Меню
Курс $  3.07 | €  3.53 | ₽100  3.8 |
Погода 13 °C

Без граніц у сэрцах

Нясвіжскія навіны 4 года назад 0 0

Пост опубликован: 09.04.2021

“Кніга аб’ядноўвае людзей і краіны” — пад такім слоганам праходзіла сёлета ХХVIІІ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. У ёй удзельнічаў 281 экспанент

з 20 краін. Тут было ўсё:

ад беларускай класікі

і факсімільных выданняў

да коміксаў і рэлігійнай літаратуры з розных выдавецтваў, у тым ліку

нават з Кітая і Ірана.



Асноўная экспанентная ідэя — Садружнасць Незалежных Дзяржаў, 30-годдзе якой адзначаецца ў снежні. Былі выстаўлены найлепшыя кнігі ўсіх краін СНД, што сталі пераможцамі міжнароднага конкурсу “Мастацтва кнігі”. Дарэчы, у мінулыя гады беларуская літаратура атрымала больш за 160 дыпломаў гэтага конкурсу, а 10 выдавецтваў атрымалі Гран-пры. На выставе ўвазе наведвальнікаў былі прадстаўлены мастацкія, грамадска-палітычныя і культурныя выданні, дзіцячая літаратура краін Садружнасці. Напрыклад, генеральны дырэктар Нацыянальнай акадэмічнай бібліятэкі Казахстана Умітхан Муналбаева з калегамі прывезла больш за 300 кніг, у т.л. поўны збор твораў прэзідэнта Казахстана Касым-Жамарта Такаева ў падарунак нашаму Прэзідэнту. Удзел у мерапрыемстве бралі таксама член праўлення Саюза пісьменнікаў Казахстана Святлана Анань-ева, паэт і празаік з Калмыкіі Рыма Ханінава, вядомы беларускі аўтар Хізры Асадулаеў, які родам з Дагестана, спецпрадстаўнік Прэзідэнта Расіі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой. Агульную кнігу “Дзве радзімы — адна краіна” падрыхтавалі прадстаўнікі Курскага абласнога аддзялення Саюза пісьменікаў Расіі Міхаіл Разаеў і беларуская паэтка Ірына Карнаухава. У анлайн-фармаце адбылася прэзентацыя расійскіх аўтараў Аляксея Слапоўскага, Аляксея Іванова, Яўгена Вадалазкіна, Гузель Яхінай, Аляксея Варламава, Людмілы Уліцкай.

Прайшла прэзентацыя атласа “Дарогамі воінскай славы. 1941 — 1945”. Гэта сумесны беларуска-расійскі праект, створаны РУП “Белкартаграфія” і АТ “Раскартаграфія” да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У выданні — карты буйнейшых бітваў, якія мелі важнейшае значэнне ў гісторыі, карты асобных бітваў за гарады і рубяжы, карты баявых дзеянняў партызан на акупіраванай тэрыторыі. На стэндзе Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы ўвагу прыцягвалі тры тамы, прысвечаныя Ржэўскай бітве і стварэнню ў памяць пра яе мемарыяла Савецкаму салдату, які быў адкрыты летась у Цвярской вобласці з удзелам прэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі і з,яўляецца ўнікальным праектам саюзнай дзяржавы. Нагадаю: Ржэўская бітва цягнулася больш за 14 месяцаў, закончылася 3 сакавіка 1943 года. Тут загінулі і прапалі без вестак больш за 1 мільён 300 тысяч воінаў Чырвонай Арміі. Сярод загінуўшых пад Ржэвам ёсць і нашы землякі. Міхаіл Антонавіч Усовіч з Карцэвічаў паў смерцю храбрых у снежні 1941-га, Уладзімір Васільевіч Несцяровіч з вёскі Зарэчча — у ліпені 1942-га. І іх памяць ушанавана там у мемарыяле, дзе велічную бронзавую фігуру воіна ўздымае ўвысь на сваіх крылах жураўліны клін. “За Ржэвам была сталіца нашай Радзімы і ўся наша вялікая краіна. Тут гарэла зямля, плавіўся камень і крышылася браня, але не здаваўся савецкі салдат. Ішоў у рукапашную ў жорсткай схватцы з ворагам, калі заканчваліся патроны. Сцякаў крывёй на снезе ў люты мароз. Паміраў, але стаяў насмерць,” — сказаў падчас адкрыцця мемарыяла Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Ад Ржэўска-Вяземскага выступу, дзе праходзілі баі, да Масквы заставалася 240 кіламетраў. Гэта была адна з самых крывавых бітваў за ўсю гісторыю войн. Ржэўская бітва ўнесла ўклад у карэнны пералом вайны, пасля Ржэва былі перамогі Чырвонай Арміі на Курскай дузе і пад Сталінградам. Не прапусцілі захопнікаў нашы героі. Іх памяць ушанавана ў гэтым салідным выданні.

