Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 5 °C

І.А. Чэмярэўская: “Мне пашанцавала з маёй камандай”

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

Пост опубликован: 28.12.2018

Сістэме сацыяльнай абароны Ірына Антонаўна Чэмярэўская аддала 26 гадоў. Раённы аддзел сацыяльнага забеспячэння (цяпер упраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Нясвіжскага райвыканкама) яна ўзначаліла 1 лістапада 1990 года. За гэты час у сістэме сацыяльнай абароны краіны адбылося шмат рэформаў, рэарганізацый і пераўтварэнняў.

Пытанні выканання заканадаўства ў сферы працоўных адносін, занятасці насельніцтва, удасканаленне палітыкі аплаты працы, дзяржаўная сацыяльная падтрымка, захаванне правоў грама-дзян у пытаннях аховы працы, прызначэнне і выплата пенсій і дапамог, прадастаўленне льгот, надомнае і стацыянарнае абслугоўванне пажылых грамадзян, інвалідаў, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, — з часам усё гэта стала клопатам работнікаў сацыяльнай абароны. На думку Ірыны Антонаўны, каб работа добра атрымлівалася, да яе трэба падыходзіць адказна і з душой. Каб вырашыць пытанне чалавека, які звярнуўся па дапамогу, і яна  сама, і работнікі яе аддзела стараліся рабіць сваю справу сумленна.



Перад цяжкасцямі Ірына Чэмярэўская не прывыкла пасаваць. Яшчэ ў юнацтве, не паступіўшы ў інстытут пасля заканчэння школы, ураджэнка вёскі Кунаса з радасцю прымае прапанову старшыні мясцовага калгаса “Рассвет” (цяпер ААТ “Сейлавічы”) Антона Антонавіча Апанасіка і ідзе працаваць у гаспадарку ў бухгалтэрыю. У першы ж працоўны дзень ёй даручылі падбіваць вынікі ў галоўнай кнізе, рыхтавалася гадавая справаздача. На шчасце, спрытна карыстацца лічыльнікамі дзяўчыну навучыў бацька, і яна выдатна спраўляецца з адказным заданнем. Праз год паступае ў наргас на завочнае ад-дзяленне і яе пераводзяць на пасаду эканаміста. Ініцыятыўная актывістка ў калгасе становіцца сакратаром камсамольскай арганізацыі, затым — сакратаром партыйнай арганізацыі. А ў 25 гадоў пераходзіць у райкам Камуністычнай партыі Беларусі інструктарам аргаддзела. А калі пры райкаме ствараўся сельгасаддзел, яго Ірына Антонаўна і ўзначаліла. Прайшла навучанне ў вышэйшай партыйнай школе.

А пасля ўзначаліла Нясвіжскі раённы аддзел сацыяльнага забеспячэння.

— Праца ў сістэме сацыяльнай абароны заўсёды была вельмі адказнай, — кажа Ірына Антонаўна, — бо яна запатрабавана самім жыццём. Калі прыйшла ў аддзел, у асноўныя яго функцыі ўваходзіла налічэнне пенсій і іх пераразлік, матэрыяльна-бытавое забеспячэнне ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і сем’яў загінуўшых у гады вайны, забеспячэнне інвалідаў вайны спецаўта-транспартам, сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, аказанне матэрыяльнай дапамогі, выдзяленне пуцёвак на санаторна-курортнае лячэнне, прадастаўленне прызначаных ільгот і кампенсацый. Незабыўным момантам у рабоце напачатку 90-х была выдача талонаў на куплю дэфіцытнага тавару. Першачаргова ўсім неабходным забяспечваліся ўдзельнікі вайны. І я, загадчыца аддзела сацыяльнага забеспячэння, займалася пытаннем выдзялення для іх талонаў, дамаўлялася з гандлем, каб патрэбны тавар быў прывезены. І як жа часам было горка і крыўдна глядзець, як інвалід вайны, якому быў выдзелены спальны гарнітур, працягваў ляжаць на зламаным старым ложку. А на наша пытанне лаканічна адказваў: “Я ж стараўся для ўнука”. Што ж зробіш, такая псіхалогія нашых людзей…

З часам функцыі аддзела пашыраліся. У асобны кірунак была выдзелена работа са шматдзетнымі сем’ямі, сем’ямі, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, з няпоўнымі сем’ямі.

