Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 8 °C

Урачы робяць вялікую справу — Лукашэнка

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Пост опубликован: 30.11.2020

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 лістапада наведаў 6-ю гарадскую клінічную бальніцу Мінска.

Як далажыў Аляксандру Лукашэнку галоўны ўрач медустановы Ігар Юркевіч, медыцынскую дапамогу хворым на каранавірус аказваюць больш як тысяча супрацоўнікаў. З пачатку эпідэміі ў клініцы дапамаглі 5,5 тыс. людзей з інфекцыяй COVID-19. Цяпер ва ўстанове знаходзяцца 767 пацыентаў, з іх 28 — у рэанімацыі.



Заслухаўшы даклады, Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з арганізацыяй лячэння грамадзян і накіраваўся ў блок з пацыентамі, якія захварэлі на каранавірус. Затым кіраўнік дзяржавы наведаў Гарадскі цэнтр трансфузіялогіі. Тут яму расказалі, як арганізавана працэдура данацыі. Паводле слоў урачоў, штодзень у цэнтры абслугоўваюць 120-150 донараў крыві, плазмы і трамбацытаў. «Кожны донар абследуецца на колькасць антыцелаў», — растлумачылі Прэзідэнту.

Сярод донараў, якія здавалі кроў у аддзяленні, аказалася і ўрач. «Яна павінна лячыць людзей, а вы з яе яшчэ і кроў бераце», — пажартаваў Аляксандр Лукашэнка.

6-я гарадская клінічная бальніца — адна з вядучых устаноў аховы здароўя Мінска. Бальніца мае даўнюю гісторыю і сёння з’яўляецца шматпрофільнай установай магутнасцю 950 ложкаў. Тут дапамагаюць жыхарам сталіцы па тэрапеўтычным, хірургічным, траўматолага-артапедычным і акушэрска-гінекалагічным профілях.

На базе клінікі працуюць Гарадскі цэнтр трансфузіялогіі, Мінскі гарадскі клінічны цэнтр траўматалогіі і артапедыі, Рэспубліканскі цэнтр хірургіі кісці, Гарадскі цэнтр астэаміэлітаў, Эндаскапічны цэнтр Партызанскага раёна.

З лютага аддзяленні бальніцы перапрафіляваны ў інфекцыйныя. Медыцынскую дапамогу хворым на каранавірус аказваюць больш як 1 тыс. супрацоўнікаў. З пачатку эпідэміі ў клініцы дапамаглі 5,5 тыс. людзей з інфекцыяй COVID-19. Штодзень у бальніцы знаходзяцца больш за 700 такіх пацыентаў.

Лукашэнка: увесь свет пераканаўся, што Беларусь выбрала правільны шлях барацьбы з COVID-19

Увесь свет пераканаўся, што Беларусь яшчэ ў час першай хвалі пандэміі выбрала правільны шлях барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з калектывам 6-й гарадской клінічнай бальніцы.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што высокая захваральнасць на каранавірус з’яўляецца вельмі сур’ёзнай праблемай для краіны і для яго як яе кіраўніка, хоць Беларусь ужо сутыкалася з ёй у першую хвалю і напрацавала пэўны вопыт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яшчэ пры з’яўленні каранавіруса папярэджваў, што вельмі важна ў процідзеянні інфекцыі не дапусціць панікі. «Галоўнае пры лячэнні такіх хворых — гэта псіхіка. Гэта тое, пра што я вам інтуітыўна гаварыў у свой час, калі ў нас пачала развівацца гэта хвароба. Паніка, псіхіка і, як я гаварыў, каронапсіхоз — цяпер ужо ўсе гэты тэрмін засвоілі, — адзначыў Прэзідэнт. — Вы мой пункт гледжання ведаеце, ён не змяніўся з таго часу. Ён умацаваўся, я ў сваіх перакананнях умацаваўся. Некаторыя з вас, якія, будзем гаварыць шчыра, мала верылі ў тое, што я гаварыў, нарэшце зразумелі, што я ў нечым меў рацыю».

