Лукашэнка назначыў новы склад урада

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 чэрвеня назначыў новы склад урада.

Прэм’ер-міністрам назначаны Раман Галоўчанка, які да гэтага часу займаў пасаду старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Раман Галоўчанка мае вялікі вопыт работы на розных пасадах, у тым ліку на дыпламатычнай службе, ведае, як весці перагаворы, узначальваў ваенна-прамысловы комплекс.

«Я яго ўчора папярэдзіў, што ў нас урад — калектыўны орган. І ён — старшыня ўрада. Ён спікер гэтага ўрада. Пры галасаванні ён мае той жа адзін голас. Пры роўным галасаванні, вядома, перавага ў яго. Але, нягледзячы на гэта, ён галавой адказвае за дысцыпліну і парадак ва ўрадзе. За канчатковы вынік», — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт растлумачыў, чаму яго выбар прыпаў менавіта на Рамана Галоўчанку. «Таму што ў нас нібыта ў сельскай гаспадарцы мы нешта зрабілі, зразумелі, у якім напрамку рухацца. У сярэдзіне 90-х есці не было чаго, па талонах дзялілі прадукцыю, а сёння мы на $6 млрд прадаём гэтай прадукцыі, забяспечыўшы сябе. У прамысловасці мы таксама ведаем, што рабіць, але канкурэнцыя вельмі вялікая па нашых таварах, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — І ў прамысловасць нам трэба сур’ёзна ўнікаць і кантраляваць».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Раман Галоўчанка на папярэдняй рабоце займаўся прамысловасцю на самым высокім тэхналагічным узроўні. «Я хачу ад яго атрымаць больш высокі тэхналагічны ўзровень у прамысловасці. Ва ўсіх сферах, дзе гэта магчыма. Ён нядрэнны арганізатар», — сказаў Прэзідэнт.

«Але, самае галоўнае, — гэта надзейны чалавек, якому можна даверыць. Які разумее, ад зямлі, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Ён надзейны чалавек, патрыёт сваёй краіны, нарадзіўся і вырас у Беларусі. Аб’ездзіўшы ўвесь свет, ён не застаўся нідзе, ні ў адной краіне. Для нас вельмі важна цяпер, каб да ўлады прыйшлі патрыёты і прафесіяналы».

Першым віцэ-прэм’ерам назначаны Мікалай Снапкоў, а Аляксандр Субоцін зойме пасаду віцэ-прэм’ера. Старшынёй КДК назначаны Іван Церцель. Дзмітрый Крутой пераведзены на пасаду намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, а Валерый Бельскі назначаны памочнікам кіраўніка дзяржавы.

Перамены і ў міністэрскім корпусе. Новым міністрам архітэктуры і будаўніцтва стаў Руслан Пархамовіч, міністрам інфармацыі — Ігар Луцкі, прамысловасці — Пётр Пархомчык, фінансаў — Юрый Селіверстаў, ЖКГ — Андрэй Хмель.

Дзмітрый Матусевіч узначаліць Дзяржкамітэт па маёмасці, а Дзмітрый Пантус назначаны старшынёй Дзяржкамваенпрама.

«Сяргей Румас (былы прэм’ер-міністр. — Заўвага БЕЛТА), калі ён захоча працаваць у дзяржаўных органах і структурах, будзе працаваць. Страціць мы яго таксама не можам. Нікуды не дзенецца, працаваць будзе на краіну», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Румас, Мікулёнак — у сувязі з пераходам на іншую працу. Анфімаў, Дворнік — у сувязі з выхадам у адстаўку. Церахаў, Карлюкевіч, Уцюпін, Ермаловіч і Гаеў — таксама ў сувязі з пераходам на іншую працу. Яны будуць працаваць. Проста, час настаў зрабіць гэту ратацыю і замену некаторых кадраў. Астатнія запрошаныя на нараду кіраўнікі дзяржаўных органаў захоўваюць свае пасады ў новым складзе ўрада», — растлумачыў Прэзідэнт кадравыя змяненні, якія адбыліся.

