Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 9 °C

Духоўная радзіма Льва Гумілеўскага

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Самы лепшы падарунак у дзень нараджэння для вядомага скульптара, народнага мастака Беларусі Льва Гумілеўскага — сямейная паездка ў Нясвіж. Гэта добра ведаюць  родныя, а таму, калі ёсць магчымасць і дазваляюць абставіны, абавязкова робяць такую прыемнасць дарагому чалавеку, дый сабе таксама. Наважваліся і сёлета, у суботу, 31 кастрычніка, акурат на 90-годдзе майстра, зладзіць такую настальгічна-душэўную экскурсію, але з-за каранавіруснай асцярогі вырашылі адкласці яе надалей.



Чаму менавіта ў Нясвіж, спытаеце? Нехта правільна скажа: Нясвіж — яго родны горад. А другі, няўніклівы і маладасведчаны, пачуе і паўторыць  амаль тое ж: “Гумілеўскі  нарадзіўся ў Нясвіжы”. Паўторыць – і памыліцца. Але не так катэгарычна: ёсць ў гэтых словах і праўда, і памылка.

У майстэрні

Нарадзіўся Леў Гумілеўскі ў Маскве, хоць маці яго была родам з маленькай  вёсачкі Жарнелішкі, што на Віцебшчыне. Масква. Адкуль такая геаграфія ў лёсе беларускага скульптара і яго маці, у дзявоцтве Франі Паўлюкевіч? А было так: наважыліся  яе, маладую ды прыгожую дзяўчыну, выдаць замуж за старога. Баронячы свае пачуцці і годнасць,  рашылася яна на смелы і дзёрзкі па тым часе ўчынак — сышла з дому, як кажуць у народзе,  у свет божы, дабралася аж да Масквы. Працавала ў доме Савы Мамантава. Пазнаёмілася з Мікалаем Гумілеўскім, выйшла за яго замуж, нарадзіла  двух сыноў. Аднак па часе сямейнае жыццё не заладзілася — паехала на Ра-дзіму. Ды на вакзале ў Барыса-ве нехта  скраў усе яе пажыткі, усе грошы. Застаўся ў жанчыны толькі самы вялікі  скарб — трохгадовы Леў ды шасцігадовы Мікалай. Са спачування нейкі чалавек прапанаваў уладкаваць яе на працу ў Старым Барысаве. Маўляў, папрацуеш крыху, заробіш грошай ды паедзеш далей. Але затрымаліся там даўжэй, бо неўзабаве выбудавалі Старабарысаўскі санаторый. Маці ўладкавалася туды на працу, а сыны  пайшлі ў школу.

Пачынаецца вайна. Год перабіваліся неяк. Каб выжыць, пасвілі па чарзе ў гаспадара авечак.   Старэйшаму Мікалаю пагражаў вываз у Германію. І маці зноў прымае смелае рашэнне: “Пойдзем у лес, у партызаны!” Леў Мікалаевіч   і сёння ва ўсіх драбніцах па-мятае той шлях. Як іх, адзінокіх і беспрытульных, ахінула на ноч разгалістая елка, як радаваліся ранішняму вераснёўскаму сонцу. Як уцякалі ад паліцаяў, распытвалі ў людзей дарогу да партызан. Памятае спаленую вёску, здзічэлых курэй на папялішчы. Знямоглыя і згаладалыя,  з нядзелю жылі-начавалі ў стажку сена ля той вёскі. Там паблізу і напаткалі партызан, што ішлі  з Паліка  на заданне. Так Мікалай стаў партызанам  брыгады “Жалязняк”, а маці з малодшым сынам далучыліся да такіх жа  гарот-нікаў партызанскага лагера, якія   дапамаглі пабудаваць лясное жытло.

