Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 12 °C

«Каб прыйшлося зноў выбіраць жыццёвы шлях — я засталася б тут…» Гісторыя жыцця Тамары Уладзіміраўны Распатнюк

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

Тамару Уладзіміраўну Распатнюк  з вёскі Ужанка ў нашым раёне добра ведаюць. Людзі старэйшага  пакалення знаёмы асабіста, малодшага — па публікацыях у раённай газеце, бо пра яе пісалі не раз. Нястомная працаўніца,  актывістка, любячая дачка, жонка, маці, цяпер — і бабуля. Яна назаўсёды звязала свой лёс з роднай вёскай Ужанкай, што ў Гарадзейскім сельсавеце.

Яе мама, Марыя Вікенцьеўна  Анісава, працавала на МТФ “Ужанка” саўгаса “Свеклавічны” даяркай. Тамара ў яе была  адна, прытым з чатырох гадоў дзяўчынка засталася  без бацькі. Таму пасля заканчэння  11 класаў Тамара  вырашыла, што нікуды яна ад маці не  паедзе, трэба пачынаць працаваць, зарабляць грошы. І пайшла таксама даяркай на ферму. Завочна атрымала вышэйшую адукацыю ў Віцебскім  ветэрынарным інстытуце. Калі  закончыла вучобу, Тамару Уладзіміраўну прызначылі загадчыкам фермы, пазней — галоўным заатэхнікам. Узначальвала яна і прафсаюзны камітэт гаспадаркі, а ў 1984-м годзе стала яе партыйным лідарам.



Пасля яна была заатэхнікам па буйной рагатай жывёле ў райплемстанцыі, спецыялістам па  якасці на Нясвіжскім малаказаво-дзе.

У 1974 годзе Т.У. Распатнюк выбралі дэпутатам Мінскага абласнога Савета народных дэпутатаў. У 1975 г. — дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. У 1976 г. яна ўдзельнічала ў рабоце ХХV з’езда  КПСС у Маскве. А ў 1978 г. — у рабоце ХХVІ з’езда камсамола Беларусі.

Узнагароджана ордэнам Працоўнай Славы 3-й ступені, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета  БССР.

Цяпер, у пенсійным узросце, працягвае працаваць у сваім сельгаспрадпрыемстве — ДП “ЭБ “Свеклавічная”.

Сёння — наша інтэрв’ю з Т.У. РАСПАТНЮК.

Т.У. Распатнюк. 1980-я гады

— Тамара Уладзіміраўна, вы мелі высокія паказчыкі па надоях малака. Бралі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Які ў вас быў дэвіз?

— Быць лепшай! Малака надойваць болей. Любую справу, за якую б ні бралася, даводзіць да канца.

— Хто для вас служыў прыкладам?

— Я захаплялася Юліяй Друнінай. Паэзію наогул любіла, але яе творы — асабліва. Марыла набыць зборнік паэтэсы. Калі была на  ХХV з’ездзе КПСС у Маскве, у размове з журналістамі падзялілася  гэтай сваёй марай. І мне перадалі зборнік вершаў паэткі “Акопная зорка” з дароўным надпісам (Юліі Уладзіміраўны на з’ездзе не было). Я берагу гэту кніжачку.

Калі ж браць  нашы мясцовыя будні — вялікі ўплыў на  фарміраванне маёй асобы зрабіла  Лілія Іванаўна Маскалік, якая працавала  ў саўгасе сакратаром  партыйнай арганізацыі. Яна  старалася падысці да кожнага, пагутарць, падказаць, дапамагчы. Была такой энергічнай, завадатарам розных добрых спраў. Я старалася быць на яе падобнай. Асабліва гэта спатрэбілася, калі ўзначальвала прафсаюзны, а пасля — партыйны ка- мітэт сельгаспрадпрыемства.

— Хто вашы аднадумцы? З кім  лёгка было працаваць, пера-адольваць цяжкасці?

— Заатэхнік-селекцыянер нашага  саўгаса Зінаіда Фёдараўна  Сазончык, галоўны ветурач Марыя  Васільеўна Дражына. Былі на нашай  ферме “Ужанка” даярка На-дзея  Канстанцінаўна Карсека,  цялятніца Вера Сцяпанаўна Фідчук. Вельмі добрыя працаўніцы, акуратныя,  усё выконвалі як след. Сапраўды, яны былі адданыя сваёй справе. Калі ўспамінаеш пра іх — на душы  цяплее.

— Ці засталіся кнігі вашымі добрымі сябрамі? Што цяпер чытаеце?

— Духоўную літаратуру. Пра жыццё святых. Там жа размова ідзе пра неабходнасць больш любові  праяўляць да людзей. Кнігі вучаць дабрыні, узаемапаразуменню, узаемавыручцы. Іменна гэта я і цаню ў чалавеку.

— Ведаю, што вы пастаянна выпісваеце раённую газету. Якую перыёдыку яшчэ атрымліваеце?

