Складанае жыццё было ў нашых дзядоў і бабуль. І ў тых, хто рос у гады Вялікай Айчыннай вайны, і ў тых, хто з’явіўся на свет пасля — калі з руін трэба было будаваць новае, калі адзіным выйсцем была праца на мяжы сваіх магчымасцей, каб выжыць самім і пракарміць родных.
На такі нялёгкі час прыйшлося дзяцінства Антаніны Іванаўны Гаспадарык, вельмі руплівай жанчыны, якая з 16 гадоў працавала даяркай — спачатку на ферме “Супрунавічы” калгаса “Беларусь” (потым ён стаў ААТ “Грыцкевічы”).
— Бацькі не было — ён загінуў на вайне, — расказвае Антаніна Іванаўна. — І мы з братам старалі-ся дапамагаць маме, як маглі. У роднай вёсцы выйшла замуж. Спачатку жылі на хутары, потым пабудавалі хату ў саміх Супрунавічах. Муж працаваў камбайнерам, я — даяркай. Складана было фізічна — усё прыходзілася рабіць рукамі: падаіць 14 кароў, пакарміць іх (мяхі бульбы вазілі ваганеткамі ці насілі на сваіх плячах, часам збіралі буракі з поля), вымя жывёлы падмыць ды і ў цэлым падтрымаць парадак. У 5 гадзін прыходзіш і амаль увесь дзень на рабоце. Калі падраслі дзеці (у Антаніны Іванаўны тры дачкі, — Заўвага. аўт.), сталі дапамагаць мне. Але ў прафесійным плане кожная пайшла сваім шляхам.
Калі Антаніну Іванаўну перавялі на ферму “Грыцкевічы”, там было апаратнае даенне — стала лягчэй, але малакаправодаў яшчэ не было, таму даілі ў бачкі.
— Спачатку я баялася, што зраблю што-небудзь не так, але Марыя Чарнабай, іншая даярка, мяне падтрымала, дапамагла прызвычаіцца. Даілі ўжо па 25 кароў. Стала лягчэй працаваць, толькі шмат абавязкаў па-ранейшаму ляжала на нашых плячах. Зусім добра стала, калі з’явіўся малакаправод. Але пры ім я ўжо нядоўга працавала — у 50 гадоў моцна захварэла і пайшла на пенсію.
За 30 год стараннай працы Антаніна Іванаўна неаднойчы атрымлівала падзякі і ўзнагароды розных узроўняў. Самымі значымымі з іх з’яўляюцца ордэн Працоўнай Славы ІІІ ступені, бронзавы медаль ВДНГ, сярод раённых узнагарод — знакі “Ударнік камуністычнай працы”, “Лепшы жывёлавод”, “Ударнік ІХ пяцігодкі”, “Ударнік ХІ пяцігодкі” і іншыя.
Шмат было працы, і кожны ўносіў сваю лепту ў агульны вынік. Даяркі даглядалі сваіх гадаванак, каб яны больш давалі малака, дамагаліся добрых вынікаў і падтрымлівалі адна адну…
Цяпер Антаніна Іванаўна Гаспадарык займаецца хатняй гаспадаркай: трэба і курэй пакарміць, і сабачку, навесці парадак, дзе неабходна, а ў цёплы час — прапалоць клумбы, градкі…
— Галоўнае, каб былі сілы і здароўе, — усміхаецца мая суразмоўца.
Не забывае пра сваіх ветэранаў працы і ААТ “Грыцкевічы”.
— Як сёння памятаю, як для нас, былых даярак гаспадаркі, праводзілі экскурсію па сучаснай ферме “Супрунавічы”, — узгадвае А.І. Гаспадарык. — Мяне вельмі ўразіла, як там чысценька, прыгожа. Тэхналогіі зрабілі вялікі крок наперад у параўнанні з ранейшым. Вельмі прыемна, што дырэктар гаспадаркі Яўген Уладзіміравіч Здановіч ніколі пра нас не забываецца — павіншуе і з прафесійным святам, і з Новым годам, і з іншымі прыемнымі датамі. Радуе, што ў гаспадарцы памятаюць, ад гэтага і жыць весялей.
На святы ў хаце жанчыны заўсёды накрыты вялікі стол, за якім збіраецца ўся сям’я, а яна ў Антаніны Іванаўны немалая: трое дзяцей, пяцёра ўнукаў і пакуль што восем праўнукаў (чатыры дзяўчынкі і чатыры хлопчыкі). Гаспадыня гатуе свае фірмовыя стравы, госці прывозяць на пачастунак свае — і разам, у цёплым сямейным коле, абмяркоў-ваюць апошнія навіны свайго жыцця, жартуюць і напаўняюць адзін аднаго добрым настроем.
— Часта прыязджаюць дзяўчаты з Мінска, Баранавіч, прыходзіць да мяне і дачка, што жыве непадалёк — кожны ты-дзень хтосьці завітвае. Сумаваць у мяне часу няма — трэба праўнукаў дапамагаць гадаваць, — заключае свой аповед мая суразмоўца.
І сапраўды, для суму ў Антаніны Іванаўны часу няма — яна патрэбна сваім дзецям, унукам і праўнукам. Ёй ёсць што ім перадаць — любоў да роднай зямлі, працавітасць, руплівасць і веру ў лепшыя чалавечыя якасці, якіх так шмат у ёй самой.
Неаніла ЛЮБАНЕЦ.
Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА.