Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 13 °C

Ён вызваляў Варшаву, «выкурваў» немцаў у Берліне… Сваё 95-годдзе наш зямляк сустракае з аптымізмам і бадзёрасцю

Нясвіжскія навіны 4 года назад 0 0

З хваляваннем чакае юбілей Нясвіжскага раёна наш зямляк, жыхар вёскі Саска Ліпка Уладзімір Пятровіч Чурыла.У студзені яму споўнілася  95-год, але тое, што было перажыта ў маладосці, назаўсёды засталося ў памяці.

Пачыналася ўсё, як і ў іншых яго равеснікаў-вяскоўцаў, з мірнай працы на сваёй зямлі — у бацькі была вялікая гаспадарка, і на ёй працавала ўся сям’я. Звыклае жыццё парушылася, калі пачалася вайна.

Адразу пасля вызвалення Беларусі ад фашыстаў жыхара вёскі Саска Ліпка Уладзіміра Чурылу прызначылі ахоўнікам у Квачоўскі сельскі Савет. Далі карабін, патроны. А ў жніўні 1944-га прызвалі ў армію. Навучанне ваеннай справе ён праходзіў у Бабруйску.

Потым навабранцаў перавезлі ў Калодзішчы пад Мінскам, адтуль накіравалі на фронт, у Польшчу. Уладзімір Чурыла служыў тэлефаністам-кабельшчыкам у 411-м мінамётным палку.

— На фронце ўсялякае было. Але Бог аберагаў мяне, — расказвае 95-гадовы ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Пятровіч Чурыла. — Столькі людзей загінула, столькі было параненых, а я прайшоў вайну без драпіны. Хаця шмат разоў быў на крок ад смерці. Вось, напрыклад, неяк падчас наступлення трэба было пераходзіць гару. Грузавік нас чакаў, а я з сябрам Лёнькам (ён — з горада Арцёмаўска Краснаярскага краю) адышліся, скручваючы кабель. Пачулі кулямётныя стрэлы. Вярнуліся — некалькі нашых таварышаў забітыя. Аказалася, два немцы напалі з засады. Мы з Лёнькам засталіся жывымі.

Або наступны выпадак. У нашым “студэбекеры” балванкай прабіла кабіну і задні борт кузава, а мы сядзелі па абодва бакі кузава, і нас не зачапіла. Вось як бывае.

Вызваліўшы Варшаву, прайшоўшы з баямі Польшчу, мы выйшлі да Кюстрына. Пачалася пераправа праз Одэр. Рака — шырокая, магутная. Якраз бушавала навальніца, уздымаючы высачэзныя хвалі. А нам з Лёнем трэба пракладваць сувязь. Для гэтага былі спецыяльныя лодкі, дык хвалі іх проста накрывалі. Мінамёты з паромаў з’ехалі, у кузаве машыны — па калена вады. Але задачу сваю мы выканалі. Сувязь наладзілі, ваду з вопраткі выкруцілі (бо сушыцца не было калі і не было дзе) — і зноў у бой.

Назіральны пункт камандаванне дывізіёна абсталявала ў капцы бульбы ці буракоў. Але не было сувязі. Пайшлі мы шукаць парыў. На спіне — 2 катушкі з кабелем, 2 апараты, процівагаз, карабін. Чуем: “Танкі ідуць”. Супраць нямецкіх танкаў была адна наша пушка-саракапятка. Дык яна так страляла, што ствол стаў нават не чырвоным — да белага напаліўся. Танкі адступілі. А вось назіральны пункт фашысты расстралялі — разгледзелі з самалёта. Так загінуў наш камандзір дывізіёна, капітан. Другога і трэцяга камандзіраў дывізіёна мы страцілі ў Берліне. З дома ў дом там можна было прайсці толькі па падвалах, не па вуліцы. Дык вось ішоў капітан літаральна перада мною, толькі адчыніў дзверы ў падвал — і ўпаў. Аказалася, што ў шафе, якая стаяла побач з дзвярыма, схаваўся нямецкі салдат…

Уладзімір Пятровіч добра памятае, як 14 студзеня 1945 г. пачалося наступленне на Варшаву. Ішла моцная артпадрыхтоўка. Усюды стаяў страшны свіст і грукат. З баямі савецкія войскі дайшлі да Лодзі. Затым быў Берлін. Тут ён забяспечваў сувяззю свой полк.

