Выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” выпусціла кнігу “Сімвалы Беларусі”. Выданне даступнае на розных мовах, яго аб’ём — больш за 200 старонак, яно прадстаўлена на беларускай, рускай і англійскай мовах.

Фота mediana.by
Кнігу падрыхтавалі разам з Музеем сучаснай беларускай дзяржаўнасці і прысвяцілі галоўным сімвалам суверэннай Беларусі. Сярод іх гімн, герб, сцяг, Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце, Канстытуцыя. У кнізе прадстаўлены і такія сімвалы незалежнасці, як Нацыянальная акадэмія навук, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Вялікі тэатр оперы і балета, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і кінастудыя «Беларусьфільм». На старонках кнігі можна знайсці і духоўныя сімвалы нацыі — Еўфрасінню Полацкую і яе крыж, Жыровіцкі абраз Божай Маці, Тураўскае Евангелле, Калож-скую царкву і Полацкі Сафійскі сабор, слуцкія паясы.
Важнае месца займаюць і архітэктурныя сімвалы — Палац Незалежнасці, Плошча Перамогі, Нясвіжскі і Мірскі замкі. Многае сказана і пра веліч беларускай прыроды — яе прадстаўляюць буслы і зубры, унікальную прыгажосць і карысць — Нацыянальны парк “Белавежская Пушча”, Бярэзінскі біясферны запаведнік, Браслаўскія азёры і найпрыгажэйшае возера Нарач.
Ёсць і раздзел, прысвечаны людзям-сімвалам, якія праславілі сінявокую ва ўсім свеце.
Выданне прыйдзецца даспадобы тым, хто цікавіцца гісторыяй і сучаснасцю нашай краіны, — прыезджым і гасцям, моладзі і даросламу пакаленню.
Па інфармацыі БелТА.