2020-ы, юбілейны год Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, закончыўся. 75 гадоў мінула з таго часу,
як у маі 45-га прагучаў пераможны салют.
Але гэта не значыць, што можа быць закрыта ці адкладзена ўбок тэма — значнай падзеяй у нашай гісторыі
стала Вялікая Перамога над фашызмам, дасягнутая цаной цяжкіх кровапралітных
баёў з ворагам, гібеллю мільёнаў савецкіх людзей. Тэма — святая, і да яе мы будзем звяртацца зноў і зноў.
Прагулкі па гарадскім парку абавязкова ўключаюць прыпынак каля Вечнага агню. Моўчкі стаім з сяброўкай перад пом-нікам, устаноўленым на Брацкай магіле воінаў Чырвонай Арміі і партызан, што загінулі пры абароне і вызваленні Нясвіжа і раёна. Маўкліва глядзім на полымя, якое жоўтымі языкамі імкнецца ўверх і схіляецца пад павевам ветру, глядзім на велічную постаць салдата, што моцна трымае ў руках аўтамат, аберагаючы вечны спакой тых, хто ляжыць у магіле. Цішыня. Скруха…
На чорных мармуровых плітах выбіты прозвішчы. Васіль Аватуеў, Какім Аліеў, Рыгор Алоеў, Абылкаф Дунсенбаеў, Рыгор Зарэеў, Яўген Лебедзеў, Халмат Мухаметдзіеў, Агары Мхітар’ян, Іван Ахорзін, Віктар Палюнас, Анатоль Саковы, Васіль Шамандрынаў, Хушмат Шыкаеў, Павел Ярашэнка… Ураджэнцы розных рэспублік Савецкага Саюза. Рускія — Канстанцін Шастаў з Хабараў-скага краю і Афанасій Пінчук з Краснадарскага краю… Казах Амзетай Цюляметаў — з далёкага Чымкента. Радавыя, яфрэйтары, сяржанты, старшыны, афіцэры, партызаны.
У Брацкай магіле воінаў, што загінулі пры вызваленні Гара-дзеі, разам з іншымі вайскоўцамі пахаваны кубанскія казакі 10-й кавалерыйскай дывізіі гвардзейцы Краўчанка, Тарасаў, Ярмілаў, якія прынялі пакутлівую смерць ад фашыстаў.
А колькі беларусаў палягло на франтах і ў партызанскіх баях! Прывяду толькі некалькі імён нашых землякоў. Несвіжане Фёдар Гардзейчык і Антон Сабірай, Рыгор Сягай і Міхаіл Чыркун з Астровак, Васіль Кабяк і Іосіф Рымша з Гарадзеі, Канстанцін Рыштоўскі і Яўген Казакевіч з Грыцкевіч, Ігнацій Лаўрынчык і Уладзімір Новік з Лявонавіч, Пётр Камёнка і Іван Пражэнік з Затур’і… Больш за тысячу чалавек — жыхароў Нясвіжчыны не вярнуліся з поля бою, калі гналі ворага з нашай зямлі, дабівалі ў яго ж логаве. Іх апошнім прытулкам стала зямля Усходняй Прусіі і Літвы, Латвіі і Польшчы, Украіны і Венгрыі, Чэхаславакіі і Аўстрыі, Італіі і Германіі.
Дома ўсіх іх чакалі маці і бацькі, дзеці, сёстры, жонкі. Пошта ж прыносіла трагічныя паведамленні…
Адна мая знаёмая ў Мінску жыве на вуліцы Асаналіева. Зацікавіла: хто ж гэта такі? Джумаш Асаналіеў — ураджэнец Кіргізіі. Служыў кулямётчыкам на 1 Прыбалтыйскім фронце. Пры вызваленні Віцебшчыны варожая міна вывела са строю байцоў разліку і Асаналіеў адзін працягваў весці бой. Калі фашысты падышлі зусім блізка, ён падцягнуў да сябе кулямёт, каб той не дастаўся ворагу, і супрацьтанкавай гранатай узарваў сябе і гітлераўцаў, што яго акружылі. Пасмяротна яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
За гераізм, праяўлены ў няроўным баі з гітлераўцамі падчас вызвалення Нясвіжа ў ліпені 1944 года, звання Героя Савецкага Саюза быў удастоены лейтэнант Мікалай Лешчанка. Камандзір агнявога ўзвода 1318-га палка, выцягнуўшы з-пад абстрэлу параненых таварышаў і адправіўшы іх на аўтамашыне ў бок Слуцка, застаўся з адной гарматай і разлікам артылерыстаў, а супраць іх — восем нямецкіх танкаў. Пяць з іх падбіў, тры павярнулі назад. Ворагі не прайшлі на фланг савецкіх войск. Украінец Мікалай Лешчанка вызваляў беларускую зямлю. На шчасце, ён застаўся жывым. Як і адважны партызан атрада імя Шчорса паляк Ян Рачкоўскі.
Памятаюцца ўспаміны ветэранаў Вялікай Айчыннай — жыхароў Нясвіжчыны, якія вярнуліся з поля бою жывымі, і нам, малодшым пакаленням, расказвалі пра жахі вайны і гераізм савецкіх людзей. І яны заўсёды падкрэслівалі еднасць, агульны патрыятызм, дзякуючы якім і перамаглі акупантаў. У прыватнасці, ветэран вайны і працы Захар Паўлавіч Петрачкоў нагадваў сваіх аднапалчан — рускага Бадаева, грузіна Кашыбадзе, узбека Шырматава, асеціна Охтава. Ветэран вайны Мікалай Міхайлавіч Яроцкі, які быў намеснікам рэдактара партызанскай газеты “За савецкую Беларусь” (у складзе 18-й Фрунзенскай партызан-скай брыгады), успамінаў, што рэдагаваў газету партызан яўрэйскай нацыянальнасці Л. Вайнер, радыстам быў татарын В. Хоцін. А ў брыгадзе ваявалі таксама чэхі Штэфан Шарына, Мартын Барло, Ладзіслаў Сташко, Францішак Новак, што перайшлі ад фашыстаў.
Вось што ўспамінаў ветэран вайны і працы, рэдактар Няс-віжскай раённай газеты “Чырвоны сцяг” у 1961 — 1988 гадах Іван Паўлавіч Тартоўскі: “З уласнага вопыту пераканаўся ў вялікай сіле еднасці. Трапіўшы на фронт у няпоўныя дзевятнаццаць гадоў, я адчуў бацькоўскі клопат з боку старэйшых таварышаў. Сяржанты рускія Машанаў з Валагодчыны, Удалаў з-пад Курска вучылі, як берагчы сябе, як весці ў складаных сітуацыях. Капітан Помінаў у пасляваенны час выхоўваў пачуццё любві да Радзімы”.
Яшчэ нагадаю адзін факт. У чэрвені 1941 года ў вёсцы Нялепава на Нясвіжчыне апынуўся салдат Чырвонай Арміі асецін Міхаіл Шаршнёў — пасля таго, як яго часць была разбіта. Вайскоўца прыняла адзінокая жанчына Ганна Ільдэльфонсаўна Аляхновіч. У 1942 годзе Шаршнёў пайшоў у партызанскі атрад імя Катоў-скага, узначаліў дыверсійную групу. Гітлераўцы і паліцаі праводзілі ў вёсцы вобыскі і арышты, ад Ганны Аляхновіч патрабавалі фота Шаршнёва. Жанчына паспела праглынуць здымак, за што яе збілі да непрытомнасці. А Міхаіл Шаршнёў з таварышамі знішчаў варожыя гарнізоны, узрываў эшалоны. Пасля вызвалення Беларусі ўступіў у дзеючую армію і пайшоў вызваляць ад фашызму народы Еўропы. Чатыры яго браты таксама ваявалі на фронце. Пасля вайны Міхаіл Сцяпанавіч вярнуўся дамоў, на Каўказ. Яго сям’я трымала сувязь з Ганнай Аляхновіч, называла яе другой мамай Міхаіла.
Або вазьміце гераічную абарону Брэсцкай крэпасці летам 1941 года. Смяртэльныя баі з фашыстамі тут вялі прадстаўнікі больш дваццаці нацыянальнасцей і народнасцей Савецкага Саюза. Шлях да Перамогі 1945 года іменна яны пачалі тут, у крэпасці, у 41-м.
За гады Вялікай Айчыннай вайны ва Узброеныя Сілы СССР былі мабілізаваны 21,8 мільёна чалавек з Расійскай Федэрацыі, 1,3 мільёна — з Беларускай ССР, 5 мільёнаў — з Украін-скай ССР, 1,7 млн — з Казах-скай ССР, каля 1,5 млн — з Узбекскай ССР, звыш 600 тысяч — з Азербайджанскай ССР, звыш 500 тысяч — з Армян- скай ССР, каля 400 тысяч — з Малдаўскай ССР, 320 тысяч — з Кіргізскай ССР, больш 200 тысяч — з Таджыкскай ССР, 180 тысяч — з Туркменскай ССР. Адзіная сям’я савецкіх народаў. Высокае пачуццё інтэрнацыяналізму, еднасці, дружбы. Хтосьці каваў Перамогу на фронце, у партызанскіх аперацыях, у падпольнай барацьбе. Хтосьці — у тыле, выпускаючы ваенную тэхніку, зброю, снарады і патроны, забяспечваючы патрэбу арміі ў прадуктах харчавання і абмундзіраванні. Бяспрыкладны працоўны гераізм таксама стаў неад’емным складнікам Вялікай Перамогі.
