Меню
Курс $  3.26 | €  3.55 | ₽100  3.53 |
Погода 4 °C

Розныя ўчасткі — агульная адказнасць

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат” — адно з буйнейшых у эканоміцы раёна. Сёння Гарадзейскі цукровы — гэта сучаснае, магутнае прадпрыемства, якое функцыянуе як адзіны механізм, дзякуючы прафесіяналізму ўсіх яго работнікаў. На розных участках тут працуе мноства старанных, адказных людзей, кожны з якіх уносіць свой добры ўклад у агульную справу. Прапануем увазе нашых чытачоў фотазнаёмства з некаторымі з іх.



Сваю работу на камбінаце Сяргей Кашуба пачынаў са слесара-рамонтніка. У Слуцкім прафесійна-тэхнічным каледжы харчовай прамысловасці атрымаў прафесію спецыяліста пагрузачна-разгрузачных работ, пасля гэтага паглыбіў свае веды ў Маскоўскім інстытуце тэхналогіі і кіравання імя Разумоўскага.

Зараз Сяргей Леанідавіч выконвае абавязкі загадчыка складоў гатовай прадукцыі. Ён адказвае за парадак на складах, за якасць адгружаемай прадукцыі, вядзенне дакументацыі, складанне плана закупак і г.д. І ўсё гэта — з улікам найбольш рацыянальнага выкарыстання складскіх плошчаў, з выкананнем правілаў аховы працы, тэхнікі бяспекі, вытворчай санітарыі і супрацьпажарнай бяспекі.

Адначасова на складзе можа захоўвацца каля 6000 тон гатовай прадукцыі ў рознай расфасоўцы. У падначаленні ў Сяргея Леанідавіча — 39 чалавек. Работы ўсім хапае, і ён уважліва сочыць за тым, каб на даверанай яму тэрыторыі ўсюды і ва ўсім быў парадак.

 

Станіслаў Антонавіч Шарамета працуе ў цэху вонкавай механізацыі, у час нарыхтоўкі праводзіць загрузку цукровых буракоў на буракапагрузачным камбайне, адгружае за дзень да 2000 тон цукровых буракоў.

Пасля нарыхтоўкі працуе бульдазерыстам, можа выконваць работу практычна на ўсіх відах тэхнікі.

— Як дагледзіш машыну, як адрамантуеш, так яна і будзе працаваць, — гаворыць вопытны работнік. — Тэхніка любіць увагу і своечасовы догляд.

І гэта не проста словы — за больш чым 10 гадоў работы на камбінаце Станіслаў Антонавіч праявіў сябе як адказны і надзейны працаўнік, якому давяраюць не толькі работу на месцы, але і штогод камандзіруюць на пагрузку салодкага кораня ў Мінскі раён.

 

Бетоншчык Алена Каляда — адна з самых вопытных работнікаў камбіната, дзе яна працуе ўжо 41 год. Пасля заканчэння школы прыйшла на буракапрыёмны пункт, працавала там і на выбракоўцы сыравіны, і на лініі цукрыстасці, і на ўзважванні машын з буракамі. Затым стала старшым кагатчыкам.

— У 1980-м годзе, калі я толькі прыйшла на камбінат, было нашмат больш ручной работы, — узгадвае Алена Сяргееўна. — Затым многае было механізавана. На буракапрыёмным пункце пабудавалі сухую падачу, купілі новыя буртаўкладачныя машыны — працаваць стала значна лягчэй. Змоладу як засталася на камбінаце — так і не ўявіла сябе на другім месцы: працавалася  дружна, весела, добра.

У транспартным аддзеле грузчыкам працуе муж маёй суразмоўцы Станіслаў Іванавіч, машыністам цеплавоза ў тым жа аддзеле — сын Аляксей Станіслававіч. Дачка жыве ў Баранавічах. Ніхто не скардзіцца на лёс, а шасцёра ўнукаў, што падарылі сын і дачка — гэта найвялікшае багацце і радасць, якія дадаюць сіл, каб жыць і працаваць, лічыць Алена Сяргееўна.

 

Машыніст цеплавоза Аляксандр Кашуба працуе на сваім месцы ўжо 16 гадоў. У яго абавязкі ўваходзяць манеўровыя работы і абслугоўванне цеплавоза. У свой час ён закончыў Мінскае вучылішча, дзе атрымаў спецыяльнасць слесара па рамонце рухомага саставу. Атрымаўшы ў сталіцы вопыт работы слесарам і памочнікам машыніста, вярнуўся на радзіму да бацькоў, стварыў сям’ю.

Прыйшоўшы на Гарадзейскі цукровы камбінат, хутка вывучыў асаблівасці даручанай яму тэхнікі. Перавозіць даводзіцца як сыравіну, так і гатовую прадукцыю. Дарэчы, амаль палова колькасці буракоў, якія прыбываюць на прадпрыемства, перавозіцца чыгуначным транспартам: адзін цеплавоз можа ўзяць 900 тон грузаў, а другі — 500 з лішкам. У сезон нарыхтоўкі яны заўсёды загружаны па максімуму.

— У нашай справе галоўнае — уважлівасць і яшчэ раз уважлівасць, — перакананы Аляксандр Сяргеевіч.

І сапраўды, работу сваю ён ведае дасканала і ўсё, што даручана, выконвае якасна і з  адказнасцю.

 

Без малога тры дзясяткі гадоў жыцця аддала роднаму прадпрыемству Ганна Гібкая — адна з самых вопытных работнікаў камбіната. Вялікі адрэзак яе працоўнага шляху — 20 з паловай гадоў — быў звязаны з сыравіннай лабараторыяй на буракапрыёмным пункце, добра ведае Ганна Міхайлаўна і тонкасці вырабу ледзянцовага цукру.

Зараз яна — укладчык-упакоўшчык на лініі, дзе цвёрды кавалкавы цукар упакоўваецца на чэшскай і турэцкай лініях у кардонныя скрыначкі па 500 грамаў і па 1 кілаграму.

— Тэхніка непараўнальна зменшыла нагрузку на чалавека, — гаворыць вопытная работніца. — Працаваць цяпер добра, было б жаданне.

А яно, мяркуючы па добрых водгуках кіраў-ніцтва аб рабоце Г.М. Гібкай, у яе ёсць заўсёды, на любым давераным ёй участку.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.  

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!