Аператар па адкорме маладняку І перыяду ААТ “Гарадзея” Жанэт Абрагімовіч працуе ў гаспадарцы ўжо 19 год, 16 з іх — аператарам, з’яўляючыся адным з лепшых працаўнікоў жывёлагадоўчага комплексу “Студзёнкі”. Паказчыкі гавораць самі за сябе: сярэднясутачныя прывагі цялят перавышаюць 1,69 кг, а ўсяго ў яе групе 190 галоў жывёлы, з якіх 150 — маленькія цяляты.
У абавязках Жанэт Юсупаўны — пакарміць, напаіць, выявіць хворых цялятак.
— Мне мая работа ў радасць, — зазначае мая суразмоўца. — Падабаюцца ўмовы, падабаецца, як усё арганізавана — працуем з 8 да 12, з 12 да двух дня ў нас абед, затым — з двух да пяці вечара. Я з дзяцінства працую з жывёлай, і мне гэта па душы, мяняць нічога не хочацца. Абы здароўе дазваляла. Ёсць і маральная задаволенасць вынікамі сваёй працы, і матэрыяльная, і падтрымка ад кіраўніцтва.
Дарэчы, большых цялят аператарам дапамагае карміць трактар, а да 150 корм падвозіцца на тачках. Цяляты пояцца 56 дзён цэльным малаком і яго замяняльнікам. Маленькім даюць сена і камбікорм, затым яны пераходзяць на сянаж і сілас.
Да Жанэт Юсупаўны маленькія гадаванцы трапляюць ва ўзросце ад месяца да двух вагой ад 70 да 90 кг і за тры месяцы набіраюць ад 160 да 200 кг, пасля чаго адпраўляюцца на ферму “Копцеўшчына”.
Добрасумленная праца Ж.Ю. Абрагімовіч была адзначана ў 2013-м годзе медалём “За працоўныя заслугі”, і, мяркуючы па ўсім, гэта не апошняя яе ўзнагарода.
Мая суразмоўца — не толькі выдатная працаўніца, але і любячая матуля, мама трох сыноў. Два старэйшыя — ужо дарослыя, малодшаму — 4 гадкі. Таму ўвесь свой вольны час яна прысвячае сям’і, стварае ўтульнасць і прыгажосць для сваіх родных.
Ураджэнец і былы жыхар Ганцаўшчыны Аляксандр Лісок 11 гадоў таму прыехаў у “Гарадзею” з сям’ёй, дачуўшыся пра добрую арганізацыю працы і жыцця ў гэтым сельгас-прадпрыемстве. Прыехаў — і ніводнага дня аб гэтым не пашкадаваў.
— Гаспадарка дала нам дом, дала работу. Калі хто хоча працаваць, то ён і будзе працаваць, — з упэўненасцю адзначыў Аляксандр Васільевіч у нашай гутарцы. — Кіраўніцтва заўсёды ідзе насустрач, калі робіш сваю справу сумленна, і на заробкі грэх скардзіцца.
Увесь працоўны шлях майго суразмоўцы — 21 год. У свой час ён скончыў Ганцавіцкае ПТВ па спецыяльнасці ”механізатар”. Зараз на пагрузчыку “Амкадор-352” выконвае ўсё, што даручаюць — грузіць і пясок, і арганічныя ўгнаенні, і кармы. Больш напружаны час, вядома, — вясна, лета і восень.
Немалаважная для добрага працоўнага настрою і падтрымка сям’і — разам з жонкай мой суразмоўца гадуе траіх дзяцей — Дзяніса, Мікіту і маленькую Паліну, якой нядаўна споўніўся годзік. У вольны ад работы час Аляксандр Васільевіч любіць наводзіць парадак на ўласным падворку, шмат умее рабіць сам, уключаючы зварачныя работы, стараецца, каб і на працы, і дома ўсё было як належыць.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.