На ўсенароднае абмеркаванне вынесены Асноўныя палажэнні праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021 — 2025 гады. Праграма будзе прынята на шостым Усебеларускім народным сходзе, які пройдзе ў Мінску 11-12 лютага. Праграма ўтрымлівае і асноўныя вынікі развіцця краіны за мінулую пяцігодку. Якія ж яны, яе крокі?
Заданне па вытворчасці прадукцыі прамысловасці на мінулае пяцігоддзе выканана на 112 %, заданне па вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ў гаспадарках усіх катэгорый — на 112,4 %.
Беларусь з індэксам 78,8 заняла 18-ю пазіцыю сярод 166 краін у сусветным рэйтынгу дасягненняў Мэт устойлівага развіцця. На першым, другім і трэцім месцы — адпаведна Швецыя, Данія, Фінляндыя. Польшча з індэксам 78,1 стаіць на 23 месцы, за ёй услед ідзе Латвія (77,7), Літва — на 36 месцы (74,9), Расія — на 57-м (71,9).
Валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва па парытэце пакупніцкай здольнасці ўзрос у нас за пятую пяцігодку на 16 %, у 2020 г. ён стаў амаль 21 тысяча долараў. Рэальная зарплата вырасла больш чым у 1,3 раза.
Па індэксе ўзроўню адукацыі наша краіна займае 30-е месца са 189 краін. За пяцігодку было пабудавана 16 школ і 47 дзіцячых садкоў. Па ўзроўні развіцця медыцыны мы займаем 59-е месца сярод 93 краін. У эксплуатацыю было ўведзена 69 бальніц і паліклінік.
Развіццё прадпрымальніцкай дзейнасці ўносіць значны ўклад у эканоміку. Яна забяспечвае больш за 40 % экспарту тавараў і 50 % валавога ўнутранага прадукту. Трэцяя частка экспарту паслуг прыпадае на інфармацыйна-тэлекамунікацыйныя паслугі. Паспяхова развіваецца беларуская ІТ-індустрыя.
Беларусі ўдалося захаваць прамысловы патэнцыял і асноўныя вядомыя ў свеце брэнды. Па індэксе канкурэнтаздольнасці прамысловасці яна стаіць на 47 месцы сярод 152 краін свету. Мы выпускаем 80 % трактараў ад іх агульнай колькасці, што выпускае Еўразійскі эканамічны саюз. Беларусь дае амаль трэць сусветнага рынку вялікагрузных кар’ерных самазвалаў. Упершыню ў нас асвоена вытворчасць легкавых аўтамашын.
Рэспубліка Беларусь стала краінай мірнага атаму. Цяпер мы маем экалагічна чыстую крыніцу энергіі — электрычнасць — і не будзем так моцна залежаць ад вуглевадароднай сыравіны.
Значным багаццем Беларусі з’яўляюцца калійныя ўгнаенні. Яна выдае “на гара” сёмую частку іх сусветнай вытворчасці. І ўваходзіць у тройку лідараў па іх экспарце. Дарэчы, гандлёвыя адносіны наша дзяржава падтрымлівае больш чым з 200 дзяржавамі свету.
У папярэднія пяцігодкі ў краіне шмат працавалі, каб забяспечыць харчовую бяспеку. Так, яна створана. Цяпер вытворчасць сельгаспрадукцыі на душу насельніцтва па некаторых пазіцыях перавышае паказчыкі краін Еўрасаюза. Напрыклад, мяса — у 1,2 раза, малака — у 1,7 раза, агародніны — у 1,4 раза.У 2019 годзе ўзровень самазабяспечанасці прадуктамі харчавання ў нас склаў: мясам — 133 %, малаком — 241 %, яйкамі — 128 %, бульбай — 111 %, гароднінай і бахчавымі культурамі — 107 %. Беларусь займае трэцяе месца ў свеце па экспарце масла жывёльнага, чацвёртае — па экспарце сыроў і тварагу.
Беларусы захавалі, ствараюць і падтрымліваюць унікальнае навакольнае асяроддзе. Яно прыносіць разнастайнасць жыцця, дае магчымасць развіваць унутраны і знешні турызм. Па індэксе экалагічнай эфектыўнасці наша рэспубліка займае 49-е месца сярод 180 краін свету.
Разам з тым, у развіцці дзяржавы засталіся і нявырашаныя праблемы, аб якіх гаворыцца ў пачатку праекта праграмы развіцця. Рост валавога ўнутранага прадукту, экспарту і інвестыцый аказаўся ніжэй, чым быў запланаваны. Не ў поўнай меры было праведзена тэхнічнае пераўзбраенне прадпрыемстваў, і па ўзроўні прадукцыйнасці працы Беларусь яшчэ адстае ад краін ЕС. Засталіся пытанні ў стварэнні развітога фінансавага рынку, у інвестыцыйнай палітыцы, у сацыяльнай сферы.
Над вырашэннем гэтых і іншых задач беларускі народ і будзе працаваць у шостай пяцігодцы.
Паказальна, што дзяржава захавае сваю сацыяльную накіраванасць. У яе далейшым развіцці вызначаны чатыры наступныя прыярытэты: шчаслівая сям’я, моцныя рэгіёны, інтэлектуальная краіна і дзяржава-партнёр, дзе ў цэнтры ўвагі стаіць чалавек.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,
заслужаны журналіст
Беларускага
саюза журналістаў.