Ды гэта быў толькі пачатак. Наперадзе чакалі яшчэ дзве блакады. Падаліся далей, у глыбокі партызанскі край. Асабліва цяжка было падчас другой блакады, калі апынуліся ля самай ракі Бярэзіны. Туліліся на невялікіх астраўках сярод балот. Але і туды спрабавалі дабрацца фашысты. Неаднойчы ўцякалі ад іх праз балотную твань. Трымаючыся за бервяно, перапраўляліся на другі бераг ракі… Мерзлі, хварэлі, галадалі, радаваліся кацялку бульбачкі.  А яе і згатаваць патрэбна яшчэ ўмудрыцца, каб не выдаць сябе, каб не ўчулі, не прыкмецілі ворагі кволенькі дымок. І якой жа радасцю было пачуць пасля доўгіх ліхалеццяў  ад пасланца з вольнай зямлі: “Чаго седзіце? Немца ўжо прагналі!”

— У канцы вайны я выйшаў з балот з апухлымі ад голаду нагамі, — завяршае свой ваенны аповед Леў Мікалаевіч.

1944 год. Беларусь будуе мірнае жыццё. Пасля вайны  дырэктар санаторыя ў Старым Барысаве атрымаў прызначэнне  ў Нясвіж, у санаторый,          што распачынаў працу ў княжацкім палацы. Ён  прапанаваў лепшым супрацоўнікам паехаць  з ім на новае месца. Прынялі прапанову найперш тыя, хто не меў свайго сталага жылля. Так сталася з родзічамі Янкі Купалы, так сталася і з сям’ёй Гумілеўскіх. “Жылі ў замку       Радзівілаў, — кажа Леў Мікалаевіч, — на першым паверсе, дзверы справа ад уваходу. Пасля —  у   Марысіным парку, на выхадзе з яго,  у маленькім доміку-будачцы. Цяпер той пабудовы ўжо няма. Захоўвае ўсё толькі памяць”.

Нясвіж уразіў.  Заходні горад! Уразілі людзі.  Глядзеў прыезджы хлопец і дзівіўся: на веласіпедах ездзяць, задняе кола — з сетачкай! Прыкмячаў пачцівасць у абыходжанні, годнасць на тварах, прыстойнасць гаворкі. А хутаранцы на кірмашах! Якія дагледжаныя коні! Якая вупраж! Як самі апрануты! Гаспадары!

У Нясвіжы прыйшло адчуванне Радзімы,  сталага апірышча,   жыццёвай пэўнасці і ўладкаванасці. “Пасля Масквы, Барысава, ваенных пакут і блуканняў гэта быў рай!” – сцвяр-джае Леў Мікалаевіч.

Тыя жыццёвыя даброты, што прапаноўваў юнаку пасляваенны Нясвіж, ён карыстаў напоўніцу.  Прадоўжыў перарваную вайной  вучобу ў школе. Займаўся ў авіямадэльным гуртку (ксёндз Гжэгаж Каласоўскі аддаў для гэтага палову плябаніі). Мадэлі Льва Гумілеўскага, сканструяваныя з чароту, ляталі вышэй за  іншыя. З’явілася нават  на той час у хлопца мара стаць канструктарам.  У нясвіжскіх азёрах навучыўся выдатна плаваць. Гуляў у футбол і валейбол на пляцоўках, што меліся ў Старым парку.

Каля нясвіжскіх азёр (Л.Гумілеўскі з сынам)

Да таго ж, маці, убачыўшы на слупе каля плябаніі аб’яву, што мастак Сяўрук набірае студыю, запісала туды сына. І хлопец, адкінуўшы ўсё іншае, аддаўся маляванню. Падахвоціў да заняткаў і сваіх сяброў. Студыйны клас месціўся ў рату-шы. Пасля школы ішлі  хлопцы да той адметнай гістарычнай мураванкі  і, пазіраючы на вокны другога паверха, клікалі: “Міхаіл Канстанцінавіч! Міхаіл Канстанцінавіч!”  Настаўнік неўзабаве даваў знак, што чуе, спускаўся ўніз, адчыняў уваходныя дзверы. Тыя дзверы варта параўнаць з брамай у іншы свет — здавалася б,  умоўны,  паралельны будзённаму пасляваеннаму жыццю  і, разам з тым, такі рэальны, напоўнены велічнымі асобамі з гісторыі  мастацтва,  творамі, што на працягу стагоддзяў мелі статус шэдэўраў, узорных дасягненняў чалавецтва.  Дый сам настаўнік быў асобай, мастаком, які на той час меў выдатную  вывучку і практыку (вучань Фердынанда Рушчыца!), нацыянальную загартаванасць ад сяброўства і сумеснай працы з вядомымі віленскімі беларусамі. У творчай скарбонцы нясвіжскага майстра быў ужо і самы знакаміты яго твор — велічна сімвалічнае “Жніво”.