У Беларусі ў 2020 г. было выпушчана 8205 кніг і брашур агульным тыражом больш за 21 мільён экзэмпляраў. На выставе былі прадстаўлены 22-і том серыі “Залатая калекцыя беларускай літаратуры”, кніга Таццяны Шамякінай “Іван Шамякін. Вядомы і невядомы”, прэзентаваны кнігі “Іван Мележ. Пясняр Палесся” і “Кандрат Крапіва. Шлях да неўміручасці” выдавецкага дома “Звязда”.

Гран-пры Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” атрымаў альбом “Храм-помнік зямлі беларускай” выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Гэта выданне — экскурсія па адным з самых прыгожых храмаў нашай краіны, сучасніку яе незалежнасці — храму Усіх Святых.

У ліку пераможцаў конкурсу — “Старая казка” Уладзіміра Караткевіча (выдавецтва “Народная асвета”); навукова-папулярныя  выданні “Хутчэй. Вышэй. Мацней”, “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці” ў пяці тамах; альбом “Напалеон Орда”; энцыклапедыя, прысвечаная жыццю і творчасці Уладзіміра Караткевіча; дзве кнігі мінскага філакартыста (вядомага збіральніка старых паштовак, пісьмаў і фотаздымкаў) Уладзіміра Ліхадзедава ў намінацыі “Беларусь памятае” — “75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне” і “Блакада” (у апошнюю ўвайшло 500 паштовак і пісьмаў з блакаднага Ленінграда); а таксама творы аглядальніка ВД “Беларусь сёння” Андрэя Мукавозчыка і калумніста “СБ” Інэсы Плескачэўскай.

Побач з масцітымі аўтарамі свае творы для апублікавання прапанавала і моладзь. А за “круглым сталом” пад назвай “Кніга і слова. Погляд у будучыню” была абмеркавана творчасць сучасных маладых аўтараў, яго ўдзельнікі падзяліліся бачаннем перспектыў рэалізацыі іх творчага патэнцыялу, у т.л. і праз конкурс “Мост дружбы”.

На VII Міжнародным сімпозіуме “Пісьменнік і час” ішлі гарачыя дыскусіі аб ролі літаратараў у сучасным свеце. Як падкрэсліў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец: “Сёння перад пісьменнікамі стаіць сур’ёзны выклік: праявіць усю моц свайго розуму і таленту, каб зрабіць свет прыгожым. У апошні час свет страсаюць розныя падзеі, якія могуць прывесці да сумных вынікаў. І місію пісьменнікаў я бачу ў тым, каб нават пры наяўнасці граніц не дапусціць граніц у сэрцах”.

Падчас зносін была выказана прапанова стварыць Славянскі кніжны саюз. Удзельнікі выставы з Балгарыі, Расіі, Беларусі, Сербіі, Эстоніі, Малдовы першымі падтрымалі яе.

Так, сапраўды, кніга аб’ядноўвае людзей розных краін і розных пакаленняў, прыхільнікаў самых розных жанраў, дае нам магчымасць зазірнуць далёка за гарызонт.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,

заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!