Гісторыя

Поделитесь с друзьями
  •  
  • 3
  •  
  •  
  •  
  •  

15 студзеня 1940 г. Нясвіжскі павет быў пераўтвораны ў Нясвіжскі раён Баранавіцкай вобласці. Па стане на 12 кастрычніка 1940 г. у яго ўваходзілі гарадскі і 17 сельскіх Саветаў: Астроўскі, Быхаўшчынскі, Гарадзейскі, Грыцкевіцкі, Казлоўскі, Квачоўскі, Карцэвіцкі, Качановіцкі, Ланскі, Лысіцкі, Лявонавіцкі, Ліпскі, Навасёлкаўскі, Пагарэльцаўскі, Сейлавіцкі, Сноўскі і Юшавіцкі.

Былыя панскія маёнткі, гаспадаркі асаднікаў, лазні, друкарня, аптэка, прыватныя прадпрыемствы, магазіны былі нацыяналізаваны. Ствараліся новыя заводы: лесапільны, па вытворчасці торфу, а таксама спірту. 26 тысяч гектараў памешчыцкай і асадніцкай зямлі перайшло ў карыстанне сялян. У лютым 1940 г. трыццаць сямей былых парабкаў пана Абуховіча з вёскі Вялікая Ліпа аб’ядналіся ў калгас “17 верасня”. У тым жа годзе былі створаны калгасы “Чырвоны Бераг” (в. Завушша), імя Сталіна (маёнтак Чырвоная горка),   “1 Мая” (Смалічы), імя Варашыла-ва (Зарэчча), імя Молатава (Малева) і іншыя. У чэрвені 1941 г. у раёне налічвалася 18 калгасаў.

24 кастрычніка 1940 г. у Баранавіцкай вобласці, як і ў іншых заходніх рэгіёнах Беларусі, адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет СССР і БССР. Сярод тых, каго выбралі ў Вярхоўны Савет Беларускай ССР, быў старшыня Быхаўшчынскага сельсавета Сцяпан Іванавіч Наздрачоў (на здымку). Падчас знаходжання заходніх беларускіх зямель пад панскай Польшчай ён двойчы сядзеў у турме — за тое, што расказваў сялянам праўду аб жыцці ў Савецкай Беларусі, заклікаў іх выходзіць з вёскі на хутары.
Працуючы старшынёй сельсавета пасля ўз’яднання Беларусі, Сцяпан Наздрачоў прыкладваў усе намаганні, каб не адставаць у гаспадарчых кампаніях. У тэрмін убіралі ўраджай з палёў, дружна абмалочвалі збажыну на таку, своечасова выконвалі план здачы збожжа дзяржаве.

Народнай стала і адукацыя. У вёсках адкрываліся школы. У 1940-41 навучальным годзе працавала 1 руская сярэдняя з класамі на польскай мове, 17 беларускіх, 2 яўрэйскія няпоўнасярэднія, 40 пачатковых беларускіх школ, а таксама 38 вячэрніх — грамаце вучыліся дарослыя.

Разгортвалася работа на ніве культуры. На розныя мерапрыемствы жыхароў запрашаў раённы Дом культуры. Працаваў кінатэатр, на плошчы райцэнтра і буйных вёсак наладзілі трансляцыю праграм радыё.

Палепшылася медыцынскае абслугоўванне насельніцтва. Расшырылася бальніца, адкрыліся паліклініка і дзіцячая кансультацыя. У Гарадзеі, Снове і Сейлавічах з’явіліся ўчастковыя бальніцы. Адчынілі дзверы 6 ФАПаў.

Сацыялістычнае будаўніцтва на землях былой Заходняй Беларусі набывала размах. Людзі працавалі самааддана, з унёсласцю, з высокім пачуццём патрыятызму. Так, у 1940 г. калектыў рай-прамкамбіната выканаў план на 142 %. 10 мая 1940 г. ЦК КПБ (б) Беларусі і Саўнарком прынялі пастанову № 748 аб будаўніцтве дарогі Баранавічы — Нясвіж хуткасным метадам. Брукаванка пракладвалася спосабам народнай будоўлі. Як дакладваў на пасяджэнні Баранавіцкага абласнога выканаўчага камітэта 21 жніўня 1940 г. старшыня Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта В.К. Перуноў, “працоўны ўдзел насельніцтва на дарожным будаўніцтве выкананы на 112 % плана” (Баранавіцкі філіял Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці, ф. 188, воп. 5, спр. 4, с. 96).

За ўдарную працу на пракладванні дарогі жыхары вёсак Квачы, Малева, Саска Ліпка Мікалай Аляксандравіч Карпач, Аляксандр Пятровіч Гаціла, Соф,я Іванаўна Санько былі прадстаўлены да ўрадавых узнагарод. Свае нормы выпрацоўкі яны выконвалі на 180 — 200 %.