Кіраўнік дзяржавы чарговы раз падкрэсліў, што каранавірус даўно перастаў быць толькі медыцынскай праблемай. «Гэта ўжо не проста ваша (урачоў. — Заўвага БЕЛТА) праблема, гэта палітычная ўжо, эканамічная хвароба. Калі трэба адгарадзіцца ад некага — закрываюць граніцу пад выглядам кавіду, калі нехта на некага хоча націснуць палітычна — выкарыстоўваюць кавід», — звярнуў увагу ён.

«Важна, што ўвесь свет пераканаўся, што мы тады прайшлі гэты шлях правільна, — канстатаваў беларускі лідар. — Мы гэты шлях прайшлі дастойна — адзіныя ў свеце».

Лукашэнка гарантаваў захаванне даплат медыкам за работу з кавіднымі хворымі

«Даплаты ніхто не здыме, гэта ўстаноўлена ўказам Прэзідэнта, ніхто не мае права адмяніць гэты ўказ», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што з-за гэтых дадатковых выплат работнікі аховы здароўя ў агульнай статыстыцы па ўзроўні заработнай платы значна апярэджваюць шэраг іншых катэгорый бюджэтнікаў. Па сутнасці, ужо цяпер дасягнуты той узровень сярэдняй зарплаты медработнікаў, які планавалася забяспечыць да канца пяцігодкі.

Цяпер, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, стаіць задача падцягнуць узровень заработнай платы работнікаў іншых сфер.

Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу і на іншыя меры дзяржаўнай падтрымкі сістэмы аховы здароўя, у тым ліку закупку абсталявання, аснашчэнне сучасных рабочых месцаў для ўрачоў з усім неабходным інструментарыем.

На сустрэчы з кіраўніком дзяржавы медыкі адзначылі, што ў час першай хвалі захваральнасці адчувальнай была таксама дапамога валанцёраў і спонсараў, а да гэтага этапу такія віды падтрымкі практычна адсутнічаюць. «Галоўная прычына ў тым, што наш народ расслабіўся, — сказаў у адказ Прэзідэнт. — Тады быў востры перыяд, усе крычалі, баяліся… А цяпер думаюць: ды чаго там. Па-першае, а па-другое, там шмат было палітыкі. Вельмі многія лавілі хайп. Хайп злавілі, запосціліся — і ўсё нармальна, больш нічога не трэба».

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што Беларусь справіцца з сітуацыяй сваімі сіламі. «Давайце мы самі будзем лячыць», — адзначыў ён. А вось наконт дзейнасці валанцёраў паабяцаў дапамагчы: «Проста мы іх не арганізавалі. Валанцёры павінны быць. Вывучыце гэта пытанне, асабліва ў Мінску, — па валанцёрах. Трэба дапамагчы».

Лукашэнка паабяцаў наведаць шэраг медустаноў, занятых у лячэнні хворых на каранавірус

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што з наведвання 6-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска пачнецца серыя яго візітаў па медыцынскіх установах рэгіёнаў краіны. Прэзідэнт, паводле яго слоў, мае намер наведаць бальніцы ў кожнай з абласцей Беларусі, каб асабіста ўпэўніцца ў тым, што дапамога аказваецца на высокім узроўні, і вывучыць, як удасканаліць працэс лячэння.

У якасці магчымых месцаў наведвання кіраўнік дзяржавы назваў Магілёў, Гродна і Мінскую вобласць.

«Гэта толькі пачатак. Я маю намер пабываць ва ўсіх абласцях, — сказаў ён. — Калі вельмі востры перыяд — трэба ўдасканальваць сістэму, і мы бачым, чаго не хапае».

У прыватнасці, калі быў выяўлены недахоп апаратаў камп’ютарнай тамаграфіі, партыя гэтых апаратаў была закуплена і пастаўлена ў Беларусь пры садзейнічанні Міхаіла Гуцарыева.

