Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 10 °C

“Залатыя рукі” Алены Іванаўны

Нясвіжскія навіны 6 лет назад 0 0

Алена Дубініч каля сваёй выставы, прысвечанай Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, 3 ліпеня гэтага года

Жыхары Нясвіжскага раёна заўсёды славіліся імкненнем да прыгажосці і ўменнем ствараць гэту прыгажосць сваімі рукамі. Адна з майстрых, пра якіх кажуць, “залатыя рукі”  — удзельніца народнага клуба майстроў “Дыяменты Нясвіжскага краю”, член Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці — Алена Іванаўна Дубініч, якая жыве ў райцэнтры.



Ткацтвам і вышыўкай зацікавіла дзяўчынку маці, але аддацца захапленню цалкам Алена Іванаўна змагла толькі на заслужаным адпачынку. Зараз у яе творчай скарбонцы такія віды рукадзелля, як вышыўка ручнікоў, вязанне, бісерапляценне, ткацтва. Дарэчы, два яе шэдэўры —  сувенірныя ручнікі “Нясвіж” і  “Мінск” — запантэнтаваны ў нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці як прамысловыя ўзоры пад нумарамі 2752 і 3671.

Гонарам Алены Іванаўны з’яўляецца рукатворная работа — экспазіцыя на тэму рэспубліканскіх “Дажынак” з 1996 па 2013 год, дзе маляўніча і з высокім майстэрствам адлюстравана гісторыя фестывалю працаўнікоў вёскі. Экспазіцыя — 18 работ,  якія вышываліся шэсць гадоў амаль штодня, акрамя нядзелі (у адной з іх выкарыстаны ажно 33(!) колеры)  —  атрымала шмат станоўчых водгукаў на выстаўцы “Белагра-2017”, што пацвяр-джаецца граматай і падзячным лістом Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

Гаварыць пра таленты Алены Іванаўны можна доўга. Майстрыха дэманстравала свае шэдэўры на розных раённых, абласных і рэспубліканскіх святах і фестывалях: свяце горада Мінска, абласных  і рэспубліканскіх “Дажынках”, мерапрыемствах, прысвечаных Дню Перамогі і Дню вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Не абыходзяцца без яе работ і тэматычныя выставы ў раёне да Дня маці, Дня пажылых людзей, 8 Сакавіка, дзён сельскай культуры і іншыя. А ў мінулым годзе яе работам давялося пабываць на выставе майстроў народнай творчасці Нясвіжчыны ў горадзе Аўцэ (Латвія), дзе праходзілі Дні горада Нясвіжа.

На жаль, у апошнія гады Алену Іванаўну стаў падводзіць зрок, але, як член грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”, яна стала пераможцай абласнога фестывалю творчасці інвалідаў па зроку “Зімовая рапсодыя”  і лаўрэатам абласнога арт-фестывалю творчасці інвалідаў па зроку ГА “БелТІЗ” у намінацыі “дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” (2017 г.). У гэтым годзе наша зямлячка ў намінацыі “дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” атрымала дыплом удзельніцы рэспуб-ліканскага арт-фэсту “Фасоля”.

Сваё майстэрства Алена Іванаўна перадала ўнучкам Іаанне і Валерыі, якія таксама добра вышываюць.

— У Год роднай зямлі, —  кажа майстрыха, —  я пачала вышываць пейзаж майго дзяцінства: лужок пры хутары, на якім я нарадзілася, гэта непадалёк ад вёскі Сейлавічы,  на лузе — журавы. Канешне, на карціне абавязкова будуць васількі і залатое калоссе — сімвалы роднага краю і дарагой мне Нясвіжчыны.

Вольга МАРЧАНКА.

Фота Соф,і ЛЮБАНЕЦ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!