У 1994-м — пачатку 1995 года я працавала ў Нясвіжскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, збірала і апрацоўвала матэрыялы для кнігі “Памяць. Нясвіжскі раён”. З гэтай нагоды ездзіла ў Баранавіцкі філіял Дзяржархіва Брэсцкай вобласці. З якім хваляваннем знаёмілася з дакументамі тых далёкіх 40-х гадоў! Гэта ж — жыццё нашых дзядоў і бацькоў, наша гісторыя, якую трэба вывучаць, ведаць, берагчы. І перапісвала, перапісвала, перапісвала… Свае рукапісы захоўваю. З іх можна даведацца, напрыклад, што 29 студзеня 1940 г. бюро Баранавіцкага абкама партыі прыняло пастанову “Аб арганізацыі МТС”, згодна з якой у нашым раёне, у былым памешчыцкім маёнтку Горнасноў, была створана машына-трактарная станцыя.

А вось пастанова Нясвіжскага райвыканкама аб арганізацыі Нясвіжскай МТС у былым маёнтку Рудаўка была зацверджана абласным выканкамам 14 мая 1940 г. Абедзве машына-трактарныя станцыі займаліся агратэхнічным абслугоўваннем калгасаў, разам з сялянамі ўздымалі сельскую гаспадарку.

1 лютага 1940 г. Баранавіцкі аблвыканкам прыняў рашэнне (пратакол № 6) аб арганізацыі пунктаў па нарыхтоўцы збожжа, у тым ліку ў нашым раёне — у Гарадзеі і Пагарэльцах. На тым жа пася-джэнні былі зацверджаны народныя засядацелі абласнога суда. Ад нашага раёна — Н.Р. Галушка, М.Дз. Ухваронак, Р.А. Табакоў, У.Н. Мацвейчык, Р.А. Замтфорт, І.Я. Бярэзін, Ф.А. Ладзята, Т.С. Жданюк, А.А. Ланкевіч, Ф.Р. Станкевіч.

20 ліпеня аблвыканкам разгледзеў пытанне аб арганізацыі птушкасаўгаса ў былым маёнтку Альба Нясвіжскага раёна. 12 жніўня — аб выдачы дзяржаўнай дапамогі па шматдзетнасці. Яе атрымалі мнагадзетныя мамы Нясвіжчыны В.А. Сцефановіч, В.П. Сяргей, С.М. Песак, В.В. Чабатарэнка, А.М. Дзерунова, С.С. Пронская, А.Ф. Еўтух, С.Л. Ляпешка, М.І. Дашко, С.М. Гаціла, М.Ф. Мікітовіч, А.І. Жук. Трэба адзначыць, што мелі яны па 7-8 дзяцей, а Агаф’я Міхайлаўна Дзерунова — дзесяць.

2 кастрычніка аблвыканкам прыняў рашэнне аб адкрыцці ў нашым раёне дзіцячага дома на 100 чалавек. 8 кастрычніка зацвердзіў пастанову Нясвіжскага райвыканкама аб арганізацыі дзяржаўнага сортавыпрабавальнага ўчастка па збожжавых культурах у калгасе імя Молатава Карцэвіцкага сельсавета. На лясной дачы “Альба” вадзіліся фазаны, раслі дрэвы рэдкіх парод. Улічваючы іх каштоўнасць, Нясвіжскі райвыканкам прыняў 23.07.1940 г. рашэнне аб арганізацыі ў “Альбе” заказніка мясцовага значэння. 18 лістапада Баранавіцкі аблвыканкам зацвердзіў яго.

8 красавіка 1941 г. быў зацверджаны спіс удзельнікаў Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы ў Маскве. З нашага раёна ў яго ўвайшлі 37 чалавек. Сярод іх — калгаснікі калгаса “Чырвоны Бераг” Таццяна Шапавал, Антон Шапавал, Марыя Тычына, калгаснікі калгаса імя Молатава Соф,я Шапавал, Вольга Капытка, Іван Бутэвіч, жывёлавод калгаса “1 Мая” Сяргей Гардзей, даярка гэтай гаспадаркі Надзея Бяганская, калгаснікі калгаса імя Калініна Васіль Федарук і Сцяпан Шарапа, даяркі саўгаса “Горны Сноў” Марыя Бартосік і Ганна Кур’яновіч і іншыя вяскоўцы, якія дабіліся добрых вынікаў у працы.

На 1941 год калектыў раёна намеціў канкрэтныя задачы па росту вытворчасці прадукцыі і выпуску новых яе відаў. Дбалі і пра якасць тавараў. 17 мая 1941 г. трэцяя сесія раённага Савета дэпутатаў прыняла бюджэт раёна. Выкананне пастаўленых задач, безумоўна, узняло б наш рэгіён і ўсю рэспубліку на новую ступень развіцця, калі б не Вялікая Айчынная вайна, якая прынесла разбурэнні і велізарнае чалавечае гора.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,

член Беларускага саюза

журналістаў.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  • 3
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.