— Неяк ноччу трэба было цягнуць па развалінах кабель, — узгадвае ветэран. — Я ледзь не трапіў да немцаў. Ішоў бой, кабель перабіла снарадам. Прыйшлося браць катушку на плечы і паўзком наперад. Абрыў знайшлі, але трапілі пад прамы артылерыйскі агонь. Рызыкуючы жыццём, ліквідавалі абрыў кабеля, хоць снарады рваліся і з бакоў, і наперадзе.

За гэты бой ваенны сувязіст быў узнагароджаны медалём “За адвагу”.

І цяпер з горыччу ён успамінае, як на яго вачах загінуў аднавясковец Канстанцін Лук’янавіч Волчак:

— Калі я падбег да яго, то ўбачыў, што яго грудзі прабітыя кулямётнай чаргой, але таварыш быў яшчэ жывы. У шпіталь не давезлі: ён памёр ад ран.

Дзень Перамогі нездарма называюць святам са слязьмі на вачах. Уладзімір Пятровіч Чурыла разумее гэта вельмі добра, памятаючы тую радасць, якая ахапіла ўсіх, хто разам з ім дайшоў да Берліна.

І яшчэ адзін выпадак нагадаў наш суразмоўца: як узнаўлялі сувязь у Берліне, за што Уладзіміра Чурылу ўзнагародзілі медалём “За адвагу”. Знайшлі яны зручную прагаліну, правялі кабель. Але яго парвала варожым снарадам. У пошуках парыву тэлефаністы наткнуліся на варонку. Узяліся Уладзімір з сябрам Леанідам за канцы кабелю, каб злучыць іх, а тут — зноў абстрэл. Адзін снарад, другі, трэці… Салдаты схаваліся ў яму. Уладзімір Пятровіч упэўнены: проста снарады пераляталі варонку, таму і засталіся юнакі жывымі, толькі гразёю іх моцна заляпала. Кабель тэлефонны яны звязалі і пайшлі да сваіх.

— Прыходзім — а на нас усе глядзяць са здзіўленнем і з радасцю. Думалі, што мы загінулі, — кажа Уладзімір Пятровіч і дадае:

— З Лёнем мы пасля вайны па тэлефоне сувязь падтрымлівалі. Яго ўжо няма…

З гарачых баёў з фашыстамі ветэрану пашанцавала выйсці жывым і здаровым. Ён расказваў падрабязнасці франтавых будняў і сам здзіўляўся:

— Гэта ж трэба. Сённяшняе можа забыцца. А пра тое, што было некалі, так добра памятаю.

Уладзімір Пятровіч нагадаў, з якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца ім, навабранцам, у 1944-м годзе, калі стаялі ў запасным палку ў Бабруйску:

— Усё разбіта, у Беразіне вада пасля баёў брудная, у ёй плавалі целы загінуўшых. Харчаваліся мы слаба, пасля супу на салёных селядцах вельмі хацелася піць. Бачок вады пітной прыносілі — і ён тут жа пусцеў. Выбіраліся да калонкі і — пілі, пілі, пілі…

Пачулі ўспаміны і іншага кшталту. Больш гераічнага. Як, напрыклад, “выкурвалі” фашыстаў з іх сховішчаў у Берліне ў 1945-м:

— Гэта было, здаецца, 7 мая. Гітлераўцы сабраліся ў тупіку ля будынка і не здаваліся. Нашы паслалі парламенцёраў на мірныя перагаворы. Тыя вярнуліся ні з чым: немцы не згадзіліся капітуляваць. Тады ў дом выстралілі, снарад нанёс разбурэнні — і сталі вылазіць нашы праціўнікі. Зброю — на зямлю, рукі — уверх.