«Мы сёння здаём экзамен. Не толькі я. І не столькі я — вы. Збяромся тут, здадзім гэты экзамен — захаваем краіну. І будзем ганарыцца тым, што час выбраў нас у гэты момант і ў гэты час. Экзамен — гэта выбары Прэзідэнта Беларусі», — рэзюмаваў беларускі лідар.

На заканчэнне ён папрасіў кіраўніка Адміністрацыі арганізаваць работу разам з кіраўнікамі парламента і прадставіць у калектывах назначаных службовых асоб.

«Вельмі вас прашу, збярыцеся і кожны зрабіце сваю работу», — даў наказ Прэзідэнт.

Лукашэнка: галоўная мэта сістэмы дзяржорганаў — забяспечыць устойлівы эканамічны рост

Кіраўнік дзяржавы назваў урад «эканамічным штабам і цэнтрам выпрацоўкі важнейшых рашэнняў».

«Неабходна знайсці формы і інструменты, якія прымусяць усю сістэму дзяржаўных органаў забяспечваць выкананне галоўнай мэты — дасягненне ўстойлівага збалансаванага эканамічнага росту з тэмпамі вышэйшымі за сярэднесусветныя. Іншага выйсця няма. Ніхто не павінен застацца ўбаку ад гэтай работы, і кожны павінен дакладна разумець сваю ролю ў гэтым працэсе», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў Беларусі адкрытая эканоміка, аднак меры для абароны ўласнага рынку прымаць усё ж неабходна. «Наш унутраны рынак невялікі, але і аддаваць яго ні ў якім разе нікому нельга. Гэта тое пытанне, якое стаіць перад урадам, і той урад не вырашыў гэта пытанне, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Спасылаліся на нейкія абавязацельствы. Паглядзіце, як Расія зрабіла. Узяла і закрыла граніцы, каб туды ніхто не ўвозіў ні салярку, ні бензін. Яна закрылася ад імпарту. Гэта што, правільна? Ды пляваць, пандэмія ўсё спіша, вось і закрыліся».

«Чаму іншыя краіны так абараняюць свой унутраны рынак? Яны ж нам не адкрылі яго. І нават калі мы да сваіх сяброў звяртаемся, калі хочам нешта прадаць, год-два марудзяць, пакуль мы не прадставім спіс і не пакажам, колькі, якім аб’ёмам і па якой цане мы будзем прадаваць сваю прадукцыю на іх рынках. Усе кіруюць гэтым, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Бяздумна аддаваць свой рынак замежным вытворцам нельга. Мае даручэнні па яго абароне папярэдні ўрад, на жаль, не выканаў, і прынцыповыя рашэнні вам неабходна прыняць у бліжэйшы час».

Аднак эканамічны рост павінен быць не толькі за кошт унутранага рынку, але пераважна за кошт экспарту і знешняга попыту. «Няма экспарту — няма валюты. Прычым праблему залежнасці ад рынку адной краіны трэба вырашыць канчаткова. Мы не можам нават ад брацкай Расіі залежаць на 50-55 працэнтаў. Мы павінны дыверсіфікаваць рынкі», — заявіў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што раней ужо былі прыняты рашэнні аб неабходнасці развіцця экспарту ў краіны блізкага і далёкага замежжа, пошуку новых рынкаў, і ў гэтым напрамку патрэбны сур’ёзныя зрухі.

Кіраўнік дзяржавы таксама чакае ад новых кіраўнікоў вырашэння праблем у прамысловай сферы. «Мінпрам так і не стаў міністэрствам прамысловай палітыкі, а па-ранейшаму працуе толькі з групай падпарадкаваных прадпрыемстваў. Гэтага мала сёння, — сказаў ён. — З-за гэтага ўпускаецца рашэнне такіх узаемазвязаных задач, як імпартазамяшчэнне і павышэнне якасці выпускаемай прадукцыі. Пакуль мы не дасягнём канкурэнтнай цаны і якасці, спажывец будзе рабіць выбар на карысць замежнага тавару. Мы можам гэта зрабіць і па многіх пазіцыях навучыліся гэта рабіць. Трэба па многіх пазіцыях падцягнуць вытворчую і тэхналагічную дысцыпліну».

