Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 14 °C

Гуртавалі беларусаў замежжа. Перадкалядны роздум пра малую радзіму

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

Каляды… Марознае паветра. Хруст снегу пад нагамі. Зорнае неба над галавою. Куцця. Ламанцы з нацёртым макам і шмат іншых бясконца смачных страў, якіх у маленстве чакаеш не менш, як паўгода, пачынаючы з Вялікадня.

Усё гэта было нібыта ўчора. А сёння думаецца пра тое, што ў гэтым годзе стукнула 70, і большасць сяброў дзяцінства адышлі ў вечнасць.

Чамусьці здарылася так, што ўжо дарослым чалавекам я даведаўся пра дакладнае месца свайго нараджэння. Радзільнага дома ў 1948 годзе ў Гарадзеі не было, і мне выпала з’явіцца на свет на другім паверсе адзінага, дарэчы, на той момант двухпавярховага дома ва ўсім пасёлку. Там размяшчалася школа, якая ў той год  потым пераехала ў новы будынак, што стаіць і па сёння.



Людзі толькі пачыналі адбудоў-вацца пасля вайны. У 1944 годзе была разбурана большасць будынкаў, асабліва тых, што знахо-дзіліся паблізу чыгуначнай станцыі.

Побач са старой школай уцалеў яшчэ адзін дом. Кожны, хто сёння рухаецца праз чыгуначны пераезд, накіроўваючыся у бок цукровага камбіната, звяртае ўвагу на адноўлены плот і тое, што дом закрыты часовай драпіроўкай. Але, верагодна, не кожны ведае, што гэты будынак чакае рэстаўрацыі для размяшчэння музея сусветна вядомага рэлігійнага дзеяча Аляксандра Надсана. Жыццё гэта чалавека магло б знайсці аднолькава цікавае адлюстраванне ў таўшчэзным гістарычным фаліянце ці прыгодніцкім рамане.

Нагадаем, што ён нарадзіўся 8 жніўня 1926 года ў сям’і настаўніка матэматыкі Антона Бочкі, які і сёння ва ўспамінах гарадзейцаў з’яўляецца своеасаблівай легендай з-за яго выключнага валодання прадметам і надзвычайнай строгасці.

У 1943 годзе Аляксандр скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, а ў 1944 апынуўся ў эміграцыі. Быў удзельнікам  Руху Супраціўлення ў Францыі. Ваяваў у 2-м Польскім корпусе генерала Андэрса і быў паранены ў бітве пад Монтэ-Касіна (Італія).

У сваіх успамінах А. Надсан падкрэслівае, што “тры гады за немцамі былі жахлівыя. Але нашы настаўнікі ў беларускіх школах выкарысталі тыя мізэрныя магчымасці, каб прышчапіць нам любоў да Бацькаўшчыны. Два гады ў Нясвіжскай семінарыі далі мне так шмат, што цяпер мне 83 гады, я ведаю дзевяць моў, але мая родная — беларуская і пасля 66 год жыцця за мяжой я застаўся беларусам. Тады нам зрабілі такі ўкол беларускасці”.

Напэўна, дзякуючы ўзгаданай “прышчэпцы” былы гарадзеец атрымаў дыплом матэматычнага факультэта Лонданскага ўніверсітэта (1953).  Яшчэ ў студэнцкія гады ён стварыў згуртаванне беларусаў у Вялікабрытаніі. Праз пяць гадоў новай вучобы стаў магістрам багаслоўя Рымска-Грэцкай калегіі, а ў 1958-м прыняў святарскае свячэнне.

У 1966 годзе айцец Аляксандр заснаваў школу-інтэрнат імя Кірылы Тураўскага пры Беларускай каталіцкай місіі (1966—75), а ў 1971 годзе стаў галоўным фундатарам, а потым і кіраўніком Беларускай бібліятэкі і музея імя Ф. Скарыны ў Лондане, асобнікі для якой ён збіраў ад Амерыкі да Аўстраліі.

Кіраўнік беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі (з 1981), апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы (з 1986) не застаўся ўбаку ад дапамогі ахвярам Чарнобыля і быў сярод першых еўрапейцаў, хто прывёз у Беларусь гуманітарку. То быў ягоны першы прыезд на радзіму пасля паўвекавой адсутнасці, але наведаць Гара-дзею не выпала.

Аляксандр Надсан — аўтар больш за 250 навуковых публікацый па гісторыі Беларусі і беларускага хрысціянства. Таму заўжды спрыяла веданне 9 моў.

