Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 10 °C

Бацькі і дзеці: прычыны і вынікі

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

На пасяджэнні раённай камісіі па справах непаўналетніх, што адбылася ў канцы лістапада, было разгледжана 8 выпадкаў парушэння заканадаўства. Два першыя былі звязаны з узбуджэннем крымінальных спраў у адносінах да 17-гадовых жыхароў раёна, заўважаных  у крадзяжах.

Першы з іх — жыхар в. Малева, навучэнец Капыльскага дзяржаўнага каледжа — раней ужо быў асуджаны за хуліганства. У гэтым накірунку з ім вялася прафілактычная работа, але хлопец усё ж такі не змог жыць спакойна — скраў каўпакі з калёс і фірменныя значкі з суседскай машыны. Камісія вынесла пастанаўленне аб прыняцці дадатковых мер па правядзенні з ім індывідуальнай прафілактычнай работы, ён пастаянна будзе знаходзіцца пад кантролем міліцыі, асабліва на канікулах і ў выхадныя дні.



Другая фігурантка па гэтым жа пытанні, жыхарка в. Копцеўшчына, навучэнка Абласнога аграрна-тэхнічнага ліцэя, спрабавала скрасці некалькі прадметаў верхняга адзення ў магазіне індывідуальнага прадпрымальніка, але была затрымана прадаўцом. Па звестках з сельсавета, скаргаў на сям’ю не было, у ліцэі яе таксама характарызуюць добра, някепскі і сярэдні бал па вучобе — 6,9. Застаецца толькі здагадвацца, што падштурхнула зусім маладую сімпатычную дзяўчыну на такі непрыгожы ўчынак. Сама яна выказала чыстасардэчнае раскаянне і запэўніла, што падобнае больш не паўторыцца. Наконт яе камісія таксама вынесла пастанаўленне аб прыняцці мер па правядзенні з ёю індывідуальнай прафілактычнай работы, яна пастаянна будзе знаходзіцца пад кантролем суб’ектаў прафілактыкі.

У дробным крадзяжы была заўважана яшчэ адна 17-гадовая дзяўчына, жыхарка в. Саска Ліпка, якая выйшла туды замуж і зараз чакае дзіця. Улічваючы яе чыстасардэчнае раскаянне і асаблівы стан арганізма, камісія вынесла ёй папярэджанне.

Наступнай разглядалася справа 17-гадовай навучэнкі Нясвіж-скага каледжа імя Якуба Коласа, якая рухалася па вуліцы ў цёмны час сутак без флікера. Улічыўшы добрую характарыстыку дзяўчыны з каледжа і яе абяцанне больш пільна сачыць за наяўнасцю святлоадбівальных элементаў на адзенні, камісія вынесла ёй папярэ-джанне. Яшчэ адно папярэджанне з-за аналагічнай сітуцыі атрымала яшчэ адна 17-гадовая навучэнка гэтага ж каледжа.

У яшчэ адным выпадку — у адносінах да 17-гадовай вучаніцы СШ №4 г. Нясвіжа — камісія вынесла рашэнне аб спыненні адміністрацыйнай справы.

Выдзелілася з папярэдняга спіса справа, заведзеная на жыхарку в. Пукелеўшчына, маці дзвюх дачок — 15-і і 14-і гадоў, вучаніц Лан-скай СШ. У адзін з выхадных дзён кастрычніка дзяўчаты трапілі ў поле зроку міліцыі ў сеседнім Клецку, дзе ў адной з іх было выяўлена алкагольнае ап’яненне. Маці патлумачыла, што адпусціла дачок да бабулі ў Клецк і не чакала ад іх такога “сюрпрызу”. Родны бацька дзяўчынак памёр, маці выхоўвае іх разам з айчымам, і не ўсё ў гэтай сям’і так гладка і добра, як хацелася б. З падлеткамі і іх маці адбылася сур’ёзная гутарка, ім было растлумачана, што зараз усе яны будуць на асаблівым кантролі, і калі дзяўчаты яшчэ раз парушаць закон, то трапяць у сацыяльны прытулак, а іх маці будзе вымушана даказваць грамадству, што здольная сама выхоўваць дзяцей.

Асобна трэба выдзеліць пытанне, паднятае Сноўскай СШ, аб прыняцці мер уздзеяння да жыхаркі в. Церасполле, маці вучаніцы 2 класа гэтай школы. Школу занепакоілі пропускі заняткаў дзяўчынкай і тое, што яе маці, якая, да таго ж, нідзе не працуе, усяляк ухіляецца ад кантактаў з педагогамі. Пры больш дэтальным разглядзе сям’і выявілася шмат праблемных пытанняў. Адсутнасць ацяплення ў кватэры і абагрэў памяшкання пры дапамозе канфорак газавай пліты, што ўжо недапушчальна, — толькі адно з іх. Камісія прыняла рашэнне рэкамендаваць школе тэрмінова рыхтаваць дакументы на прызнанне непаўналетняй патрабуючай дзяржаўнай абароны. І, як аказалася, недарэмна. Літаральна праз некалькі дзён раённая КСН сабралася на няпланавае пасяджэнне, дзе разглядалася толькі адно пытанне — адабранне ў 26-гадовай маці дачкі і памяшчэнне дзіцяці ў сацыяльны прытулак. Жанчыне былі растлумачаны яе правы і абавязкі, а таксама неабходнасць тэрміновага працаўладкавання. Наколькі яна зразумела ўсё гэта — пакажуць наступныя 6 месяцаў, якія ёй, як і ўсім, у каго адбіраліся дзеці па Дэкрэце № 18, адведзены для выпраўлення сітуацыі.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.                    

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!