У ліку найважнейшых задач для новага ўрада Прэзідэнт назваў эфектыўнае кіраванне дзяржмаёмасцю. «Яна павінна прыносіць даход, але ні ў якім разе гэта маёмасць або прадпрыемства не павінны хадзіць і патрабаваць грошы з бюджэту. Так, бывае складана, цяжка і трэба падтрымаць. І мы падтрымаем іх. Не таму, што яны дзяржаўныя, а таму, што там працуюць нашы людзі, і яны павінны мець магчымасць атрымаць даход і ўтрымліваць сваю сям’ю», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Да кіравання дзяржаўнымі актывамі, перш за ўсё прадпрыемствамі, трэба падыходзіць з пазіцыі выбудоўвання эфектыўнага бізнесу. Такога, які можа канкурыраваць на сусветным рынку і прыносіць прыбытак», — дадаў Прэзідэнт.

«Мы вытрымаем і пераможам» — Лукашэнка арыентаваў урад на пераадоленне сучасных выклікаў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, назначаючы новы склад урада, арыентаваў усіх на інтэнсіўную работу для пераадолення сучасных цяжкасцей і выклікаў.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму палічыў патрэбным сабраць на нараду ўсіх новых кандыдатаў, а таксама тых кіраўнікоў, якія прадоўжаць працаваць на ранейшых пасадах. «Стан спраў, што складваецца ва ўсім свеце, а значыць, і ў нашай краіне, вы ўсе ведаеце. Вялікая колькасць новых выклікаў, якія сканцэнтраваліся ў сціслы перыяд часу, патрабуюць максімальнай мабілізацыі намаганняў усіх дзяржаўных органаў і найперш урада, — сказаў ён. — Гэта мацнейшая праверка нашай стойкасці і захавання дзяржавы. Мы павінны вытрымаць гэта. І мы вытрымаем, не першы раз, і пераможам».

Папярэдні склад Савета Міністраў пад кіраўніцтвам Сяргея Румаса прапрацаваў тры гады. «За гэты час удалося захаваць збалансаванасць у эканоміцы па большасці паказчыкаў. Сумесна з Нацыянальным банкам забяспечана ўстойлівасць на фінансавым рынку, выраслі даходы насельніцтва, рэалізаваны шэраг значных інвестыцыйных і інфраструктурных праектаў», — канстатаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цяпер мала не дапусціць спаду эканомікі і ўзроўню жыцця людзей. «Неабходна ўмець не толькі працаваць у складаных і непрадказальных умовах, але і бачыць шляхі развіцця там, дзе іх не бачаць іншыя. А калі стаіць пытанне нашай выжывальнасці, мы ўсе павінны зразумець і ўбачыць гэтыя шляхі, — адзначыў Прэзідэнт. — Выхопліваць і выкарыстоўваць кожны шанц, кожную магчымасць для руху. Для гэтага нам трэба без прыкрас ацаніць праведзеную работу: што дасягнута на сёння, а што не, сумленна адказаць на пытанне: «Чаму?», зрабіць высновы і вызначыць увесь спектр задач, якія стаяць перад намі — і неадкладных, і сярэднетэрміновых, і стратэгічнага характару».

Асаблівую ўвагу новаму складу ўрада варта засяродзіць на вырашэнні задач, якія стаяць перад сферамі, найбольш блізкімі да людзей, — жыллёва-камунальная гаспадарка, будаўніцтва, аграрная галіна.

«Нам трэба заняцца самым сур’ёзным чынам пытаннямі рэгіянальнай палітыкі, каб падцягнуць да вялікіх гарадоў раёны, якія адстаюць ад узроўню і якасці жыцця. Прыкладна тое, што мы пачалі рабіць па Віцебскай вобласці. Гэта задача не толькі мясцовых улад. І ўраду трэба будзе сістэмна вырашаць гэту праблему. У нас жа кампактная, кіруемая краіна, — сказаў Прэзідэнт — Помніце, што ўсе прапанаваныя рашэнні павінны праходзіць праз прызму ацэнкі іх уплыву на патрэбы і запатрабаванні чалавека — дастойныя рабочыя месцы, узрастаючыя даходы, даступныя цэны на тавары і паслугі».