І сам той факт, што Перамогу салдат сустрэў у Берліне, у логаве фашызму — гэта асаблівы радок у яго біяграфіі.

З усмешкай расказаў Уладзімір Пятровіч яшчэ пра такі выпадак. Чырвонаармейцы хацелі што-небудзь прывезці з Германіі дамоў. Зайшлі салдаты ў разгромлены берлінскі магазін. “Думаю: вазьму рулон сукна. А сам загружаны амуніцыяй, цяжка, нязручна. Кінуў той рулон. Вырашыў: буду жыць — куплю”, — распавядае мой суразмоўца.

З Берліна яго перавялі ў Магдэбург, дзе ён працаваў на камутатары. Затым часць расфарміравалі, і ён трапіў у горад Уладзімір. Тут праслужыў да 1948 года. Вярнуўся дадому, дзе зноў прыступіў да мірнай працы на гаспадарцы з бацькамі. Калі арганізавалі калгас, адразу стаў яго членам. Працаваў гэтак жа сумленна, як і ваяваў, неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі і каштоўнымі падарункамі.

Ведаючы, што Уладзімір Пятровіч — добры гарманіст, мы пацікавіліся, ці даводзілася яму іграць на фронце.

— Была такая справа. Камандзір дывізіёна ўзяў у магазіне акардэон, прапанаваў мне пайграць.

— Якія мелодыі Вам больш даспадобы?

— Многія. Асабліва — маршы. “Развітанне славянкі” любіў. Наогул, я быў вясёлым хлопцам, і граць мне вельмі падабалася.

А ў дзяцінстве колькі слёз праліў, пакуль бацька купіў яму гармонік. Так хацелася хлапчуку навучыцца іграць. І вось, нарэшце, ужо 14-гадоваму сыну бацька купіў простую двухрадку. Уладзімір хадзіў вучыцца да вясковага музыканта: “У адну ня-дзельку ён паказаў мне паўполькі і паўвальса. Ішлі мы з сябруком дадому (а дарога — тры кіламетры), у адной хаце вяскоўцы спраўлялі хрэсьбіны, запрасілі пайграць — і я іграў. Як умеў. А ў другую нядзелю мой настаўнік правёў яшчэ адзін урок. І я навучыўся”. Пасля Уладзімір набыў уласны інструмент. Працаваў у мясцовым клубе, шмат займаўся з дзецьмі, вечарамі ладзіў танцы для моладзі. Вучыўся ў Нясвіжскай музычнай школе, дзе выдатна здаў выпускныя экзамены: “Чыста, хораша іграў, выкладчыкі руку паціскалі”.

Заробак у клубе быў невялікі. А Уладзімір Пятровіч ужо меў сям’ю, траіх дзяцей. Таму і пайшоў у калгасную будаўнічую брыгаду.

Ён і цяпер такі ж працавіты, няўрымслівы. Трымае дзвюх козачак. Сам доіць, сам корміць. Каза — не карова, шмат корму не патрабуе. Уладзімір Пятровіч косіць траву, сушыць на зіму сена. Яшчэ з жыўнасці на яго падворку — куры. Прысядзібны ўчастак, а гэта болей за 20 сотак, увесь запатрабаваны, увесь выраблены. Але, кажа гаспадар, трэба яго скарачаць: ураджай бульбы няма куды збываць. Вядома, дапамагаюць Уладзіміру Пятровічу дзеці, бо ўсё-такі бацькавы 94 гады — даволі паважаны ўзрост.

Кажуць, чалавек сам каваль свайго шчасця. Але ж, каб вярнуцца з кровапралітнай вайны дамоў нават не параненым, трэба, мусіць, мець анёла-ахоўніка. Уладзімір Пятровіч удзячны Богу за такі лёс. І жыве на роднай зямлі доўга і дастойна.

А аб ваенных шляхах-дарогах ветэрана нагадваюць медалі “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!