“Нарадзіўся я ў Маскве, але духоўнай маёй радзімай з’яўляецца Нясвіж”, — сцвярджае Леў Мікалаевіч і працягвае гаворку падзячнымі словамі Міхасю  Канстанцінавічу.  І хоць  былі пасля  настаўнікамі ў сталічных вучэльнях вядучыя тагачасныя скульптары Аляксей Глебаў,  Андрэй  Бембель, але перад гэтым быў Сяўрук. Пра  ролю нясвіжскага майстра ў сваім  станаўленні Леў Мікалаевіч неаднойчы казаў: “Ён прыладзіў мне хамут”.  Мудры сэнс мае гэтая  сялянская метафара: мала мець воз дабра, неабходны дасканала змайстраваны хамут ды спрытнага і дужага коніка. Удалай, паспяховай, тым больш, доўгай дарогі не атрымаецца, калі не падагнаны хамут. Сяўрук заклаў глыбінныя асновы творчасці,  фундаментальныя прынцыпы жыцця ў мастацтве. Ды яшчэ разуменне таго, што праца жывапісца, графіка, скульптара блізкая па высілках да настойлівай  цягавітасці   селяніна на палетку — на ворыве ці  касьбе. Адно што палетак іншы.

Поруч з урокамі творчасці Сяўрук нязмушаным чынам навучаў  культуры,  годнасці, без ценю ганарлівасці, сціпласці, уніклівай уважлівасці, засяроджанасці і нешматслоўнасці (гэтыя якасці так выразна прыкмячаеш  сёння ў асобе 90-гадовага юбіляра). Чаго варты адзін толькі эпі-зод са студыйных заняткаў, што прыгадаў Леў Мікалаевіч.

— Вучыліся маляваць галаву чалавека. Міхаіл Канстанцінавіч прынёс гіпсавую копію скульптурнага партрэта  работы Данатэлла. На перапынку мы як заўсёды штурхаліся, дурэлі  і па неасцярозе разбілі яе. Спужаліся! Вось жа нам будзе! А Міхаіл Канстанцінавіч, убачыўшы, не прамовіў ні слова! Першы раз сустрэлі такое. І мо першы раз так глыбока  (таксама маўкліва) усведамлялі сваю правіннасць. А пасля цярпліва, аскалепак да аскалепка, усё ж склеілі, змацавалі разбітае.

Нясвіжскія ўрокі Сеўрука мелі плён: па заканчэнні сямігодкі ( а было тады выпускніку-пераростку 19 гадоў) Леў Гумілеўскі без аніякай цяжкасці паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча.  Жыццё, як да  Няс-віжа, так і  пасля, было  багатым на падзеі і нечаканасці. Заняткі праходзілі ў оперным тэатры, свайго памяшкання вучылішча тады яшчэ не мела. Правучыўся толькі год — прызвалі ў армію. На пероне навабранцы ўжо былі гатовы садзіцца ў вагоны, але прыязджае маёр, якому патрэбен добры мастак, — і цягнік адправіўся без Льва Гумілеўскага. Ён  застаецца служыць у Мінску. Аднак за гэты час двойчы забіралі на будаўніцтва Волга-Дона, дзе будучы мастак  добра-такі асвоіў працу далакопа, дрывасека, падрыўніка.