Колькі лёсаў параніла, зламала вайна, колькі жыццяў загубіла! Вельмі вялікую цану заплаціў наш народ за мір і свабоду. Загінулі 28 мільёнаў савецкіх людзей. Кожнага трэцяга страціла Беларусь. І нельга сёння нікому дазваляць пера-пісваць нашу гісторыю.
Разам, у адзіным памкненні ішлі ў 1941 — 1945 гадах на святы і правы бой людзі розных нацыянальнасцей і веравызнання. Плячом да пляча. Сцяной сталі перад фашысцкімі полчышчамі, каб засланіць ад карычневай чумы сваю вялікую, агульную Радзіму.
Савецкі Саюз распаўся амаль 30 гадоў таму. Але будуецца палітыка, накіраваная на ўмацаванне дружалюбных адносін паміж дзяржавамі, на ўмацаванне інтэграцыйных механізмаў на постсавецкай прасторы. На ёй створана некалькі інтэграцыйных структур: Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі, Еўразійскі эканамічны саюз, Садружнасць Незалежных Дзяржаў. У снежні 2020 г. у фармаце відэа-канферэнцыі прайшло пася-джэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД. Побач з пытаннямі супрацьстаяння каранавірусу і яго наступствам, захавання сацыяльна-эканамічнай стабільнасці, падтрымання ўзроўню даходаў і занятасці насельніцтва абмяркоўваліся пытанні ўмацавання ўзаемадзеяння пры забеспячэнні бяспекі на постсавецкай тэрыторыі, супрацьдзеяння тэрарызму і іншым актуальным пагрозам. Як падкрэсліў, у прыватнасці, Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон: “Актуальнай з’яўляецца праблематыка інфармацыйнай бяспекі, што дыктуе неабходнасць распрацоўкі сістэмы аховы інфармацыйнай прасторы Садружнасці”. Супрацьстаяць дэструктыўным, ваенна-палітычным і іншым пагрозам — такую задачу ставяць перад сабой і вырашаюць людзі, якія ведаюць і шануюць сваю гісторыю, свае духоўныя багацці, маюць цвярозы розум і разважлівасць, якія цэняць мір, бяспеку і стабільнасць.
…Можа, на нас глядзяць з нябёсаў тыя, хто аддаў жыццё за свабоду і незалежнасць Радзімы. Іваны і Хушматы, Ісаакі і Абылкафы, Міколы і Какімы… Яны заклінаюць: “Трымайцеся разам!”.
Можна звярнуцца і да гісторыі больш ранніх часоў. Каб супрацьстаяць агрэсіўным памкненням суседзяў, славяне аб’ядноўваліся. У сярэдзіне ІХ стагоддзя ўжо існавалі паўночны і паўднёвы саюзы ўсходнеславянскіх плямёнаў. Пазней яны аб’ядналіся і стварылі адзіную дзяржаву — Кіеўскую Русь. Гэтая Старажытнаруская дзяржава ўвайшла ў другое тысячагоддзе магутнай і квітнеючай. Але ў другой палове ХІ ст. яна пачала распадацца на асобныя княствы і феадальныя землі, якія імкнуліся стаць незалежнымі ад цэнтральнага кіраўніцтва. І адзінай, моцнай дзяржавы не стала. (Ці не падобнае мы перажылі ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў, калі распаўся вялікі, магутны Савецкі Саюз?!). Палітычна раздробленыя і аслабленыя міжусобіцамі беларускія землі сталі прынадным кавалачкам для ворагаў, аб’ектам агрэсіі нямецкіх крыжакоў і мангола-татарскага нашэсця. А войны — гэта знішчэнне, апусташэнне, гібель насельніцтва, заняпад эканамічнага і культурнага развіцця.
І другі прыклад. Ужо ХVIII стагоддзе. Міжусобіцы, барацьба паміж рознымі магнацкімі групоўкамі за ўплыў і ўладу, канфесійнае супрацьстаянне стаялі ў шэрагу прычын аслаблення Рэчы Паспалітай — ад яе першага падзелу ў 1772 годзе і да апошняга, трэцяга, у 1795 го-дзе. У выніку чаго гэтая дзяржава перастала існаваць.
Толькі ў адзінстве — сіла і росквіт.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
заслужаны журналіст
Беларускага саюза
журналістаў.