Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 11 °C

Як будуць вакцынаваць беларусаў і калі з’явіцца свая вакцына? Падрабязнасці сустрэчы Лукашэнкі і Піневіча

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Інтэнсіўнасць трэцяй хвалі каранавіруса ў Беларусі будзе не вышэйшая за асеннюю. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, па стане на 25 сакавіка ў Беларусі зарэгістравана больш за 314 тыс. выпадкаў COVID-19. Найбольшая колькасць — у Мінску, Мінскай і Віцебскай абласцях, найменшая — у Гомельскай і Брэсцкай. Прычым сярэдні паказчык тэсціравання на каранавірус у сакавіку склаў 160 на 100 тыс. насельніцтва ў дзень.



Аб вакцынацыі насельніцтва супраць COVID-19

Урадам зацверджаны Нацыянальны план па вакцынацыі супраць COVID-19 на 2021-2022 гады. У адпаведнасці з ім прафілактычнымі прышчэпкамі ў гэтым годзе будзе ахоплена не менш як 60 працэнтаў насельніцтва краіны. Вакцынацыя будзе праводзіцца паэтапна: па меры паставак вакцын, а таксама арганізацыі выпуску гатовай лекавай формы расійскай вакцыны «Гам-КАВІД-Вак» («Спадарожнік V»).

Цяпер у краіне ідзе першы этап. Прышчэпкі робяць медыцынскаму персаналу і работнікам фармацэўтычнай галіны, сацыяльнай сферы і ісферы адукацыі. У Беларусі выкарыстоўваюць «Спадарожнік V» і інактываваную вакцыну Vero вытворчасці кітайскай кампаніі Sinopharm.

Паводле апошніх даных, колькасць прышчэпленых адной дозай вакцыны склала 40 518 чалавек. Поўны курс вакцынацыі (дзвюма дозамі) прайшлі 26 100 чалавек.

На другім этапе плануецца ахапіць прышчэпкамі грамадзян, якія маюць высокую рызыку развіцця цяжкай формы захворвання. Гэта асобы ва ўзросце старэйшым за 60 гадоў, з хранічнай паталогіяй, а таксама пражываючыя ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжання.

На трэцім этапе прафілактычныя прышчэпкі атрымаюць асобы, якія маюць больш высокую рызыку заражэння ў сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю. Напрыклад, работнікі гандлю, грамадскага харчавання, бытавога і транспартнага абслугоўвання.

Нарэшце, у час чацвёртага этапу вакцынавацца будуць грамадзяне, якія выказалі жаданне атрымаць прышчэпку супраць COVID-19, у тым ліку прапрацоўваецца пытанне аб арганізацыі вакцынацыі на платнай аснове.

Але самога па сабе строгага дзялення на этапы не будзе, растлумачыў Дзмітрый Піневіч. «Няма такога, што першы этап завяршылі, потым выцерлі пот і пайшлі па другім этапе. Вядома, гэта ўсё ідзе паралельна», — дадаў ён.

Аб вытворчасці ў Беларусі расійскай вакцыны «Спадарожнік V»

Як паведамлялася ўжо, вырабляць расійскую вакцыну будуць на «Белмедпрэпаратах».

Работа вядзецца па двух напрамках: разліў вакцыны з паўпрадукту і вытворчасць па поўным цыкле.

Разліў першых прамысловых серый вакцыны «Спадарожнік V» з паўпрадукту расійскай кампаніі «Генерыум» на беларускім прадпрыемстве пачаўся 25 сакавіка, запланавана вытворчасць у аб’ёме каля 100 тыс. доз. Вакцыну плануюць пачаць выкарыстоўваць у канцы красавіка пасля пацвярджэння яе якасці. Штомесяц на «Белмедпрэпаратах» будуць выпускаць да 500 тыс. доз прэпарату.

«Разліў — гэта не проста прыехаць і разліць з чайніка па кубках. Гэта вельмі сур’ёзныя кампаненты», — падкрэсліў міністр.

Першыя ўзоры на беларускім прадпрыемстве ўжо атрыманы. Іх, дарэчы, Дзмітрый Піневіч прынёс на сустрэчу з Прэзідэнтам. Цяпер вакцына праходзіць кантроль якасці.

Першы ўжо правераны ўзор, заявіў міністр, ён забраніраваў для сябе. «Я, можа, прышчапіўся б ужо і цяпер, у мяне антыцелы ёсць. Але я паабяцаў, што першая вакцына, якая сыдзе з «Белмедпрэпаратаў» і пройдзе кантроль якасці, яна за мной», — заявіў ён.

Паралельна на другой пляцоўцы «Белмедпрэпаратаў» сумесна з расійскім канцэрнам «Росіум» прадаўжаецца работа па стварэнні вытворчасці па поўным цыкле гэтай жа вакцыны — ад вырошчвання віруса да разліву гатовага прадукту. Пачынаць вытворчасць «Спадарожнік V» у Беларусі павінны ў верасні бягучага года, прагназуемы аб’ём вытворчасці складзе каля 8 млн доз у год.

«Гэта ўзаемавыгаднае пытанне і для расійскага, і для беларускага боку, — адзначыў Дзмітрый Піневіч. — Гэты інвестпраект, як і па разліве, ідзе з разлікам на магчымы экспарт пасля таго, як мы задаволім у поўнай меры інтарэсы нашай рэспублікі».

Аб стварэнні беларускай вакцыны ад каранавіруса

Распрацоўкай беларускай вакцыны займаюцца арганізацыі Міністэрства аховы здароўя і Нацыянальнай акадэміі навук. Асноўная роля адведзена Рэспубліканскаму навукова-практычнаму цэнтру эпідэміялогіі і мікрабіялогіі.

Прымаючы з дакладам міністра аховы здароўя, кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што атрыманне айчыннай вакцыны ад COVID-19 з’яўляецца справай гонару кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя і НАН. «Айчынная вакцына — справа гонару Гусакова і Піневіча, Міністэрства аховы здароўя і Нацыянальнай акадэміі навук, у найкарацейшыя тэрміны зрабіць самую лепшую вакцыну. Чаму саму лепшую — таму што вопыт ужо ёсць. І ў расіян, і ў еўрапейцаў, і ў кітайцаў, у індусаў. Шмат хто ўжо вырабляе гэтыя вакцыны. Мы ўжо сёе-тое ведаем, мы не на голым месцы гэта робім», — сказаў Прэзідэнт.

Як растлумачыў журналістам пасля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы Дзмітрый Піневіч, вытворчасць вакцыны можна разбіць на некалькі этапаў. Да восені павінен з’явіцца першы ўзор беларускай вакцыны — так званая вакцына ў прабірцы. Да канца года выпусцяць доследна-прамысловую партыю. У наступным годзе пачнецца прамысловая вытворчасць.

«Важна тое, што мы ствараем тэхналогію, якую потым можна будзе пакласці на вытворчасць такога тыпу вакцын, але іншага ўзбуджальніка», — дадаў міністр.

У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што людзям трэба даць самы шырокі спектр магчымасцей зрабіць прышчэпку ад каранавіруса, у тым ліку, хто жадае, на платнай аснове. «Людзі хочуць атрымаць вакцыну. Яны яе атрымаюць. Нехта хоча хутчэй, вакцыну іншых краін, добра, закупім. Няхай на платнай аснове. Не трэба гэта ўтойваць. Трэба адкрыць магчымасць і на платнай аснове каму-небудзь правакцынавацца. Гэта справа кожнага чалавека», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

БелТА.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!