Па многіх пытаннях у дзяржаве ўжо былі прыняты неабходныя рашэнні, і новым кіраўнікам трэба неадкладна пачаць іх выкананне, а таксама сфарміраваць свае прапановы. «Я вельмі разлічваю, што праграма дзейнасці ўрада комплексна ахопіць шляхі вырашэння ўсіх пастаўленых перад краінай задач і ва ўстаноўленыя Канстытуцыяй тэрміны будзе прадстаўлена парламенту», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: усе рашэнні, якія ўплываюць на лёс Беларусі, павінны прымацца толькі ўнутры краіны

«Як зрэнку вока мы павінны берагчы нашу незалежнасць і суверэнітэт. Іх эканамічны складнік — зона адказнасці нашага ўрада. У гэтай сферы нельга дапусціць ніякай страты нацыянальных паўнамоцтваў. Усе рашэнні, якія ўплываюць на лёс Беларусі, павінны прымацца толькі ўнутры краіны і намі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў аб многіх істотных дасягненнях краіны за час незалежнасці, значных, прарыўных праектах, такіх, як арганізацыя пад Мінскам высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла, рэалізацыя касмічных праграм, з’яўленне ў краіне ІТ-галіны. У бліжэйшы час у Беларусі будзе запушчаны першы блок атамнай электрастанцыі. «Атрымаем электраэнергію, і не трэба перажываць, што яе няма куды дзяваць будзе — народу аддадзім, — прапанаваў Прэзідэнт. — Знойдзем мы, як знізіць кошт электрастанцыі і тарыфаў на электраэнергію».

«Мы стварылі новую ІТ-галіну. Мы замахнуліся не проста на лічбавізацыю — на штучны інтэлект. Нас ведаюць і паважаюць у свеце. Мы зрабілі гэта і шмат-шмат іншых праектаў. А гавораць, што мы сядзелі на месцы і не займаліся новымі і найноўшымі тэхналогіямі. Можна сказаць: я магу больш. Але калі можаш больш, то пакажы грошы. Дзе ты возьмеш грошы, каб зрабіць больш?» — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Відавочны таксама дасягненні ў асваенні касмічнай прасторы. «Хто мог падумаць (у тыя гады, калі Беларусь толькі набыла незалежнасць. — Заўвага БЕЛТА), што гэта збяднелая краіна зможа пранікнуць у космас і стаць у шэраг з 20-30 касмічнымі дзяржавамі? І нас прынялі ў гэты шэраг», — канстатаваў беларускі лідар.

Ён таксама звярнуў увагу на айчынныя распрацоўкі ў галіне ўзбраенняў і ракетабудавання. «Не ўсё было гладка і прыемна, але мы зрабілі гэта. І сёння любы, хто зробіць замах на нашу зямлю, разумее, што ракета гэта залятае ў фортачку. Гэта высокадакладная зброя. Я ні ў якім выпадку нікому не пагражаю. Мы ні на каго не збіраемся нападаць, але маем усё для таго, каб абараніць сваю краіну, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Гэта адказ тым, хто думае, што мы тут закасцянелі і нічым не займаемся».

Тым не менш ёсць катэгорыя людзей, якія не бачаць або не хочуць бачыць дасягненняў Беларусі. «Яны становяцца ў чаргу, недзе нехта крычыць, дэманструе нешта і гэтак далей. Праўда, на некаторых паглядзелі ў Гродне, дык яны добра ўладкаваліся. «Лукашэнка дрэнны», а самі жывуць у палацах. Нейкая 80-гадовая жанчына крычала. Прыслалі мне фатаграфію: асабняк сына і яе асабняк на адной пляцоўцы. Чаго табе не хапае?», — сказаў Прэзідэнт.

Адно з найважнейшых дасягненняў Беларусі — мір і стабільнасць, аднак некаторыя і пра гэта забываюць.