Чакаецца, што з рэспубліканскага бюджэту дзяржава накіруе на барацьбу з пандэміяй да канца года больш як Br800 млн.

Лукашэнка: каранавірус можа застацца назаўсёды, таму нам трэба вырабляць сваю вакцыну

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перакананы, што ў краіне павінны навучыцца вырабляць сваю вакцыну ад каранавіруса.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што расійскае кіраўніцтва прапанавала Беларусі штам вакцыны, каб у краіне змаглі арганізаваць яе вытворчасць. Паўдзельнічаць у фінансаванні хацеў і расійскі бізнес. «Але я прыхільнік, каб дзяржаўнае прадпрыемства гэта рабіла. У нас прадпрыемствы могуць вырабляць гэту вакцыну, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Яшчэ незразумела, можа, гэта зараза застанецца назаўсёды і нам, як ад грыпу, давядзецца прышчэплівацца. Таму трэба вырабіць гэту вакцыну».

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі знойдуць магчымасць, каб арганізаваць вытворчую лінію на базе прадпрыемства «Белмедпрэпараты».

Лукашэнка анансаваў сур’ёзныя змяненні ў сістэме медыцынскай адукацыі

У сістэме вышэйшай медыцынскай адукацыі плануюцца сур’ёзныя змяненні. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час сустрэчы з калектывам 6-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска.

«Мы вельмі сур’ёзна з наступнага года зменім сістэмы вышэйшай адукацыі. Асноўная ўвага будзе ўдзелена мэтаваму напрамку: ты накіраваў абітурыента ў медуніверсітэт, ён вучыцца, ты яму дапамагаеш і плаціш стыпендыю — забірай яго на работу», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

У час сустрэчы ўрачы закранулі таксама жыллёвае пытанне. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў сваім жыллі маюць патрэбу прадстаўнікі многіх прафесій, не толькі ўрачы. Ён нагадаў, што цяпер асаблівая ўвага ўдзяляецца будаўніцтву арэндных кватэр, развіццю гарадоў-спадарожнікаў.

«Калі чалавек атрымае гэтыя чатыры сцяны — гэта падарунак. Гэта танна, для краіны пад’ёмна. І гэтым шляхам трэба ісці для таго, каб забяспечыць спецыялістаў», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Якія планы Захад выношвае супраць Беларусі? Лукашэнка на сустрэчы з урачамі агучыў зводкі спецслужбаў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з калектывам 6-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска агучыў вытрымкі з даных спецслужбаў, у якіх апісваецца стаўленне заходніх палітыкаў да падзей у Беларусі і іх планы адносна краіны.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, інфармацыю «аб тым, што адбываецца вакол Беларусі» ён атрымаў літаральна напярэдадні ад Камітэта дзяржаўнай бяспекі. «Гэта арыгіналы», — заявіў Прэзідэнт.

Сярэдзіна жніўня. Што гаварылі ў Варшаве пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі?

Першымі Аляксандр Лукашэнка прывёў словы польскага прэм’ера: «Будучыня Беларусі прынцыповая для Польшчы. Заходнія тэрыторыі Беларусі гістарычна належаць Польшчы… Варшава зрабіла мноства канкрэтных крокаў для дапамогі беларускай рэвалюцыі: фінансавая падтрымка праз польскія і польска-амерыканскія праграмы салідарнасці з ахвярамі рэжыму Лукашэнкі, запрашэнне беларускіх студэнтаў, спрашчэнне правіл перасячэння граніцы, падтрымка незалежных СМІ».

Паводле слоў Прэзідэнта, афіцыйныя асобы Польшчы заклікаюць НАТА заснаваць спецыяльныя сілы бяспекі ў складзе арміі краін Балтыі і Польшчы. Паводле задумы, гэта армія можа быць задзейнічана для барацьбы з беларускай уладай. «Перамога рэвалюцыі ў Беларусі — таксама нацыянальны інтарэс Польшчы», — прадоўжыў зачытваць заявы польскага прэм’ер-міністра Аляксандр Лукашэнка.

