Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 9 °C

Незабыўная школьная пара… Што навеяла сустрэча аднакласнікаў праз 55 гадоў

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

Школьныя гады немагчыма забыць. І як прыемна пагутарыць з аднакласнікамі, расказаць аб сваім жыцці цяпер. У нас, выпускнікоў 1963 года, захавалася традыцыя: сустракацца ў лютым. Раней збіраліся ў Казлоўскай сярэдняй школе, якую заканчвалі, у яе старым будынку. Гэта была драўляная  пабудова, падмурак з часам асеў у зямлю. Дзеці вучыліся ў ім у дзве змены.



У новай школе таксама сустракаліся, хоць ужо і не вучыліся ў ёй. Па-добраму пазайздросцілі: якія прасторныя, светлыя класы, вучэбныя кабінеты. Наша аднакласніца Марыя Шафранская працавала ў той час піянерважатай, яна і правяла “экскурсію”. Але з-за малой колькасці вучняў гэта школа была пасля закрыта.

Асноўная колькасць нашых выпускнікоў  жыве ў г. Мінску. Мы з’язджаліся ўсе і праводзілі сустрэчу на кватэры ў аднакласніка. На апошняй сустрэчы прысутнічала  наша любімая настаўніца, класны кіраўнік Алена Уладзіміраўна Фурсевіч (у дзявоцтве — Сарока). Жыве яна ў Мінску з сынам, а летам — у Нясвіжы, у бацькоўскім доме. Вырошчвае розную гародніну, захапляецца кветкамі. І ні адной зялінкі пустазелля ў агародзе. Яна нават прадае памідоры на міні-рынку. Возіць гародніну  на веласіпедзе, на якім спрытна ездзіць, бо жыве каля бальніцы, а рынак — каля аўтастанцыі. Паважаная Алена Уладзіміраўна! І раней, і цяпер Вы з’яўляецеся прыкладам для сваіх вучняў. Дзякуй Вам вялікі!

Сёлета споўнілася 55 гадоў, як мы закончылі школу. Юбілей! У Год малой радзімы вырашылі сустрэцца ў Нясвіжы, таксама на кватэры. Арганізатарамі мерапрыемства былі Галіна Зяньковіч, Алена Радзівонава і аўтар гэтых радкоў. Алена Радзівонава абзваніла ўсіх, каго толькі можна было знайсці. Сабраліся не зімой, як раней, а летам, у той дзень, калі  атрымлівалі атэстаты — 24 чэрвеня. Не ўсе, на жаль, змаглі прысутнічаць, бо раз’ехаліся ў розныя бакі, як кажуць, па ўсім свеце: хто жыве ў расійскім Ангарску, хто ў Амерыцы, хто на  Віцебшчыне, хто ў Магілёве… Некаторых ужо няма ў жывых.

З некаторымі аднакласнікамі мы не бачыліся з дня заканчэння школы. Не маглі пазнаць адзін аднаго. Тады я сказала: “Ну што ж, давайце  будзем знаёміцца”. Віталіся, называлі імя — усё роўна безвынікова, і толькі калі называлі прозвішча, успаміналі, хто ёсць хто. Узгадвалі цікавыя, смешныя моманты са школьнага жыцця. Нас было два класы — “А” і “Б”. Сябравалі, абменьваліся кнігамі.

Перад сустрэчай дамовіліся прывезці школьныя фотаздымкі. Былі здымкі і з першага класа, калі вучыліся яшчэ ў Каменскай сямігадовай школе. Успомнілі ўсіх сваіх настаўнікаў і розныя прыгоды.

Седзячы за святочным сталом, спявалі школьныя песні: “Взвейтесь  кострами, синие ночи”, “Заправлены в планшеты…”, “Камчатка школьная”. Расказвалі пра цікавыя моманты са свайго жыцця. Асабліва цікавыя аповеды былі ў Аніссі Корсак. Сустрэча прайшла цудоўна. Шкада, што трэба было вяртацца дамоў: прыязджалі з Мінска, Клецка, Пагарэльцаў. Дарэчы, мы і не ведалі, што аднакласнік ужо некалькі гадоў жыве побач, у Пагарэльцах.

На развітанне мы абяцалі трымаць сувязь і сустракацца, калі будзе здароўе.

У Казлоўскай СШ вучыліся дзеці з самых розных вёсак, у тым  ліку з Еськавічаў, Гусакоў, Малаедаў, а таксама Жыліч Клецкага раёна. Большасць — з Каменкі (нас, камянчан, хадзіла  14 чалавек). Ісці ў Казлы было далёка, але весела. Веласіпедаў не было ні ў кога. Вясной яшчэ нічога, а зімой ішлі ў снезе па пояс. Разам з намі  таксама пешшу хадзіў з Каменкі ў Казлоўскую  школу наш настаўнік Міхаіл Васільевіч  Саленік. З Еськавіч прыходзіў Ананій Аляксандравіч Бурновіч, з Тарэек — Віталь Васільевіч Верамецкі.

М.В. Саленік выкладаў хімію, у хлопцаў — фізкультуру і ваенную справу, з’яўляўся нашым класным кіраўніком. (Дарэчы, з намі  вучылася яго родная сястра Вольга). Якія змястоўныя і цікавыя ўрокі былі ў Міхаіла Васільевіча! І ён ніколі не імкнуўся “падлавіць” вучня, каб паставіць таму дрэнную ад-знаку. А каб зразумець, хто не падрыхтаваўся, яму дастаткова было паглядзець на клас. Але ў наступны раз ён таго вучня выклікаў і мінулую тэму пытаўся  абавязкова. Класныя гадзіны ў нас праходзілі, як свята. Мы і хваляваліся, бо ведалі: спытае  пра адзнакі, і пазнавалі шмат  новага і цікавага. Міхаіл Васільевіч  быў і сур’ёзным, і любіў  пажартаваць. Памятаецца, як арганізаваў нам экскурсію на Са-лігорскі калійны камбінат, як мы пяшком ішлі да Клецка, рабілі прывалы, а адтуль ехалі чыгункай. Ён быў для нас і настаўнікам, і старэйшым сябрам. І пасля, калі ўжо не працаваў настаўнікам, а ўзначальваў калгас “Новае жыццё”, сустракаўся ў Казлоўскай школе са сваім класам.

Хочацца таксама назваць настаўнікаў Казлоў-скай СШ Уладзіміра Паўлавіча Аляксейчыка і Пятра Якімавіча  Якімчыка, нашу настаўніцу ў першым класе Каменскай сямігадовай школы Яніну Пятроўну Акулік, Марыю Пятроўну Завясніцкую, якая пазней  была ў нас там жа  класным кіраўніком.

Абодва нашы класы ў Казлоўскай СШ былі моцнымі. Многія выпускнікі паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы і з двух класаў выйшла 15 педагогаў. З часам хтосьці стаў дырэктарам школы, завучам, загадчыкам дзіцячага садка, настаўнікам вышэйшай  катэгорыі. Мікалай Наумовіч узначальваў Магілёўскі абласны аддзел народнай адукацыі, Ігар Барэйша стаў прафесарам права-знаўства, членам Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, выкладаў у БНТУ, не так даўно пайшоў на пенсію. Магчыма, мы так імкнуліся да ведаў таму, што нам пашанцавала на настаўнікаў, што іх прыклад служэння высакароднай справе быў перад вачыма.

Гэтыя сустрэчы хвалююць, падымаюць настрой. Мы пасля іх перазвоньваемся. Успаміны застаюцца надоўга.

Зінаіда ШЫМАНОВІЧ,

аг. Сноў.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!