— Гэта быў няпросты час, — успамінае Ірына Антонаўна. — Каб кагосьці вызначыць для ўзнагароджання ордэнам Маці, аб шматдзетных сем’ях раёна даведваліся ў знаёмых на прадпрыемствах, у калгасах. Гэта сёння ўся неабходная інфармацыя ёсць у электронных базах даных, а ў той час, напрыклад, каб у масіве пенсійных спраў адшукаць патрэбную папку, трэба было змарнаваць дзень, а то і два. Але галоўны спецыяліст Таісія Уладзіміраўна Вальніцкая добра спраўлялася на гэтым участку.

Камп’ютарызацыя нашага аддзела пачалася з 1993 года. Калі да гэтага часу нам даводзілася ў мяшках вазіць пенсійныя справы на праверку ў Мінск, то зараз усе звесткі былі ў камп’ютарнай сістэме, таксама аператыўна ў яе ўносіліся і ўсе змены, папраўкі. Ацаніць новаўвядзенне змаглі толькі праз месяцы, калі пераканаліся, што сістэма дакладна працуе. А першы час я і галоўны спецыяліст Людміла Фёдараўна Русіна, якая курыравала прызначэнне пенсій і дапамог, вельмі хваляваліся, перажывалі. Але рабоце на камп’ютары ў кароткі час навучылася Ніна Мікалаеўна Камлач, за што я ёй і сёння ўдзячная.

Памятаю перыяд стварэння Фонду сацыяльнай абароны. Мне давялося асабіста падбіраць спецыялістаў, шукаць для іх кабінеты. Тады за добрую арганізацыю была заахвочана ад начальніка абласнога Фонду сацабароны прэміяй у 30 рублёў, гэта былі вялікія грошы. Памятаю і ўкараненне адраснай сацыяльнай дапамогі. На гэты напрамак таксама трэба было вылучыць чалавека, а ва ўпраўленні ішло пастаяннае скарачэнне, аптымізацыя. На гэты ўчастак з аддзела пенсійнага забеспячэння перайшла Таццяна Васільеўна Мухлыніна. Са сваёй прафесійнай “хваткай” яна хутка наладзіла тут работу, затым зноў вярнулася ў аддзел пенсійнага забеспячэння. А пры аб’яднанні Міністэрства сацыяльнай абароны і Міністэрства працы нашаму ўпраўленню дабавілі абавязкі — кантроль за выкананнем мінімальных сацыяльных гарантый у пытанні аплаты працы і за захаваннем правоў грамадзян у пытаннях аховы працы на вытворчасці. Новы аддзел па працоўных адносінах узначаліла Ірына Іванаўна Паўлючэнка, пасля — Ірына Аляксандраўна Пашко. А вось Іна Леанідаўна Лукашова стала сапраўдным асам у пытаннях аховы працы на вытворчасці, кансультавацца да яе прыходзяць мужчыны — інжынеры прадпрыемстваў і арганізацый. У 2007 годзе да нас далучылі і службу занятасці. Зноў аб’ём работ павялічыўся.

Незаменным памочнікам на працягу апошніх шасці гадоў маёй працы была мой намеснік Таццяна Васільеўна Толсцік. Гэта вельмі граматны і адказны чалавек, ёй я магла са спакойнай душой даручыць любую справу, давярала, як сабе.