Бягучы 2018 год падараваў мне магчымасць пазнаёміцца праз сеціва яшчэ з адным выбітным рэлігійным дзеячам, жыццё якога пачалося таксама ў маёй роднай Гарадзеі. Што асабліва закранула мяне, дык гэта тое, што мая бабуля па маці мела аднолькавае з ім прозвішча — Маскалік. Таксама нельга не адзначыць, што ў гэтым годзе яму споў-нілася б роўна 100 гадоў.

Кастусь Маскалік нарадзіўся 28 мая 1918 года. Ён рана застаўся сіратою і рос пад апекай сваякоў. Навучаўся ў мясцовай сямігодцы, што, безумоўна, сведчыць пра адносна высокі дабрабыт прыёмнай сям’і і здольнасці хлапчука да вучобы. Пазней цягам двух гадоў Кастусь займаўся  ў Жыровіцкім праваслаўным манастыры. Ёсць згадкі ў некаторых крыніцах, што ў пэўны час  К. Маскалік меў дачыненне да мястэчка Свержань.

У маі 1941 года ён быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію і накіраваны ў Расію, але па нейкіх прычынах быў прызнаны «ненадзейным», у выніку чаго апынуўся ў будаўнічым батальёне.

Магчыма, што лёс маладога чалавека склаўся б шмат больш трагічна, калі б ён не трапіў у Армію генерала Андэрса, шляхі якой праляглі праз Іран, Ірак, Палесціну і Егіпет, а ў 1944 годзе скончыліся жорсткімі баямі ў Італіі, дзе пры пэўных акалічнасцях магла б адбыцца сустрэча двух герояў гэтага аповеду.

У 1947 годзе Кастусь Маскалік пачаў навучанне ў Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме. А 10 красавіка 1955 года ён атрымаў святарскія свячэнні і накіраваўся ў Лондан, дзе быў прызначаны на працу пры Беларускай каталіцкай Місіі.

У 1958 годзе К. Маскалік выехаў у Парыж, заняў там пасаду кіраўніка Беларускай каталіцкай Місіі ў Францыі, а ў 1962 годзе быў пераведзены ў Рым і як памочнік айца Пятра Татарыновіча працаваў на Ватыканскім радыё.

У 1985 годзе Кастусь Маскалік вярнуўся ў Лондан на ранейшую працу. У ягоным старым доме святара пастаянна адведваў зямляк з Гарадзеі айцец Аляксандр Надсан. Ён жа разам з другім беларусам, айцом Сяргеем Стасевічам, правёў заўпакойную літургію за душу светлай памяці айца Кастуся.

Кастусь Маскалік, сумленны служыцель, увесь жыццёвы шлях якога быў пазначаны сапраўдным святарскім пакліканнем, адышоў да Госпада 12 красавіка 2010 года, і цела яго знайшло апошні прытулак на найбуйнейшых у Вялікабрытаніі па колькасці беларускіх пахаванняў могілках Святога Панкрата ў  Лондоне.

Апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы Аляксандр Надсан закончыў свой зямны шлях 15 красавіка 2015 г. і знайшоў спачын на тых жа могілках Св. Панкрата. Там таксама пахаваныя беларускі грэка-каталіцкі біскуп Чэслаў Сіповіч, архімандрыт Леў Гарошка, святары Язэп Германовіч, Тамаш Падзява, Фелікс Журня і іншыя вядомыя дзеячы беларускага замежжа.

Вельмі шкада, што ні Кастусь Маскалік, ні Аляксандр Надсан не здолелі наведаць свой родны край. Думаю, што з вялікім болем яны атрымлівалі звесткі аб тым, што пасля вайны гарадзейскі касцёл быў пераўтвораны ў брудны склад, пазней — у піўны бар. Але ўсё ж павінны яны былі паспець даведацца, што ў апошнія гады гарадзейцы маюць магчымасць на свой вольны выбар пакланяцца Адзінаму Госпаду ў новай праваслаўнай царкве, адноўленым касцёле або доме малітвы хрысціян веры евангельскай.

Хочацца ў заключэнне выказаць спадзяванне, што надыдзе дзень, калі гарадзейцы, несвіжане і госці з усіх канцоў зямлі змогуць наведаць дом-музей Аляксандра Надсана, каб ушанаваць памяць дастойных служыцеляў Божых і пазнаёміцца з хрысціянскай гісторыяй нашых мясцін.

А пакуль — усім вам дабраславеннага Божага Нараджэння!

Ігнась АДАМСКІ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!