«Адзіная постсавецкая краіна, якая не бачыла гора. Некаторым беларусам здаецца, што гэта недзе далёка Украіну разбурылі, ідзе вайна там, адсеклі частку тэрыторыі. Недзе далёка Малдова, якую падзялілі папалам, — Прыднястроўе і заходняя частка. Забылі, як у Літве ваявалі, з боем адстойваючы незалежнасць і суверэнітэт у савецкія часы пры Гарбачове. Забылі, што сёння яшчэ палае Каўказ, армяне з азербайджанцамі ваююць, не могуць дагаварыцца. Забылі, што Грузія страціла амаль трэць сваёй тэрыторыі — спачатку Абхазію, потым Паўднёвую Асецію. Нарэшце, ніхто не ведае, як мой сябар Рахмон з кулямётам наперавес хадзіў у сталіцу Таджыкістана Душанбэ, каб навесці парадак, колькі загінула там людзей, як з барадачамі змагаліся. Забылі, як былы Прэзідэнт Карымаў у Андыжане падавіў путч, расстраляўшы тысячы чалавек. Усе асуджалі яго, а калі памёр — на каленях стаялі, рыдалі-плакалі. Мы гэтага не перажылі, таму мы гэтага разумець не хочам — некаторыя. Ну, дык мы нагадаем», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ацэньваючы пройдзены этап, ён прызнаў, што некаторыя вынікі маглі быць і лепшыя. «Час і магчымасці для гэтага былі. Але былі і аб’ектыўныя прычыны, — сказаў ён. — Бяда навалілася з гэтай пандэміяй. Калі б яе не было, мы спакойна жылі б і працавалі». Аляксандр Лукашэнка адказаў на папрокі тых, хто лічыць дзеянні Беларусі па барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй няправільнымі. «Нашы беларусы дзякуюць урачам, што мы змагаемся за кожнае жыццё, што ў нас на два парадкі менш смярцей, чым у такіх жа краін і нашых суседзяў. Не, трэба камень у агарод кінуць. А што не так? Што ў нас не так, як у іншых? Што мы не ізалявалі і на каранцін не адправілі беларусаў? Што мы не аб’явілі каменданцкую гадзіну? Дык сёння ўвесь свет пацвярджае, што Лукашэнка меў рацыю», — сказаў Прэзідэнт. Па яго даручэнні чыноўнікі на самым высокім узроўні пастаянна кантралююць развіццё эпідэміялагічнай сітуацыі, прымаюцца меры для захавання жыццяў людзей.

«Мы стварылі сваю краіну, дзе могуць жыць нашы дзеці. Сёння той момант, калі яе трэба адстаяць, абараніць. Вы бачыце, што нас на часткі разрываюць, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Некаторыя думаюць: вось цяпер з неба ўсё зваліцца. Глядзіце, каб у Сірыю не паехалі ваяваць і ў Лівію. І не дай бог за свае кавалкі зямлі давядзецца ваяваць, адстойваючы іх. Хачу звярнуць увагу некаторых беларусаў на гэта. Любыя рашэнні мы павінны прымаць тут, у інтарэсах беларускага народа, і ў нас ёсць усе магчымасці для гэтага».

«Дзе грошы, якія ашуканскім чынам атрымаў» — Лукашэнка адрасаваў пытанне аднаму з патэнцыяльных кандыдатаў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў задаць некалькі пытанняў аднаму з патэнцыяльных кандыдатаў на праходзячай у краіне электаральнай кампаніі.

«Вы ў яго спытайце, задайце адно пытанне: што такое кампанія «ПрыватЛізінг»? Другое пытанне: дзе грошы трымае, якія ашуканскім чынам атрымаў у Беларусі?» — абазначыў пытанні кіраўнік дзяржавы.

«Няхай ён растлумачыць, што такое інвестыцыі ў дзеючыя дзяржпрадпрыемствы (дапусцім, на МТЗ я нядаўна быў), пры якіх застанецца не 18 тыс. працуючых, а 1,8 тыс. — Мы астатнім дадзім па 500-600 не тое рублёў, не тое долараў, няхай яны перавучваюцца на іншыя спецыяльнасці (аб прапановах патэнцыяльнага кандыдата. — Заўвага БЕЛТА). У мяне паўстае пытанне: чалавек прэзідэнтам жа збіраецца выбірацца? Заявіць перад выбарамі аб тым, што ён выкіне на вуліцу… Таму што інвестар больш не пакіне. Але ёсць другое пытанне: а што застанецца на гэтым прадпрыемстве, што яно будзе вырабляць? Яно будзе вырабляць балты і гайкі, ніякіх кампетэнцый, канструктарскіх навацый і іншага не будзе», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

«Я іх (патэнцыяльных кандыдатаў. — Заўвага БЕЛТА) пакуль не крытыкую. Я проста задаюся пытаннем, калі мне прэс-сакратар кладзе агляд усіх іх заяў. Думаю: Божа мой, гэта ж элементарна, ну памаўчы ты, пастарайся неяк нешта ўпакаваць, каб народ супраць цябе не галасаваў», — дадаў Прэзідэнт.

