.

З 2015 года сумесна з гарадскім маладзёжным цэнтрам і грамадскім аб’яднаннем «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» арганізоўваецца  мала-дзёжны праект «Бібліятэчны бум», у рамках якога праходзяць  форум «Нясвіж, які чыт@е», ток-шоу, майстар-класы, «круглыя сталы» на тэму «Бібліятэка для маладых: традыцыі і інавацыі», квэсты і велаквэсты, раённыя фотаконкурсы «Сэлфі з любімай кнігай», «Злоўленыя за чытаннем» і многае іншае.

Актыўна вядзецца праца  ў кірунку эстэтычнага выхавання дзяцей і падлеткаў праз праект «АRТ-тэрыторыя», у рамках якога арганізоўваюцца сустрэчы з мастакамі, праводзяцца майстар-класы, мастацкія выставы.

Адмысловая  роля ў дзейнасці ўстановы адводзіцца духоўна-маральнаму станаўленню асобы. Для гэтага вось ужо 8 гадоў плённа працуе духоўна-асветніцкі цэнтр «Існасць» — сумесны праект дзяржаўных і грамадскіх арганізацый па духоўна-маральным выхаванні падлеткаў. У рамках праекта арганізавана нядзельная школа для дзяцей і дарослых, праводзяцца гадзіны духоўнасці, паломніцкія паездкі па святых месцах. Па выніках работы ў гэтым кірунку бібліятэка ўзнагароджана Граматай Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі Беларускай  праваслаўнай царквы. А ў I-м Рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання» наша бібліятэка стала  ўладальнікам ганаровага 3 месца.

Пры Ланскай сельскай бібліятэцы ў гэтым кірунку з 2015 года стаў працаваць праект «Добрае слова», у рамках якога працуе лялечны тэатр «Батлейка». Па выніках 2016 года Ланская сельская бібліятэка дзяржаўнай установы культуры «Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы» была прызнана лепшай у абласным конкурсе «Творчы Алімп Міншчыны».

У 2015 г.  цэнтральнай раённай бібліятэцы споўнілася 70 гадоў, і ў рамках юбілейных мерапрыемстваў ёй было прысвоена імя Паўлюка Пранузы. З гэтага часу штогод арганізоўваецца фэст імя гэтага вядомага беларускага паэта, ветэрана Вялікай айчыннай вайны, ганаровага грамадзяніна горада Нясвіжа.

Сёлета ў рамках Года навукі стартаваў новы праект «Геній», накіраваны на падтрымку творчага патэнцыялу падрастаючага пакалення. Прайшлі ток-шоу «Беларускія вынаходнікі», «Навуковыя дасягненні ХХІ стагоддзя», «Вядомыя навукоўцы Беларусі», парад даследчых прац «Юныя навукоўцы Нясвіжчыны», дзень прадметных віктарын «Разумнікі і разумніцы».  Падведзены вынікі раённага конкурсу «Вынаходнік.by».

Культурная дзейнасць бібліятэкі ахоплівае не толькі свой рэгіён, але і выходзіць на міжнародную арэну. З 2016 г. установа ажыццяўляе міжнароднае супрацоўніцтва з бібліятэкамі гарадоў-партнёраў Нясвіжа. Так, у той год былі  падпісаны дамовы пра супрацоўніцтва ў сферы бібліятэчнай справы з замежнымі калегамі ў горадзе Пулавы ( Польшча), г. Радвілішкіс (Літва), г. Аўцэ (Латвія), а сёлета — у г. Тарнаў (Польшча). Ужо ідзе работа над сумеснымі праектамі з бібліятэкамі г. Аўцэ і г. Радвілішкіс. У красавіку гэтага года ў рамках супрацоўніцтва паміж нашым раёнам і Радвілішкаўскім самакіраваннем (Літва), дэлегацыя Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы прыняла ўдзел у святкаванні юбілею бібліятэкі горада-партнёра.

