На Нясвіжчыне прайшла канферэнцыя “Лёсам з Нясвіжам”

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Ліст у рэдакцыю “НН” пані Вікторыі Жукевіч-Дзівоты з прапановай ушанавання ў горадзе імя доктара Лычкоўскага — гэта з яе боку вельмі лагічнае і паслядоўнае дзеянне. У 2017 годзе яна была ініцыятарам і актыўным удзельнікам канферэнцыі “Лёсам з Нясвіжам. 1 палова ХХ стагоддзя”. Гэтая памятлівая жанчына, што мае абвостранае пачуццё адказнасці перад мінуўшчынай і будучыняй, сабрала багаты матэрыял пра выдатных ураджэнцаў нашай зямлі, якія жылі і працавалі тут. Некаторыя з іх вымушаны былі пакінуць Беларусь і рэалізаваць сябе ў далёкім свеце.

Прызнаюся шчыра, ішла на канферэнцыю з надзеяй даведацца найперш пра дзвюх адметных асоб — Баляслава Таўрагінскага (маю яго рарытэтнае выданне пра Нясвіж) і доктара Лычкоўскага. Пра апошняга з самага ранняга дзяцінства неаднойчы чула ад бацькоў і аднавяскоўцаў хвалюючыя сямейныя гісторыі. Людзі ехалі да яго з далёкіх і блізкіх вёсак з апошняй надзеяй на паратунак. Колькі павагі было да доктара ў тых простых удзячных расповедах!

Сведчу, што і на канферэнцыі “Лёсам з Нясвіжам”, сярод шматлікасці персанажаў навуковых дакладаў, доктар Лычкоўскі паўстаў сапраўднай нясвіжскай зоркай, асобай выключнай, вартай памяці і ўшанавання за ўзорны прафесіяналізм, шматлікія праявы дабрачыннасці, глыбокі гуманізм, жывы чалавечы нораў. Пані Вікторыя адшукала нават даўні сенсацыйны газетны матэрыял, што Міхал Лычкоўскі — выдатнік медыцынскага ўніверсітэта ў Санкт-Пецярбургу, парыжскі стажор прафесара Мечнікава — зрабіў у Нясвіжы выключную аперацыю на адкрытым сэрцы.

Як вядома, найлепшы працяг кожнай зацікаўленай гаворкі — практычнае дзеянне. Тым больш, што канферэнцыя пазіцыянавалася як навукова-практычная. У дасланым з Польшчы лісце бачу гэтую карысную практычную скіраванасць. Горача дзякую пані Вікторыі за яе ініцыятыву, падтрымліваю яе і лічу, што надаць раённай бальніцы імя Міхала Лычкоўскага — гэта сплаціць даніну ўдзячнай памяці таленавітаму медыку, цікавай і шматграннай асобе. Сплаціць хай і запозненую ўдзячнасць за нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Такое ўшанаванне, хай ускосна, было б і нашай сённяшняй удзячнасцю тым сумленным і самаадданым урачам, медсёстрам, што высока нясуць адказны чын самай складанай прафесіі.

Ведаю, што на Стаўбцоўшчыне ўжо год таму заняліся зборам звестак па гісторыі лекарскай справы на тэрыторыі раёна з меркаванай музейнай экспазіцыяй. Бачыцца мне і ў нашай раённай паліклініцы невялікі мемарыяльны пакойчык ці музейная рэкрэацыя, прысвечаная Лычкоўскаму, адкрытая і даступная кожнаму наведніку. Бачу ў гэтым станоўчы патэнцыял і добры выхаваўчы эфект як для маладых медыкаў, так і для кожнага патрыёта-несвіжаніна.

Наталля ПЛАКСА,

краязнаўца.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.