Лукашэнка нагадаў аднаму з патэнцыяльных кандыдатаў, каб той расказаў аб прычынах звальнення

«Адзін заяўляе, што ён лічбавы парадак дня выпрацаваў у Беларусі і стварыў IT-парк. Дык вось павінен сказаць: я папрасіў, каб ён расказаў, чаму яго звольнілі, такога знакамітага. Дагэтуль не гаворыць. Мы чакаем. Прыйдзе час, трэба — скажам, — адзначыў Прэзідэнт. — Гэта ж да хлусні дайсці… Пытаюцца: на чые грошы вядзеш гэту кампанію? — Я дом прадаў і на гэтыя грошы вяду кампанію. Нават калі прадаў, то гэтых грошай хопіць на адзін тыдзень, каб тысячу чалавек штаб утрымліваць або нават 500 і весці гэту кампанію».

«Але вы паглядзіце, як прадаў? Ён жа жыве ў гэтым доме. Ён прадаў дом свой нейкай кампаніі, яна яму заплаціла грошы, але ён там жыве. Што гэта такое? Гэта фінансаванне перадвыбарнай кампаніі. І ён, нахабнік, выходзіць, і такі чысты, пушысты. Ён расказвае, што я яго бабулі спадабаўся, таму што ведаў, колькі свінаматка можа нарадзіць парасят. Паўстае пытанне, а табе ж я чым тады спадабаўся. Чаму ты ад Шушкевіча прыбег да мяне на каленях прасіць? Мы ж гэта не забылі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«І потым, ён проста не разумее, колькасць жа народжаных парасят ад свінаматкі і іх якасць не залежыць ад свінаматкі. Гэта яшчэ залежыць ад кныра. І калі будзе такі кныр, як гэты чалавек, то мёртванароджанымі будуць парасяты», — заўважыў беларускі лідар.

«Я не разумею. Яны змагаюцца за прэзідэнцкае крэсла або яны адной заявай выкраслілі 30 працэнтаў сельскага насельніцтва. А вазьміце, хто звязаны з вёскай… Гэта ж мы ўсе адтуль. І мы разумеем, што такое певень, які топча курэй, як ён там заявіў, і гэтак далей. І што такое свінаматка», — рэзюмаваў ён.

Лукашэнка: мы стварылі суверэнную дзяржаву, і мы гэту краіну нікому не аддадзім

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што мае намер зрабіць усё неабходнае для захавання суверэнітэту і незалежнасці беларускай дзяржавы.

«Нам дасталася краіна. Мы стварылі першую незалежную суверэнную дзяржаву. І мы гэту краіну нікому не аддадзім, каб з яе здзекаваліся, дэстабілізавалі кожны дзень, парвалі на кавалкі і камусьці аддалі», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў яго складваецца ўражанне, што некаторыя патэнцыяльныя кандыдаты цяперашняй электаральнай кампаніі сапраўды прыйшлі і за нечыя грошы хочуць перавярнуць краіну, дэстабілізаваць абстаноўку. «А вы бачыце, за чые грошы», — заўважыў ён.

«Запомніце вы і ўсе, хто мяне пачуе: краіну яны не атрымаюць. Мы яе два з лішнім дзясяткі гадоў, збіраючы па крысе, ствараючы гэту квітнеючую краіну, рабілі не для таго, каб яны прыватызавалі яе і пусцілі з торбамі гэтых няшчасных, якія заўсёды пад бізуном хадзілі. Мы не дазволім падзяліць Беларусь, як гэта было ў 39-м годзе. Пад Мінскам мяжа была заходняя», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.