Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 8 °C

Шніцэль, біточкі, каўбаскі — што прапануюць у сталовай ААТ “Грыцкевічы”

Нясвіжскія навіны 5 лет назад 0 0

Гэтая гандлёвая кропка (сталовая і магазін), што месціцца на скрыжаванні вуліц у аграгарадку Грыцкевічы, так і называецца — “На скрыжаванні”. Належыць яна ААТ “Грыцкевічы”. У сталовай, дзе цяпер, у час жніва, асабліва горача — у дзень гатуюць абеды больш чым на 50 чалавек, плюс яшчэ падвячоркі, — мы і пагутарылі з поварам Тамарай Сухарнікавай. Яна расказала:

— З сакавіка да канца лістапада арганізаваны падвоз абедаў у поле. У гэты сезон нагрузка асабліва вялікая. Акрамя таго, у нас заказваюць святкаванне юбілеяў, вяселляў, дзён нараджэння, жалобныя сталы. Стараемся, каб меню было разнастайным. На першае рабочым прапануем боршч, вараную капусту, супы розныя, расольнік. Другія стравы — плоў, смажаніна, рыба смажаная, шніцэль, біточкі, каўбаскі смажаныя, курыныя кумпячкі, філе курыцы з сырам, смажанка са свініны, катлеты адбіўныя, галёнка смажаная, сардэлькі адварныя… Я — кандытар, таму хочацца працаўнікам у поле спячы булачкі да кампоту ці чаю.  Свежанькія, цёпленькія з’есці, як дома. У магазін іх таксама адпускаем для продажу. Таму пяку шмат — без начынкі, з начынкай — з тварагом, карыцай, згушчонкай, каму што падабаецца. Разбіраюць ахвотна, вядома — смачна, як кажуць, з полымя, з жару.



Ірына Няхайчык, Вольга Гаспадарык і Тамара Сухарнікава

Ёсць у Тамары Сухарнікавай добрыя памочніцы: кухонная рабочая Ірына Няхайчык і раздатчыца абедаў Вольга Гаспадарык. Тамара Міхайлаўна задаволена зладжанасцю ў рабоце свайго маленькага калектыву. Як і самой сталовай:

—  Нам усе ўмовы створаны. Усё абсталяванне, якое мы прапанавалі, было закуплена: цестамяшалка, шафа для смажання, вялікая электраскаварада, на якой адначасова можна смажыць 50 катлет, халадзільнікі, маразільнікі, мясарубкі. Купім яшчэ шоказамарозку — і будзем рабіць паўфабрыкаты, каб прадаваць іх у магазіне.

Тамара Міхайлаўна аддала любімай справе 35 гадоў жыцця. Як атрымала спецыяльную адукацыю ў 20-гадовым узросце, так і кухарыць да гэтага часу. Працавала некалі ў райспажыўтаварыстве Ваўкавыскага раёна, потым  — у Баранавічах. Адтуль і пераехалі з мужам у Грыцкевічы — захацелася спакойнага жыцця ў вёсцы, на свежым паветры. Купілі тут дом, завялі гаспадарку. Некалі гэтая сталовая належала Нясвіжскаму райспажыўтаварыству, жанчына працавала ў ёй. А цяпер радуецца абноўленаму будынку, бо рабочае месца сапраўды камфортнае. Справа ёй па душы. І галоўнае — вельмі патрэбная людзям.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Алены ЛЕЎШЫК.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!