Працаўнікі ААТ “Гарадзея” плануюць сёлета нарыхтаваць 21 тысячу тон сенажу, каля 40 тысяч тон сіласу, каля тысячы тон сена. Механізатары і вадзіцелі зараз шчыруюць на ўгоддзях шматгадовых траў, нарыхтоўваюць сянаж.
Ля фермы “Дубрава” адна сянажная траншэя закрыта.
— У ёй — 1020 тон, за два дні заклалі, — расказвае начальнік участка Алена Ламака, якая кантралюе ход работ, правярае вільготнасць сянажнай масы. — Вільготнасць складае 50 — 55 працэнтаў. Тое, што трэба.
Падчас нашага прыезду ў гаспадарку, у сераду пасля абеду, побач пачалі запаўняць другую траншэю, ёмістасцю 500 тон. Для гэтага загадзя вызначылі невялікі ўчастак шматгадовых траў, каб скасіць, правяліць і ўбраць іменна тую іх колькасць, якая патрэбна для дадзенай траншэі. Такі дакладны разлік — адзін са складнікаў высокай якасці будучага сенажу.
На 18-гектарным полі, недалёка ад фермы “Дубрава”, расла сумесь люцэрны з фестулоліумам. Механізатар Аляксандр Касмовіч яе скасіў. Яго калега Вячаслаў Галавацкі граблямі “Лайнер-1250” утварыў з правяленай травы валкі. Механізатар Мікалай Яшэня на ККС-3000 прыступіў да падбору і здрабнення масы. Яе ад комплексу адвозілі вадзіцелі Аляксандр Катовіч і Андрэй Касмовіч. На трамбоўцы сянажнай масы заняты Аляксандр Лісок на трактары “Амкадор”. Вопыт у яго ёсць — сем гадоў працуе на траншэях. Ведае: чым шчыльней утрамбуе масу, тым смачнейшы корм атрымаецца для жывёлы.
На касьбе траў заняты таксама Сяргей Івашка. Падбор і здрабненне даручаны яшчэ Сяргею Варвашэню і Максіму Ціхану.
— Першым укосам нам трэба ўбраць 974 гектары траў, — расказаў галоўны аграном ад-крытага акцыя-нернага таварыства Аляксандр Антончык. — Каб яны далі належны ўраджай, тройчы іх падкармілі ранняй вясной: каліем, фосфарам і азотам. Сістэму мінеральных угнаенняў для нас распрацавалі вучоныя Інстытута глебазнаўства і аграхіміі — зыходзячы з утрымання ў глебе гумусу, мікра- і макраэлементаў, кіслотнасці глебы. Сёлета мы перазалужылі 380 гектараў. З іх 100 заняў райграс аднагадовы, астатнія — сумесі фестулоліума і райграсу, яжы зборнай і райграсу. Жывёлы ў гаспадарцы шмат — амаль дзве галавы на гектар сельгасугоддзяў. Таму наша задача — нарасціць валавы збор траў, каб назапасіць дастаткова кармоў.
Галоўны эканаміст Валянціна Шарапа таксама прысутнічала на полі. Яна ўпэўнена, што павінна ўнікаць у такую важную справу, бо кармы — аснова жывёлагадоўлі, а прадукцыя гэтай галіны ў структуры выручкі гаспадаркі займае 80 %.
Па стане на раніцу 17 мая ў ААТ “Гарадзея” было скошана 210 га траў, убрана 170 га, закладзена 1395 тон сенажу, або на 1 умоўную галаву жывёлы — 0,72 цэнтнера кармавых адзінак (гэта трэці паказчык па раёне). У сярэднім гаспадаркі Нясвіжчыны нарыхтавалі па 0,53 ц к. адз. на 1 умоўную галаву жывёлы.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.
Фота Аксаны ГРОХ.