Поделитесь с друзьями
  •  
  • 6
  •  
  •  
  •  
  •  

Несвіжаніна Мікалая Іванавіча Дэмуха многія ведаюць і ў райцэнтры, і ў сельгаспрадпрыемствах. Аграном па адукацыі, ён 31 год аддаў развіццю сельскагаспадарчай вытворчасці Нясвіжчыны. І цяпер, даўно будучы на пенсіі (19 студзеня яму споўніц-ца 85), Мікалай Іванавіч з асалодай працуе на зямлі, ля бацькоўскай хаты ў роднай вёсцы Высокая Ліпа. Вырошчвае бульбу, памідоры, агуркі, перцы, моркву, буракі, зяленіва. Сядзіба патанае ў кветках. Цвіце і пладаносіць сад. Рэшткі прадукцыі са свайго дачнага ўчастка гаспадар прадае на рынку. Я, напрыклад, з задавальненнем купляю летам у Дэмухаў сакавітую, салодкую чорную чарэшню. Восенню пашанцавала набыць яркія зялёныя пучкі духмянага кропу, каб пакласці ў маразілку — Мікалай Іванавіч прыкрыў усходы спанбондам, і пяшчотнае лісце не пацярпела ад першых замаразкаў. Вось так па-гаспадарску, адказна ён ставіцца да сваёй справы.

 

Іх летнік у аграгарадку знаходзіцца на цэнтральнай вуліцы — 50 гадоў Кастрычніка. І выглядае заўсёды дагледжана, прывабна. Гаспадар любіць кветкі, яны тут цвітуць з красавіка да лістапада. Адных толькі гладыёлусаў 13 сартоў.

Цяпер, зімой, клопатаў у агародніка і кветкавода меней, і Мікалай Іванавіч знайшоў час сустрэцца з журналістам, пагаварыць пра жыццё.

Якім жа чынам просты сялянскі хлопец дабіўся, каб стаць адукаваным чалавекам, кіраўніком цэлай галіны ў раёне, паважанай асобай?

— Мне пайшоў сёмы год, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Бацька, Іван Ільіч, загінуў у яе першыя дні — ён у той час якраз знаходзіўся на ваенных зборах у Беластоцкай вобласці, якая ўваходзіла ў склад БССР. Мужчыны будавалі там ваенны аэрадром. Чацвёра дзетак засталіся з маці, Леанідай  Фёдараўнай. Цяжка даводзілася. Але выжылі. З радасцю сустрэлі вызваленне Беларусі ад фашысцкіх акупантаў, — апавядае Мікалай Іванавіч. — І адразу ж у 1944 го-дзе я пайшоў у першы клас мясцовай школы. Сярэднюю адукацыю набываў у Сноўскай школе. Падчас службы ў Савецкай Арміі, у Беларускай ваеннай акрузе, з кастрычніка па снежань 1956 года ўдзельнічаў у ваенных падзеях у Венгрыі. Унушаў мадзьярам, што сацыялізм — самы перадавы палітычны строй, але яны не хацелі слухаць і адказвалі нам аўтаматным агнём. Вярнуўшыся з Венгрыі, працягваў службу ў Гомелі. За добрую баявую і палітычную падрыхтоўку камандаванне часці дазволіла мне на трэцім годзе службы паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову (была такая практыка ў 1957-1958 гадах). Я выбраў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, паспяхова здаў уступныя экзамены і быў залічаны студэнтам агранамічнага факультэта. Мяне дэмабілізавалі датэрмінова. Дамоў з арміі вярнуўся студэнтам, што выклікала ў вёсцы вялікае здзіўленне. Падчас вучобы жыў на стыпендыю, мама дапамагчы не мела магчымасці. У выхадныя дні хадзіў на таварную станцыю разгружаць вагоны…

