Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 13 °C

Маленькі Нясвіж стаў адным з цэнтраў дабрачыннасці ў Мінскай губерніі… Узгадваем старонкі Першай сусветнай вайны

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 1

Будаўніцтва чыгункі. 1915 г.

Насуперак разлікам даваенных стратэгаў, 1914 г., не прынёс перамогі ні аднаму з бакоў. Расійская армія вяла баі ва Усходняй Прусіі і Польшчы, страціўшы пры гэтым частку даваеннай тэрыторыі, што кампенсавалася поспехамі ў Галіцыі. Агульная працягласць лініі фронту складала каля 1200 км. Ужо было ясна, што трэба рыхтавацца да зацяжной вайны з усімі яе наступствамі, але гаварыць пра гэта ў голас было небяспечна. У лютым 1915 г. у жандарскай справаздачы адзначалася, што настаяцель Нясвіжскага касцёла Пётр Зялінскі дазваляе прыхаджанам падчас паста ўжываць мяса і малако, каб яны маглі лягчэй перанесці эпідэмію халеры, якая непазбежна выбухне вясной з-за наступстваў вайны. Гэтыя словы былі расцэнены як антыўрадавая агітацыя, і жандары пачалі пільна пры-глядацца да ксяндза. Маленькі Нясвіж стаў адным з цэнтраў дабрачыннасці ў Мінскай губерніі. Тут дзейнічаў цэлы шэраг арганізацый, якія ставілі сваёй мэтай дапамогу асобам, што пацярпелі ад вайны. У прыватнасці, “Нясвіжскі камітэт па аказанні дапамогі сем’ям запасных, прызваных на вайну” і “Нясвіжскі аддзел Расійскага таварыства Чырвонога Крыжа”. Абедзьве арганізацыі ўзначальваў князь Альбрыхт Радзівіл. Яго маці, Марыя Роза Радзівіл, была старшынёй “Хрысціянскага таварыства аказання дапамогі бедным Нясвіжа”. Існавалі і іншыя дабрачынныя аб’яднанні: “Нясвіжскае хрысціян-скае таварыства ўзаемнай дапамогі рамеснікаў “Папячэнне” (старшыня Баляслаў Грабоўскі), “Таварыства ўзаемнай дапамогі рамеснікаў Нясвіжа” (старшыня Пінхас Бамштэйн) і “Таварыства дапамогі бедным яўрэям” (старшыня Якаў Авінавецкі). Да збору ахвяраванняў далучаліся і іншыя арганізацыі. Так, 3 мая 1915 г. тэатральнай трупай Мінскага сельскагаспадарчага таварыства ў горадзе быў паказаны спектакль “Гайдучок” паводле рамана Генрыка Сянкевіча “Пан Валадыеўскі”. Касцюмы, “дакладна вытрыманыя ў стылі эпохі”, зрабілі ў майстэрні пані Вайзэ ў Нясвіжы. Увесь даход ад продажу білетаў прызначаўся на карысць польскага насельніцтва, якое пацярпела ад ваенных дзеянняў. А ўжо праз некалькі месяцаў дапамога спатрэбілася жыхарам беларускіх губерняў.



Летам 1915 г. расійскія войскі пацярпелі шэраг паражэнняў у Польшчы і былі вымушаны пакінуць Варшаву. 13 жніўня быў пакінуты Брэст, 21 жніўня — Гродна. Баявыя дзеянні перанесліся на тэрыторыю Беларусі. Тут у поўнай ступені праявілася непадрыхтаванасць імперыі да працяглай вайны. Не хапала артылерыі і снарадаў, адчуваўся дэфіцыт вінтовак і патронаў, слаба развітая транспартная сетка не спраўлялася з перавозкай жывой сілы і ваеннага рыштунку. У вярхах арміі панавала разгубленасць і няздольнасць вы-правіць сітуацыю. Салдаты і афіцэры пачалі масава здавацца ў палон.

Афіша спектакля “Гайдучок”, паказанага ў Нясвіжы. 1915 г.

Адступленне суправаджалася эвакуацыяй прадпрыемстваў, устаноў і прымусовым высяленнем мірнага насельніцтва. Перад  надыходам ворага павінны былі быць знішчаны ўсе матэрыяльныя каштоўнасці. Пагроза навісла і над нясвіжскім палацам, які павінны былі спаліць, каб не дастаўся непрыяцелю. Яго лёс вырашыла хадайніцтва графа Веляпольскага перад ваеннымі ўладамі аб захаванні замка. Па асабістым распараджэнні Вярхоўнага галоўнакамандуючага радзівілаўскі палац быў узяты пад ахову. У канцы жніўня пачалася эвакуацыя казённай і царкоўнай маёмасці, сем’яў дзяржаўных служачых з Нясвіжа і яго ваколіц. Настаўніцкая семінарыя была эвакуіравана ў Вязьму, нядаўна адкрытая жаночая гімназія – у Гжацк Смаленскай губерні. У Гарадзеі часова размясцілася паліцэйскае ўпраўленне Навагруд-скага павета (сам Навагрудак быў заняты немцамі). У далейшым планаваўся перавод усіх дзяржаўных устаноў у Мазыр, а калі б немцаў не ўдалося спыніць і там — у г. Каўроў Уладзімірскай губерні. Але да гэтага не дайшло. На тэрыторыях, што заставаліся пад кантролем улады, на патрэбы арміі рэквізавалі коней, жывёлу, харчаванне і фураж. Толькі за два тыдні, з 23 верасня да 8 кастрычніка 1915 г., у жыхароў Гарадзейскай воласці было забрана 767 коней, 276 галоў буйной рагатай жывёлы, 810 пудоў саломы, 401 пуд ячменю, 40 пудоў аўса, 55 вазоў, 88 камплектаў вупражы і 3 пуды вяровак. Трывожная атмасфера тых дзён перададзена ў летапісе Іаана-Прадцечынскай царквы сяла Блячын (цяпер в. Садовая Клецкага раёна), што недалёка ад Нясвіжа:

“26 жніўня. Лепшая царкоўная маёмасць адпраўлена ў Маскву.

28 жніўня. З’явіліся абозы бежанцаў. Адбываецца рэквізіцыя жывёлы.

8 верасня. Рухаецца маса войскаў, абозы і гурты жывёлы.

10 верасня. Пачулася гарматная кананада. Непрыяцель падышоў да р. Шчары і да Баранавічаў. Бесперапынна рухаюцца абозы і спыняюцца ў вёсках. З’явіўся нямецкі аэраплан, кружыў над сялом, выглядаў абозы.

11 верасня. Моцная гарматная кананада.

12 верасня. Страшная кананада. Прычты ўсіх навакольных цэркваў з’ехалі. Масы бежанцаў паўсюль пустошаць сады і агароды.

13 верасня. Непрыяцель спынены.

14 — 20 верасня. Кананада паступова сціхае. Насельніцтва страшэнна запалоханае, натоўпам ідзе да святара па параду. Ён увесь час ездзіць па вёсках, угаворваючы сялян супакоіцца і ўзяцца за працу.

21 верасня. Сяляне некалькі супакоіліся і пачалі капаць бульбу”.

Мабілізаваныя сяляне капаюць акопы. 1915 г.

Да кастрычніка 1915 г. нямецкае наступленне было спынена, фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск — Паставы — Смаргонь — Баранавічы — Пінск, якая заставалася нязменнай больш чым два гады. Перадавая лінія рускіх акопаў праходзіла за 40 км на захад ад Нясвіжа. Горад і ваколіцы былі перапоўнены войскамі. Тут размясціліся рэзервы, тылавыя аддзелы, склады, штабы, шпіталі і разнастайныя ўстановы. Акрамя таго, у сувязі са стратай Баранавіцкага чыгуначнага вузла,  пачалося спешнае будаўніцтва чыгункі Замір’е — Ганцавічы, якая праходзіла праз Хвоева, Сноў і далей ішла на Арду, Заляшаны, Сіняўку. На гэтыя работы мабілізоўвалі тысячы чалавек.

Напрыканцы 1915 г. Нясвіжчыну наведаў імператар Мікалай ІІ, які ўсклаў на сябе абавязкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага. 20 снежня імператарскі цягнік прыбыў на станцыю Замір’е. Адсюль Мікалай ІІ накіраваўся ў размяшчэнне войск, дзе агледзеў салдацкія зямлянкі і каштаваў ежу з агульнага катла. Пасля гэтага ён наведаў лазарэты Вялікай княгіні Марыі Паўлаўны і члена Дзяржаўнай Думы У. Пурышкевіча на станцыі Пагарэльцы. На ноч імператарскі цягнік адвялі ў Койданава. На наступны дзень Мікалай ІІ на аўтамабілі выехаў на пазіцыі Грэнадзёрскага корпуса. Дарога ішла праз вёскі Студзёнкі, Хвоева, Ліхасельцы і Чэрніхава, дзе цара сустракала мясцовае насельніцтва. Афіцыйныя выданні апісвалі энтузіязм сялян, якія з радасцю віталі манарха. Ва ўспамінах сведкаў падзеі вы-глядаюць больш празаічна. Пісьменнік К. Паустоўскі, які ў гэты час служыў у Замір’і, згадваў: “На Заходні фронт прыязджаў Мікалай ІІ. Да яго прыезду было загадана прывесці сяло ў парадак. Гэта праявілася ў тым, што з лесу прывезлі шмат елак і замаскіравалі імі самыя лядашчыя хаціны”.

З кастрычніка 1915 да лютага 1918 г. Нясвіжчына жыла прыфрантавым жыццём. Масы бежанцаў, вайскоўцаў і цывільных служачых, шпіталі і вайсковыя могілкі, артылерыйскія абстрэлы і авіяцыйныя налёты былі нязменнымі складнікамі гэтага асаблівага жыцця, да якога з часам прывыклі, як прывыкае чалавек да любых, нават самых нечаканых перамен.

Андрэй БЛІНЕЦ,

старшы навуковы

супрацоўнік Нацыянальнага

гісторыка-культурнага

музея-запаведніка “Нясвіж”.

(Працяг тэмы будзе).

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!