З 21 па 24 верасня гэтага года праходзілі Дні Беларусі ў Латвіі, у г. Аўцэ. Супрацоўнікі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы ўвайшлі ў склад вялікай дэлегацыі Нясвіжскага раёна, прадставіўшы на свяце свой досвед працы з маленькім чытачом.

Цеснае супрацоўніцтва бібліятэка падтрымлівае з сябрамі грамадскага аб’яднання «Несвіжане» (Рэспубліка Польшча), якія актыўна бяруць удзел у мерапрыемствах, што праводзяцца ў бібліятэцы. Так, сёлета ў рамках Года навукі ў цэнтральнай бібліятэцы прайшла сумесная навукова-практычная канферэнцыя «Лёсам з Нясвіжчынай.1-я палова ХХ ст.», прысвечаная людзям, якія пакінулі значны след у гісторыі нашай краіны.

Апроч вышэйназваных маштабных мерапрыемстваў, ідзе работа над  наступнымі праектамі: «Экалагічная адукацыя — аснова трэцяга тысячагоддзя» — сумесны праект раённай бібліятэкі і Нясвіжскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, «На кніжных абшарах» — праект з раённай газетай «Нясвіжскія навіны», «Бібліятэчны дэсант» — з Нясвіжскім раённым камітэтам ГА «БРСМ», «Літаратурная спадчына Нясвіжчыны» — унутрыбібліятэчны праект па стварэнні мультымедыйных прэзентацый, прысвечаных пісьменнікам і паэтам Нясвіжчыны, «Асоба ў бібліятэчнай прафесіі» — стварэнне базы дадзеных пра бібліятэчных работнікаў, «Абарані сябе сам» — сумесны праект з супрацоўнікамі юрыдычнай кансультацыі, РАУС, псіхолагамі, «Адкрыты свет» — сумесны сацыяльны праект Нясвіжскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і бібліятэкі.

Са снежня гэтага года стартаваў новы сумесны праект раённай бібліятэкі, рэдакцыі газеты «Нясвіжскія навіны» і праграмы радыёвяшчання «Раніца Нясвіж-чыны», СШ №4 г. Нясвіжа — электронны часопіс  «Парады з вуснаў несвіжан».

— Вялікі дзякуй за змястоўны аповед, Людміла Іванаўна. Што б Вам хацелася сёння, напярэдадні Новага года, сказаць ці пажадаць нашым землякам — вашым чытачам?

— У першую чаргу хачу нагадаць, што бібліятэкі Нясвіжчыны — гэта не проста інфармацыйная тэрыторыя, гэта тэрыторыя культуры і добрых чалавечых стасункаў. І як бы ні змяняліся часы, галоўнай нашай задачай было і застаецца быць сучаснымі, камфортнымі, цікавымі, карыснымі і запатрабаванымі людзьмі.

Кіраўнік дзяржавы А.Р. Лукашэнка ў сваім Пасланні беларускаму народу і нацыянальнаму сходу 21 красавіка гэтага года адзначыў: «У  беларускага народа выдатная літаратура, музыка, жывапіс, архітэктура, якія нас сілкуюць і якімі мы захапляемся. Нам дарагая наша выразная мова, якую трэба берагчы, вывучаць, развіваць. Нам пакінута ў спадчыну гераічная гісторыя, якую неабходна памятаць і напаўняць новымі здзяйсненнямі, каб з годнасцю перадаць будучым пакаленням беларусаў».

І мы ўпэўнены, што менавіта бібліятэкі з’яўляюцца той злучальнай ніткай паміж мінуўшчынай, сучаснасцю і будучыняй, здольнай праз кнігі  перадаць эпоху, цывілізацыю і памяць, якія ў іх захоўваюцца. Няхай жа надыходзячы год стане для ўсіх нас годам новых цікавых адкрыццяў, новых прачытаных кніг, новых музычных твораў і новых спектакляў. Няхай нашы сэрцы будуць адкрытымі для ўсяго нязведанага і напоўненымі любоўю да жыцця, якое абавязкова адкажа нам узаемнасцю!

Гутарыла

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!