Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 8 °C

Несвіжане назаўсёды: ганаровыя грамадзяне горада

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Пост опубликован: 02.03.2018

(Заканчэнне. Пачатак у № 1, 3, 7, 9, 10, 13)

Яшчэ адна цікавая старонка ў спісе ганаровых грамадзян Нясвіжа — былыя кіраўнікі горада і раёна, людзі, ад якіх у свой час залежалі здабыткі Нясвіжчыны, яе сацыяльнае і эканамічнае жыццё, яе лёс і будучыня. Многія з іх і зараз яшчэ ў актыве краіны. Так склалася, што Нясвіжчына была і застаецца кадравай пляцоўкай для кіраўнікоў самага рознага ўзроўню.  Кім Фёдаравіч Сінічкін, Марыя Мікалаеўна Худая, Уладзімір  Несцеравіч Дражын, Леанід Фёдаравіч Крупец… Гэтыя людзі, безумоўна, заслужылі звання не толькі ганаровых несвіжан: Уладзімір Несцеравіч і Марыя Мікалаеўна — ганаровыя грамадзяне Міншчыны.



І краіна, і горад, і раён маюць сваё персанальнае імя, абмежаванае вызначаным часовым адрэзкам. Людзі, размаўляючы між сабой, часта ўжываюць выраз: “Гэта было пры Саветах…”, “А вось за польскім часам…”. На Нясвіжчыне таксама можна пачуць: “Гэта было пры Дражыне….”, “Гэта — пры Крупцу ўжо…”, радзей — “А вось пры Сінічкіну…”.

Леанід Фёдаравіч Крупец

 

Часовы адрэзак у чатырнаццаць гадоў  быў звязаны з Нясвіжчынай у кавалера двух ордэнаў Леніна і ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі Кіма Фёдаравіча Сінічкіна, якому званне ганаровага несвіжаніна было прысвоена ў 2002 годзе, і пра якога нядаўна ў “раёнцы” быў змешчаны вялікі артыкул. Кім Сінічкін узначальваў Нясвіжскі раённы камітэт КПБ з 1964 па 1976 год. Гэта пры ім былі пабудаваны райвыканкам і ўнівермаг, кінатэатр “Салют” і гасцініца, бальніца і аўтастанцыя. Мала хто ведае, што менавіта Кім Сінічкін быў тым чалавекам, які забяспечваў і адказваў за парадак у БССР падчас правядзення Алімпійскіх гульняў у 1980 годзе, — ён узначальваў у той час Галоўнае ўпраўленне кадраў Міністэрства ўнутраных спраў БССР. Памёр Кім Фёдаравіч у 2005 годзе ў Мінску.

Амаль у той жа перыяд, што і К.Ф.Сінічкін — з 1964 па 1975 год — выканаўчы камітэт Нясвіжскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных узначальваў яшчэ адзін ганаровы грамадзянін Нясвіжа 2002 года Уладзімір Пятровіч Гуль. Нарадзіўся Уладзімір Пятровіч у Міцькавічах больш ста гадоў таму — у 1914-м. Быў ён удзельнікам нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, да якой Нясвіжчына адно-сілася да 1939 года, яго арыштоўвалі, напярэдадні аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі трапіў у канцлагер Картуз-Бяроза. Затым — Вялікая Айчынная вайна, асобыя даручэнні на Курскай дузе і ў Саратаўскай вобласці,  ордэн Айчыннай вайны другой ступені. У пасляваенны час працаваў на розных пасадах у партыйных і савецкіх органах, быў узнагаро-джаны ордэнам “Знак Пашаны”. У 1991 годзе Уладзіміра Пятровіча не стала.

Малодшае пакаленне несвіжан наўрад ці ведае пра Уладзіміра Пятровіча, больш ведаюць, напэўна, яго дачку — Ніну Уладзіміраўну Ляпешка, таленавітага выкладчыка Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў, што навучыла іграць на фартэпіяна, спяваць і проста любіць музыку дзясяткі нясвіжскіх школьнікаў.

 

Пра справы наступных ганаровых грамадзян  Нясвіжа ўсім нам добра вядома, яны — нашы сучаснікі, іх часта можна бачыць на розных раённых мерапрыемствах, ды і проста сустрэць на вуліцах горада, у парку, у замку.

Васямнаццаць гадоў аддаў нясвіжскай зямлі Леанід Фёдаравіч Крупец, чатыры з якіх — ­у якасці старшыні райвыканкама. У 1999 годзе Леанід Фёдаравіч быў прызнаны “Чалавекам года Міншчыны” і да сённяшняга часу з’яўляецца адзіным чалавекам у рангу старшыні райвыканкама, каму было прысвоена гэта званне. Вядома, Леанід Фёдаравіч шмат зрабіў для горада і раёна, і яго праца высока ацэнена — медаль “За працоўныя заслугі” ён атрымаў яшчэ ў 2001 годзе, мае і іншыя ўзнагароды.