Пасля службы вярнуўся ў вучылішча, адначасова працаваў і хадзіў у вячэрнюю школу рабочай моладзі. Стамляўся страшэнна, хоць да цяжкасцей сталаму ўжо хлопцу было не прывыкаць. З-за гэтай сваёй сталасці пачуваў сябе крыху ніякавата сярод аднакурснікаў — значна малодшых, нядаўніх школьнікаў. “А на ніжнім паверсе займаліся скульптары, сур’ёзныя хлопцы. Яны  прапанавалі пераходзіць да іх”, —  так, быццам выпадкова, змяніў Леў Гумілеўскі творчую спецыялізацыю, каб   на  ўсё  жыццё прысвяціць сябе нялёгкаму майстэрству разца. І сёння, праз сем дзесяцігоддзяў, на пытанне, ці цяжкая праца скульптара, Леў Мікалаевіч шчыра кажа: “Цяжкая. Успамінаю некаторыя свае работы і не верыцца: няўжо я гэта здолеў!”

Пасля вучылішча шліфаваў навыкі ў інстытуце, у майстэрні Аляксея Глебава. Вельмі імпанавалі  педагагічныя тэзы і метадычныя падыходы настаўніка: працаваць разам —  “настаўнік-вучань”; прыкмячаць жывыя рухі, жэсты, паставы, “факцікі жыцця” — і рабіць  скульптурныя накіды; цвёрда ўсведамляць, што ўдала выкананы каркас — 75 % поспеху.

Ранні сыход  педагога  і старэйшага сябра ўспрыняў як сіроцтва, хоць да творчай  самастойнасці  быў ужо добра падрыхтаваны. Тут варта прывесці словы  вядомага  мастацвазнаўцы Барыса Крэпака: “Леў Гумілеўскі ўварваўся ў беларускую скульптуру імкліва, нястрымна і, здаецца, цалкам сфарміраваным творцам. За кароткі час яго кампазіцыі… паказалі, што іхні аўтар стаў у шэраг вядучых майстроў разца. Практычна кожны год Гумілеўскі “ўзрываў”мастацкую прастору  сваімі арыгінальнымі і нязвыклымі творамі”. З вышыні сённяшніх гадоў выразна бачыцца: работы  скульптара розняцца па задуме, эстэтычных падыходах, матэрыяле, тэхніцы выканання.  Агульнае ж для пераважнай  большасці — нацыянальная тэматыка. Першыя з іх — кампазіцыя, прысвечаная беларускія партызанам і  партрэт  Максіма Багдановіча.

Пасля быў помнік Янку Купалу (у сааўтарстве). Без яго ўжо нельга ўявіць  вобраз беларускай сталіцы. Год за годам  Мінск ці Вільню, Смаргонь  ці Гомель, Бабруйск ці Магілёў, Маскву ці Ялту “засялялі”  скульптурныя выявы Гумілеўскага. Кірыла Тураўскі, Францішак Скарына, Тадэвуш  Касцюшка,  Адам Міцкевіч, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч,  Станіслаў Манюшка,  Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Янка Купала  ( да вобраза песняра скульптар звяртаўся неаднойчы), Максім Багдановіч, Аляксандра Клімава, Яўгенія Янішчыц, Уладзімір Мулявін  — далёка не поўны пералік слынных дзеячаў беларускай культуры і гісторыі, у лёсы і творчасць якіх заглыбляўся скульптар, каб пасля выявіць трапяткую сутнасць кожнага ў складаным і непадатлівым матэрыяле.

Падчас нядаўняй гутаркі са сталічнымі журналістамі Леў Мікалаевіч сказаў:  “Люблю родную мову, гісторыю, літаратуру”.  Словы не з тых, што прамаўляюцца мімаходзь.  Словы вывераныя, сцверджаныя жыццём,  творчай руплівасцю, сямейным выхаваннем. Мо нямногія ведаюць, што менавіта Гумілеўскія спраўдзілі высокі нацыянальны чын па ўсталяванні надмагілля “ вечна светламу і вечна юнаму”  Максіму Багдановічу.  “Пасля выканання асноўных работ адправіліся ў Ялту, — успамінае той час сын скульптара Сяргей. — Прыехалі амаль што ноччу. Невядомы горад. Дзе прыпыніцца? У каго запытаць? Але тут напаткаліся такія выпадковасці, што наво-дзяць на думкі аб нябесным спрыянні: і прытулак для адпачынку пасля доўгай дарогі знайшоўся, і на раніцу праважаты да магілы паэта, дакладней, праважатая, муж якой пахаваны амаль поруч. Умацаваць надмагілле было няпроста: ялцінскія схілы даволі значныя. Для дэкаратыўнай падпоркі падрыхтавалі вялікі камень. Доўга падбіралі найлепшыя словы для кароткага надпісу. Дапамагла маці, бо праектам жыла ўся наша  сям’я. Яна прапанавала радкі з “Раманса” Багдановіча:

Кожную ночку

на зорку дзівіцца

Буду ў далёкім краю.

Словы “Зоркі Венеры”, выпісаныя на камені, набылі яшчэ больш глыбокі і шчымлівы сэнс,  не любоўны, а патрыятычны”.

Не застаўся без творчай увагі Льва Гумілеўскага і Нясвіж. Наадварот, ён стаіць адразу ж пасля сталіцы па колькасці і рэалізацыі  задуманага.  Цяпер гэта не толькі горад, які сустрэў, уразіў, прытуліў пасляваеннага падлетка, гадаваў мары здольнага юнака. Сённяшні Нясвіж — гэта культурная прастора народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР і прэміі Саюзнай дзяржавы, уладальніка Сярэбранага медаля імя Грэкава і медаля Францішка Скарыны. Леў Гумілеўскі вярнуўся ў горад, якому “аддаў сваё юнацтва”.  У радзівілаўскім парку, непадалёк ад мосціка, дзе ў 1944 годе ён знайшоў штык ад вінтоўкі, — лірычная “Русалка”. Перад колішнімі спартыўнымі пляцоўкамі, каля паркавых сцяжынак, па якіх спяшаўся ў школу, — алея легендарных і знакавых для горада  асоб — Юрый Нясвіжскі, Мікалай Крыштоф Радзівіл (Сіротка),  Томаш Макоўскі, Ян Марыя Бернардоні, Уладзіслаў Сыракомля,  Якуб Колас (работы Льва і Сяргея Гумілеўскіх). На сценах  касцёла і царквы — мемарыяльныя  пліты ксяндзу Гжэгажу Каласоўскаму і мітрафорнаму протаіерэю Дзмітрыю Хмелю. Да 110-годдзя Міхася Сеўрука пліту на  магіле  мастака дапоўніў далікатны, тонкіх скульптурных  ліній барэльеф як трапяткая ўдзячнасць вучня свайму дарагому настаўніку.  Культурную  прастору Нясвіжа, нібыта спадчыну, перадаў Леў Мікалаевіч сыну — вядомаму скульптару Сяргею Гумілеўскаму,  які  падзяляе і падтрымлівае бацькавы  зацікаўленні і задумы.   Бацька і сын (зайздросная доля мастака!) часта працуюць у сааўтарстве. Сёлетняй зімой, у канцы лютага, на 115-годдзе Сеўрука, менавіта ён, Сяргей  Гумілеўскі, адклаўшы ўсе справы, прыехаў з Мінска, каб выступіць на святочнай імпрэзе перад нясвіжскай грамадой, ускласці кветкі на магілу Майстра  ды па даўняй кранальна-гарэзлівай сямейнай завядзёнцы, пазіраючы ў вокны ратушы, паклікаць: “ Міхаіл Канстанцінаві-і-іч…”

Апошнім часам тандэм Гумі-леўскіх выканаў новыя распрацоўкі для Нясвіжа.Парадуемся, што свой шаноўны юбілей Леў Мікалаевіч сустрэў у добрым настроі, пры добрым здароўі, атулены любоўю родных і прыхільнікаў яго таленту.  Што нязменна жыве ён творчасцю, часта наведваецца ў майстэрню і плануе новую сустрэчу з Нясвіжам.

Наталля Плакса,

аг. Карцэвічы.

Фотаздымкі з сямейнага архіва Гумілеўскіх.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!