Канец жніўня. Як Польшча прапаноўвала стварыць штучны крызіс у Беларусі

Агучваючы наступную інфармацыю, Прэзідэнт заўважыў: «Гэта размова адбылася 31 жніўня: «Час для прамых перагавораў паміж рэжымам і апазіцыяй яшчэ не настаў. Рэжым Лукашэнкі яшчэ вельмі з’яднаны, армія і КДБ падтрымліваюць яго, а рабочыя наогул не падтрымліваюць ніякай рэвалюцыі. Цяпер мы павінны чакаць і ісці за  развіццём падзей».

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Польшча прапаноўвала стварыць у Беларусі сітуацыю, каб яе эканоміка абвалілася, рубель абясцэніўся, а паліцы ў магазінах сталі пустымі. «Мы павінны пераканаць Турцыю, Грэцыю, Азербайджан, Арменію не экспартаваць прадукты харчавання з-за небяспекі каранавіруса», — агучыў чарговыя задумы палякаў Прэзідэнт.

Сярэдзіна верасня. Польшча мяняе планы пасля няўдалага перавароту ў Беларусі

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў верасні польскі ўрад прыйшоў да высновы, што змяніць сітуацыю ў Беларусі ваеннымі сіламі пакуль нельга.

«Аднак трэба быць гатовымі да гэтага сцэнарыя ў любым выпадку. Мы павінны вырашыць дзве праблемы. Першая: мы павінны падрыхтавацца да ваеннага вырашэння праблемы, запусціць адпаведныя механізмы, якія неабходны для гэтага вырашэння. Другая: мы павінны прадэманстраваць Расіі, што супраць выкарыстання ёю любых узброеных структур у Беларусі», — заяўлялі ў Польшчы.

Канец верасня. Што прапаноўвала Захаду беларуская апазіцыя?

У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка таксама агучыў вытрымкі з размовы Паўла Латушкі з міністрам замежных спраў Чэхіі. Паводле слоў беларуса, «у дэмакратычнай апазіцыі ніколі не было такіх добрых шанцаў звергнуць дыктатуру ў Беларусі, як цяпер». Ён заяўляў аб неабходнасці міжнароднага прызнання так званага каардынацыйнага савета. «Каардынацыйны савет лічыць, што галоўная мэта ў тым, каб ізаляваць працэс канстытуцыйнай рэформы, прапанаваны Лукашэнкам», — прадоўжыў цытату Прэзідэнт.

«Ніякая Канстытуцыя ім не патрэбна, ніякія канстытуцыйныя пераўтварэнні ім не патрэбны, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Калі прымем новую Канстытуцыю, там будзе размеркаванне ўлады. А ім патрэбны Прэзідэнт з цяперашняй уладай».

Таксама, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, каардынацыйны савет у час кантактаў з Захадам выступаў за ваеннае вырашэнне сітуацыі ў Беларусі.

Кастрычнік. Як у Польшчы хацелі пераключыць увагу са сваіх праблем на Беларусь

У кастрычніку Польшча сутыкнулася з палітычным крызісам. Пандэмія прывяла да эканамічных праблем. «Урад мае патрэбу ў альтэрнатыўных рашэннях. Неабходна скарыстаць рэвалюцыю ў Беларусі ў сваіх інтарэсах. Калі Пуцін хоча нармалізаваць адносіны з Захадам, ён павінен здаць Лукашэнку», — прывёў словы польскага прэм’ера Прэзідэнт. Гэтыя заявы ён назваў асабліва цынічнымі і ўнікальнымі.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ніколі не прасіў расійскае кіраўніцтва аб дапамозе. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Уладзімір Пуцін, даведаўшыся аб падзеях у Беларусі, сам прапанаваў падставіць плячо. Ён разумеў: наступнай будзе Расія.