— Так, “раёнка” ў нашай хаце  прапісалася даўно, яшчэ мама  некалі яе атрымлівала. Люблю чытаць, каб ведаць усе навіны Нясвіжчыны. Вось нядаўна з  задавальненнем прачытала пра Тамару Гаціла з Малева. Мы былі  знаёмы ў маладосці, часта сустракаліся на розных мерапрыемствах. Вы вельмі правільна робіце, што расказваеце пра такіх людзей. Трэба, каб маладыя ведалі пра тых, хто раней пісаў старонкі гісторыі роднага краю. Па-першае, гэта павага да старэйшага пакалення. Па-другое, яскравыя ўрокі  служэння Бацькаўшчыне. Я разумею: з развалам сацыялістычнай сістэмы свет моцна змяніўся. Па рэйках  рынкавых адносін мы прыйшлі да  жорсткасці, меркантыльнасці, глыбокага рацыяналізму і выгады. Некаторыя пра мінулае забываюць або ацэньваюць яго крытычна. Але мінулае не павінна адыходзіць у нябыт. Добра пра даную акалічнасць  сказаў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка напярэдадні Дня Кастрычніцкай  рэвалюцыі падчас сустрэчы з жыхарамі Жыткавіцкага  раёна, калі адкрывалі адноўлены  аўтамабільны мост праз Прыпяць: “Ніколі не  кідайце камянёў у сваю гісторыю.  Ніколі не ганьце таго, што было звязана з нашымі продкамі. Гэта ўсё было. І забываць нельга ні дрэннага, ні добрага. Тое, што  з блізкай адлегласці здаецца дрэнным, з далёкай бачыцца інакш”.

Тамара Распатнюк беражліва захоўвае фотаздымак з ХХVІ з’езда ЛКСМБ у Мінску. Ён вялікі, змешчаны ў цвёрдую чырвоную вокладку, на якую пазалотай занесены адпаведны надпіс.
Мы змяшчаем фрагмент здымка. Тамара Распатнюк — у другім радзе, крайняя злева.
У першым радзе другі справа — першы сакратар ЦК КПБ Пётр Міронавіч Машэраў. 1978 г.

Ну, і яшчэ выпісваю газету “Царкоўнае слова”.

— Якая падзея ў вашым жыцці  была самай памятнай?

— Вылучэнне ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. Была дэпутатам Гарадзейскага сельскага Савета, Мінскага абласнога Савета. І раптам мяне, простую даярку, у 25 гадоў выбралі ў Вярхоўны Савет. Гэта сапраўды была вельмі важная і адначасова  вельмі адказная падзея!

— Вы працягваеце працаваць…

— Працую кладаўшчыком. У нас ёсць млын, на яго дастаўляюць збожжа, а намолатую муку забіраюць і развозяць па фермах эксперыментальнай базы. Так што я працягваю клапаціцца пра жывёлу.

— Тамара Уладзіміраўна, не шкадуеце, што засталіся жыць і працаваць у вёсцы?

— Не. І каб прыйшлося зноў выбіраць жыццёвы шлях — я засталася б тут. Гэта не высокія словы, не пафас. У горад бы я не паехала.

Мая малая радзіма атаясамліваецца з пахам ліп, шапаценнем лісця клёнаў — дрэвы засталіся яшчэ на былой панскай сядзібе. Са старым дубам, на якім доўгі час вадзіліся буслы. Вецер зламаў старое дрэва, буслінае гняздо ўпала. Добрыя людзі перанеслі кола на ліпу, каб птушкі змаглі  пабудаваць сабе новае жытло. Але новае  месца яны нешта не ўпадабалі і змайстравалі гняздо на воданапорнай  вежы. Я люблю назіраць за буслянкай: як птушкі з выраю вяртаюцца, як рамантуюць  гняздо, як выседжваюць птушанят, як потым малыя становяцца  на крыло… Яны — як і нашы людзі: руплівыя, дамавітыя. Я сябе  не ўяўляю без гэтых сельскіх краявідаў.

Вёска ж наша апошнім часам вельмі змянілася. Ёсць вадаправод, газ, працуе інтэрнэт. А дамы ў людзей якія прыгожыя, агароджы каля іх! Вуліцы заасфальтаваны. Летам дзеці як высыплюць — хто на роліках катаецца, хто — на самакатах.

Заасфальтавана і дарога да фермы. Там няма старых будынкаў, усё абноўлена. Пабудаваны належныя сянажныя  і сіласныя траншэі. Чысціня,  парадак. Рэканструкцыя, будаўніцтва вядзецца і на астатніх фермах гаспадаркі. А жылля колькі будуецца! На  цэнтральнай сядзібе — у пасёлку Ударным — узнікла цэлая новая вуліца, Мінская. Гэта радуе.

Інтэрв’ю правяла

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота з архіва

Т.У. Распатнюк.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!