Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.49 |
Погода 10 °C

5 снежня — сусветны дзень валанцёраў

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Пост опубликован: 03.12.2020

Добрыя людзі тут недалёка,

Добрыя людзі, з вамі так лёгка,

З вамі так светла

ў святы і ў будзень.

Дзякуй за гэта, добрыя людзі.

Песня.

Я нездарма вынесла ў эпіграф гэтыя цудоўныя словы, бо мая суразмоўца Галіна Васільеўна Шапавалава верыць у дабрыню і лічыць, што яна выратуе свет. Актыўная жанчына сама стараецца зрабіць людзям дабро, стварыць пазітыўны настрой. Некалькі гадоў з’яўляецца валанцёрам раённага аддзялення Чырвонага Крыжа, ахвотна прымае ўдзел ва ўсіх дабрачынных справах і акцыях. У гэтым садзейнічае і аддзяленне забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Тут сабраліся нераўнадушныя людзі, якія гатовы па першым закліку паехаць і пайсці да тых, каму нялёгка, да адзінокіх і састарэлых. Мы з Галінай Васільеўнай гады тры таму прайшлі ў Мінску навучанне на курсах валанцёраў, а прыехаўшы дамоў, сталі перадаваць свае веды іншым. У прыватнасці, пабывалі ў вёсцы Слабодка, дзе сустрэліся ў клубе з пажылымі людзьмі, расказалі ім, як праводзіць цікава вольны час, сачыць за сваім здароўем, прывялі канкрэтныя прыклады. А яшчэ наладзілі падобнае мерапрыемства ў раённай бібліятэцы, і прыемна адзначыць, што нас слухалі з цікавасцю.



Летась праводзілася акцыя “Пажылыя — пажылым”, і адной з самых актыўных яе ўдзельніц была Г.В. Шапавалава. Разам з супрацоўнікам аддзялення і валанцёрам Ірынай Кіпець мы наведалі пенсіянерку М.А.Мацэль, пагаварылі з ёй. Жанчына засталася задаволена ўвагай. Дарэчы, гэта і ёсць асноўная задача валанцёраў — увага да людзей, падтрымка і дапамога. Вясной валанцёры Галіна Шапавалава, Ніна Камлач і Наталля Драздоўская прымалі ўдзел у фестывалі ў Маладзечанскім раёне, дзе ўбачылі шмат цікавага і новага.

— Гэта вельмі патрэбна, — дзеліцца ўражаннямі Галіна Васільеўна. — Там мы былі аднадумцамі, слухалі, як працуюць з людзьмі нашы калегі. Адна жанчына расказала, як пачаць сваю справу. Іншыя дэманстравалі адзенне для пажылых. Адбыўся цікавы зборны канцэрт. А яшчэ мы агледзелі прыродныя славутасці краю. І хаця ішоў дож-джык, настрой ва ўсіх быў прыўзняты, бо мы не адчувалі свайго ўзросту (як кажуць, якія нашы гады), бо ўсіх аб’яднала адна, патрэбная для ўсіх справа.

Летась разам з камандай нашага раёна Г.В. Шапавалава ўдзельнічала ў абласным фестывалі валанцёраў у Жодзіне, адкуль прывезла самыя добрыя ўражанні. Трэба адзначыць, што яна займаецца яшчэ ў гуртках аддзялення для грамадзян пажылога ўзросту. Ёй падабаецца рабіць шкатулкі сваімі рукамі, вазы і сурвэтніцы, вязаць і вышываць. А пасля наведвання курсаў кройкі і шыцця пашыла сабе камізэльку. Сёлета яна даводзіла да ладу ахоўныя маскі (чамусьці іх прывезлі без пасачкаў для вушэй), і ўзяла дадому 30 штук, каб іх закончыць. Цяпер тыя маскі будуць раздадзены ўсім, хто мае патрэбу. Галіна Васільеўна ўпэўнена, што наведванне адддзялення і ўдзел у гуртках, сустрэчы са спецыялістамі даюць магчымасць пажылым не адыходзіць ад рэальнага жыцця, быць у яго гушчыні, мець зносіны з рознымі людзьмі, вучыцца ў іншых і дзяліцца сваім вопытам. А гэта, як вядома, вялікая каштоўнасць для кожнага ча-лавека. Сёлета, 14 кастрычніка, Г.В. Шапавалава саджала разам з іншымі алею ў рамках Тыдня маці. Пабывалі валанцёры і на магіле ў Гайках, дзе ў час вайны былі расстраляны мірныя грамадзяне, прыбралі там і навялі парадак. Паехалі ў Аношкі і ўпарадкавалі тэрыторыю ля царквы, пасадзілі кветкі. У Лявонавічы, дзе пражываюць пажылыя і інваліды, завезлі яблыкаў, пагутарылі з людзьмі за «салодкім сталом». Сёлета наведалі адзінокую жанчыну Н.А. Пеставу, а таксама Н.А. Шалік, для кожнай знайшліся цёплыя словы.

Характэрны факт, што мая суразмоўца нарадзілася ў Крупскім раёне, а потым лёс закінуў яе ў Данецк, дзе яна пражыла сорак гадоў. Потым яе пацягнула на радзіму, у Беларусь. Сын Алег застаўся працаваць ў Мінску, а маці купіла кватэру ў Нясвіжы і вельмі рада гэтаму:

— Я палюбіла горад за яго прыгажосць, маляўнічыя ваколіцы, велічны замак. Данецк, у адрозненне ад Нясвіжа, горад прамысловы, і такой прывабнасці не мае. А тут я адпачываю душой, і людзі добрыя жывуць. Памятаю, забылася забраць у банкамаце картку, дык мне вярнулі. Прыемна і тое, што калі я пачала наведваць  аддзяленне забеспячэння дзённага знаходжання, маё жыццё стала цікавым і разнастайным. Нягледзячы на цяперашнюю няпростую абстаноўку, я веру, што дабро пераможа, прыйдзе лепшы час. Трэба не падаць духам, мець высокія маральныя ўстоі, дапамагаць тым, хто мае патрэбу.

Што можна дадаць пасля такога аптымістычнага пажадання? Толькі тое, што важна: здароўя, спагады і веры.

Раіса ХВІР,

г. Нясвіж.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!