Лістапад. Украіна ўключаецца ў барацьбу супраць Беларусі

У зводках КДБ таксама былі даныя аб размове міністра замежных спраў Украіны з нямецкім калегам: «Мы страчваем нашы магчымасці, не прымаючы рашучых мер. Еўрасаюзу трэба ўвесці сур’ёзныя санкцыі супраць Беларусі, каб паралізаваць дзейнасць дзяржавы, бізнесу і вытворчасцей».

«Ім што патрэбна? — выказаў неўразуменне Прэзідэнт. — Нават расіяне на мяне заўсёды крыўдзіліся: «Чаму ты ўкраінцаў падтрымліваеш?»

Аднак, нягледзячы на братэрскія адносіны паміж беларускім і ўкраінскім народамі, пад Кіевам усё роўна з’явіўся цэнтр інфармацыйнага ўздзеяння на Беларусь, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. «Простыя людзі да нас вельмі добра ставяцца, па-чалавечы, таму што мы да іх па-братэрску ставіліся, — дадаў ён. — Але які цынізм: спазняемся, трэба хутчэй душыць Беларусь».

Кіраўнік дзяржавы таксама агучыў выступленне аднаго з міністраў замежных спраў ЕС на пасяджэнні напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Малдове: «Мы плануем выціснуць Расію з Украіны і Малдовы. Будзем садзейнічаць інтэграцыі гэтых краін у НАТА, што магчыма нават у рамках «Усходняга партнёрства».

На гэтым жа пасяджэнні выступіў прадстаўнік ЗША: «У Расіі мы хочам паскорыць працэс дэзынтэграцыі: мясцовыя ўлады павінны атрымаць больш паўнамоцтваў, цэнтральная ўлада павінна быць абмежавана. Мы будзем падтрымліваць унутраны канфлікт у расійскім грамадстве. Існуючае кіраўніцтва ў Расіі можа страціць уладу з-за падзей у Беларусі».

Прэзідэнт падкрэсліў, што Захад зацікаўлены ў крызісе ў Беларусі, які падарваў бы пазіцыі Расіі. На думку палітыкаў ЕС, надышоў гістарычны шанц спыніць расійскі ўплыў. «Вось у чым галоўны сэнс, і мы бар’ер на гэтым шляху. На нас павінны патрэніравацца», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Але, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, сярод лідараў краін Еўрапейскага саюза ёсць і тыя, якія станоўча ацэньваюць лад беларускай дзяржавы. Называць іх Прэзідэнт не стаў, але зачытаў заявы: «Беларусь праводзіць правільную палітыку, захоўваючы сваю эканоміку ў руках дзяржавы. Беларусь не існавала б без моцнага дзяржаўнага ладу. Мы рэалізуем свой нацыянальны шлях развіцця на аснове дзяржаўных кампаній і банкаў. Прэзідэнт Лукашэнка правільна разумее, што ў кіраўніцтве павінна быць адзінства. Мы павінны вучыцца на вопыце Беларусі, у нас павінна быць моцная ідэалагічная аснова».

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што падзяліўся гэтай інфармацыяй, каб людзі разумелі яго настроі і дзеянні. «І каб некаторыя ацанілі свае дзеянні», — дадаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусі ёсць чым адказаць на агрэсію, у тым ліку і ваенную. «Усе мы хочам суверэнітэту і незалежнасці, але незалежнасць вельмі дарагая рэч. Калі беларускі народ гатовы ўтрымліваць гэту незалежнасць, змагацца за яе, чаго б нам гэта ні каштавала, давайце будзем змагацца. Каб чарговы раз нас зноў не адкідвалі і не абувалі ў лапці і не адпраўлялі запрэжанымі ў калёсы. Вось усё пытанне і мой настрой як чалавека. Адсюль і мае дзеянні», — сказаў на заканчэнне кіраўнік дзяржавы.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!