З дыпломам вучонага агранома Мікалая Дэмуха накіравалі на работу ў Слуцкі раён, галоўным аграномам калгаса імя Дзяржын-скага. Гаспадарка была адна з буйнейшых у раёне, мела 13 паляводчых брыгад. Малады спецыяліст усяго сябе аддаваў працы: укараняў новыя прыёмы апрацоўкі глебы, новыя сарты збожжавых культур і бульбы. Зямля не прымусіла сябе чакаць — ураджаі прыкметна павысіліся. Старанні галоўнага агранома, глыбокая дасведчанасць, імкненне дабівацца пастаўленай мэты былі заўважаны. І ў сакавіку 1965 года Мікалая Дэмуха рашэннем Мінскага абласнога ўпраўлення сельскай гаспадаркі накіравалі на пасаду галоўнага агранома Нясвіжскага тэрытарыяльнага калгасна-саўгаснага ўпраўлення сельскай гаспадаркі, у склад якога ўваходзіў і Клецкі раён. Работы было шмат. І адказнасці — таксама. Раслінаводства перажывала новыя пераўтварэнні: пераход на прапашную сістэму замляробства замест травапольнай, укараненне квадратна-гнездавога спосаба вырошчвання кукурузы і цукровых буракоў, новых сартоў збожжавых культур. З гаспадаркамі больш цесна пачалі су- працоўнічаць навуковыя работнікі Ганусаўскай доследнай станцыі па цукровых бураках, Нясвіжскага дзяржсортаўчастка. У той час ураджай збожжавых па 28 — 30 ц/га лічыўся вельмі высокім.

Кіраўнікі і спецыялісты калгасаў з ахвотай уводзілі навінкі ў сельгасвытворчасць. Мікалай Іванавіч сёння называе іх імёны. Гэта старшыні Якаў Васільевіч Аляксанкін, Рыгор Паўлавіч Сасноўскі, Міхаіл Васільевіч Саленік, Анатоль Канстанцінавіч Захарэвіч, аграномы Вера Дзмітрыеўна Макаўчык, Піліп Васільевіч Дубяжынскі, Алена Вікенцьеўна Баркоўская і многія іншыя.

Дзякуючы росту аб’ёмаў вытворчасці ў земляробстве, умацаванню кармавой базы, пачала лепш развівацца жывёлагадоўля. Гэта садзейнічала большай нарыхтоўцы арганічных угнаенняў. І мінеральных тукаў пачало паступаць болей. У выніку Нясвіжскі раён пачаў развівацца больш інтэнсіўна, ён не адзін раз выходзіў пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва ў вобласці, рэспубліцы, краіне. Мікалай Дэмух працаваў намеснікам начальніка, затым — начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама, загадваў сельгасаддзелам райкама партыі. Праца, якой ён прысвяціў жыццё, прыносіла плён, і гэта радавала. Мікалай Іванавіч узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі “За доблесную працу” і “Ветэран працы”, дзвюма Ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровымі граматамі Міністэрстваў сельскай гаспадаркі СССР і БССР. Ён некалькі разоў удзельнічаў у Выстаўцы народнай гаспадаркі СССР, быў узнагароджаны 7 медалямі ВДНГ, а таксама знакамі пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва і ўдарніка пяцігодак.

— Люблю зямлю, — кажа Мікалай Іванавіч. — На ёй лягчэй дыхаецца. Яна дорыць добры настрой.

Я папрасіла свайго суразмоўцу даць якую-            небудзь параду нашым чытачам.

— Калі хочаце мець на клумбе прыгожыя гладыёлусы, займіцеся вырошчваннем іх належных цыбулін. Каб яны былі буйнымі, суквецце (колас) гладыёлуса я зразаю, калі распусціліся тры першыя кветкі, зразаю да першага пазушнага ліста. Такая цыбуліна будзе мець шмат сілы і пажыўных рэчываў і на наступны год дасць моцныя пабегі і буйныя кветкі. Стварайце вакол сябе прыгажосць.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,

член Беларускага саюза журналістаў.

Фота з архіва рэдакцыі.


Поделитесь с друзьями
  •  
  • 6
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.