Але зусім не гэта галоўнае. Ніколі не перастану захапляцца, з якой вялікай пашанай, любоўю і чуллівасцю Леанід Фёдаравіч адносіцца да нясвіжскай зямлі! — на    той памятнай сустрэчы 3 ліпеня мінулага года я з усёй шчырасцю сказала яму пра гэта. Вось ужо каго ніколі не назавеш Іванам без роду і племені. Куды б ні заносіў яго лёс, ён заўсёды памятаў, дзе яго карані, яго роднае гняздо, яго вялікая Сям’я, і сувязь гэтая ніколі не парывалася. Калі Леанід Фёдаравіч быў старшынёй Мінскага аблвыканкама, многія кіраўнікі ведалі, што застаць яго ў выхадныя дні і вырашыць нейкія свае пытанні можна на Нясвіжчыне, у родных Макашах. А якія трапяткія адносіны да апошніх дзён былі ў яго да мамы — такой сыноўскай адданасці можна толькі пазайздросціць. І павучыцца.

Марыя Мікалаеўна Худая

Гэты год Прэзідэнт краіны абвясціў Годам малой радзімы. Асабіста для мяне і раней, і цяпер адзіная асацыяцыя і сімвал  — Леанід Фёдаравіч Крупец.

Ёсць людзі, якіх нельга  слухаць, ёсць тыя, каго можна не слухаць. А ёсць такія, якіх нельга не слухаць. Менавіта да такіх, на мой погляд, адносіцца Уладзімір Несцеравіч Дражын. Заўсёды хадзіла і хаджу, калі надараецца такая магчымасць, на ўсе мерапрыемствы з яго ўдзелам, бо, калі ён пачынае гаварыць, сваёй харызматычнасцю пакарае слухачоў. Дыпламат, упраўленец вышэйшага звяна, парламентарый. Дражын працаваў у Нясвіжскім раёне ў той складаны перыяд, які цяпер мы ўспамінаем як “ліхія дзевяностыя”. Музей-запаведнік ствараўся пры ім, адны з першых рэспубліканскіх Дажынак у 1998 годзе былі праведзены ў Нясвіжы пры Дражыне, а годам раней — свята беларускага пісьменства і друку.

Марыя Мікалаеўна Худая. Не памылюся,  калі скажу, што Худая для Нясвіжчыны — “имя нарицательное”. Узгадваю выбары ў Парламент 2004 года. Марыю Мікалаеўну ў той час я бачыла толькі на здымку ў раённай газеце. Памятаю, як на выбарчы ўчастак у пасёлку Ударным (было ў той дзень вельмі холадна, ветрана і сцюдзёна) прыйшоў старэнькі дзядуля з Маляўшчыны, з кійком-памагатым у руцэ, і на маё пытанне адказаў: “А як жа, як я не прыйду, каб прагаласаваць за Марыю?!”. Тады падумалася: “Што ж гэта за жанчына, што дзеля яе ў такую непагадзь за некалькі кіламетраў стары чалавек ідзе на выбарчы ўчастак?!”.

Кім Фёдаравіч Сінічкін

Уладзімір Несцеравіч Дражын

Пазнаёміліся мы пазней, і да сённяшняга дня Марыя Мікалаеўна, калі надараецца сустрэча, дае мне то тыя, то іншыя і прафесійныя, і жыццёвыя парады, а то і заўвагі слушныя робіць. І, да яе гонару, заўсёды — толькі “на вушка”. Хочацца дадаць, што ўсе жыхары дома, у якім я жыву, да сённяшняга дня ўдзячны Марыі Мікалаеўне за тое, што наш дом быў здадзены ў час і такім, якім мы хацелі яго бачыць. Яна ў 2001 годзе вельмі нам дапамагла, і, зразумела, што ўсе мы дружна галасавалі за яе на тых выбарах у 2004-м.

Вось і ўсё. Яны вельмі розныя — нашы ганаровыя несвіжане. Не столькі іх прафесійныя якасці і дасягненні,  колькі нераўнадушны характар і чалавечыя рысы мне хацелася паказаць. Бо ў першую чаргу яны людзі, што жылі і жывуць сярод такіх жа людзей. Людзі, без спраў якіх гісторыя Нясвіжчыны была б бяднейшай. Так, іх месцы маглі б займаць іншыя. Магчыма, у чымсьці хтосьці з іх памыляўся ці памыляецца. Пагадзіцеся, не бывае, каб кожны крок чалавека ў жыцці быў адзіна правільным. Але ж відаць, якога ўзроўню шчырая руплівасць, жаданне прыносіць карысць кіравала і кіруе кожным з іх. Часам нават здзіўляешся, як ім хапала і хапае на ўсё сіл?!. Сіл нястомна працаваць, бачыць усю карціну сацыяльнага, эканамічнага, вытворчага развіцця, сіл, каб ацэньваць перспектыву, разумна вызначаць тактычныя задачы. На ўсіх іх была адказнасць за раён — няхай сабе і ў розных праявах і розных фарматах. Яна і застаецца на многія наступныя гады. Маральная адказнасць за Нясвіжчыну.

Уладзімір Пятровіч Гуль

Ірына ЦІХОНКА,

начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Нясвіжскага райвыканкама.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!