Два дні правяла ў нашым раёне дэлегацыя з Гомельскай вобласці на чале з выконваючым абавязкі старшыні
Гомельскага аблвыканкама Генадзем Салаўём
і старшынёй Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў
Кацярынай Зянкевіч. У яе складзе былі старшыні
райвыканкамаў і кіруючыя работнікі аблвыканкама — усяго 30 чалавек. Гаспадары арганізавалі
для гасцей насычаную праграму.

Падчас экскурсіі ў нясвіжскай ратушы
У канферэнц-зале Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Пранузы прайшоў “круглы стол”. Адкрыў размову старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Лазюк. Пра справы ў раёне расказалі намеснікі старшыні райвыканкама Міхаіл Афанасік і Аляксандр Балцянкоў. Гасцям прадэманстравалі фільм пра Нясвіжчыну.
Затым яны наведалі Нясвіжскі завод дзіцячага харчавання, аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў і дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, гарадскую ратушу, касцёл Божага Цела і замак Радзівілаў. Вечарам госці змаглі прысутнічаць на мастацкім фэсце “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”, паглядзець балет С. Пракоф’ева “Рамэа і Джульета”.
Другі дзень знаходжання гамяльчан на нясвіжскай зямлі быў прысвечаны сельскагаспадарчай вытворчасці, азнаямленню з навейшымі яе тэхналогіямі. У СВК “Агракамбінат Сноў” яны пабывалі на МТФ “Друцкаўшчызна” і МТК “Сычы”, на біягазавай устаноўцы, аб’ектах сацкультбыту, у Сноўскім сельвыканкаме, на палях і корманарыхтоўцы. Вельмі зацікавіла іх робатадаенне кароў, уразілі пасевы рапсу, дзе чалавек хаваецца ў поўны рост.
У ААТ “Грыцкевічы” пабывалі на новай ферме “Супрунавічы” і на палях, наведалі дзіцячую забаўляльную пляцоўку, якую вось-вось здадуць у эксплуатацыю ў аграгарадку Грыцкевічы. У ААТ “Новае жыццё” аб’ектамі агляду сталі ферма “Жанкавічы” і ферма “Наруцавічы” — на апошняй зроблена рэканструкцыя старых будынкаў пад кароўнікі з даільнай залай і ўзводзіцца клюшачнік.
Выязны семінар для кіраўнікоў з Гомельскай вобласці аказаўся вельмі цікавым і павучальным. Аб гэтым яны і гаварылі падчас падвядзення яго вынікаў, удзячныя за цёплы прыём і ўвагу, за змястоўныя экскурсіі.
Суправаджалі гасцей па раёне першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Віктар Худніцкі, старшыня райсавета дэпутатаў Валерый Лазюк і намеснік старшыні райвыканкама Ірына Ксяневіч.
“НН”.