З 1990 да 2004 года пры нашым аддзеле функцыянавала аддзяленне сацыяльнай дапамогі дома на чале з Валянцінай Мікалаеўнай Перакроставай. Сацыяльных работнікаў я называла “неабходным кіслародам для маёй працы”. Да мяне тады сцякалася ўся інфармацыя з раёна, я ведала ўсіх людзей. Ды і своеасаблівай кузняй кадраў было для мяне гэта аддзяленне, тут з сацыяльных работнікаў і інспектараў перавяла нямала добрых дзяўчат у цэнтральны апарат. Пазней аддзяленне сацыяльнай дапамогі было пераведзена на базу цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Дарэчы, ствараючы цэнтр, з мужам аб’ехала ўвесь раён у пошуках прыдатнага будынка. Спадабаўся пусты будынак у Нясвіжы па вуліцы Ленінскай, які належаў швейнай фабрыцы. Кіраўніцтва раёна перадало яго нашаму аддзелу, з раённага бюджэту выдзеліла сродкі на яго рамонт. Памятаю: ноч не сплю, думаю, які дах лепш там зрабіць — шыферны або металачарапічны? Хтосьці з кіраўнікоў падказаў адразу правесці і цеплавую рэабі-літацыю будынка. Падчас газіфікацыі вырашаем абсталяваць сваю кацельню, у самыя кароткія тэрміны робім праектную дакументацыю, купляем катлы. У тыя гады я, як загадчыца аддзела, магла прымаць такія рашэнні сама. Але тады мы і падумаць не маглі, што ў недалёкай будучыні на базе цэнтра адкрыюцца шматлікія аддзяленні. Будынак прызначаўся для размяшчэння спецыялістаў штата цэнтра, на якіх ускладаліся функцыі абследавання ўмоў пражывання ветэранаў, інвалідаў і адзінокіх жыхароў раёна, пярвічнага прыёму грамадзян, размеркавання гуманітарнай дапамогі. Першым загадчыкам цэнтра стаў Андрэй Мікалаевіч Хмель. Мужчына быў з прадпрымальніцкай жылкай, таму пазней падаўся ў бізнес. А я падчас гутаркі з Наталляй Гена-дзьеўнай Корсак разгледзела яе дзелавыя якасці. Тады яна прыйшла ўладкоўвацца на працу спецыялістам у цэнтр. Я ёй прапанавала паступіць у ВНУ, сказала прама, што ў перспектыве бачу яе дырэктарам Цэнтра. І я сёння вельмі ганаруся, што напярэдадні стагоддзя сацыяльнай службы ў нашым раёне адкрыты новыя ўстановы для пенсіянераў і інвалідаў. Радуе і тое, што ўзровень, матэрыяльна-тэхнічная база гэтых сацыяльных аб’ектаў даволі высокія.

У сваёй працоўнай дзейнасці Ірына Антонаўна заўсёды кіравалася нязменным прынцыпам: перш чым нешта даручыць работніку, асабіста разбіралася ў пытанні, унікала ў яго сутнасць. Працаваць прыходзілася без выхадных. У суботу і нядзелю працавала перш за ўсё над сабой — вывучала заканадаўчыя акты і пастановы, займалася сістэматызацыяй дакументаў. Адначасова, навучаючыся сама, Ірына Антонаўна пастаянна выступала ў ролі настаўніка для моладзі, выхаваўшы за чвэрць стагоддзя не адзін дзясятак выдатных спецыялістаў.

— Хлусіць не буду, часам і цяжка прыходзілася, — працягвае Ірына Антонаўна. — Але было прыемна дапамагаць людзям. Нацэльвала сваіх спецыялістаў працаваць не па заяўным прынцыпе, а па выяўленчым. Мне шанцавала ў жыцці сустракаць добрых лю-дзей, працаваць у выдатным калектыве. Людміла Фёдараўна Русіна, Таісія Уладзіміраўна Вальніцкая, Ганна Іванаўна Мурашка, Таццяна Васільеўна Мухлыніна, Ніна Мікалаеўна Камлач, Валянціна Мікалаеўна Перакростава, Таццяна Васільеўна Толсцік, Святлана Георгіеўна Шумейка, Таісія Іванаўна Згірская, Ірына Аляксандраўна Пашко, Галіна Іванаўна Емяльянчык, Іна Леанідаўна Лукашова, Таццяна Васільеўна Скрыба і многія-многія іншыя. Мае былыя калегі — вельмі правільныя і спагадлівыя людзі. Пасля сябе я пакінула добрую каманду — згуртаваную, падрыхтаваную, за якую мне не сорамна. І сёння ўсіх работнікаў і ветэранаў сістэмы  віншую з надыходзячым Новым годам і прафесійным святам. Кожнаму шчыра жадаю моцнага здароўя, каб у іх дамах былі любоў блізкіх і родных, павага і разуменне, дастатак і дабрабыт.

Аксана ГРОХ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!