Працаўнікі ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”
прыступілі да веснавых палявых работ
аднымі з першых у раёне.
Пасяўная не церпіць прамаруджвання,
і, каб атрымаць высокі ўраджай,
неабходна ўкласціся ў аптымальныя
тэрміны сяўбы.
У сераду ў гаспадарцы
завяршылі сяўбу ранніх яравых культур.

Аляксандр Сукала выдатна валодае тэхнікай. Шматгадовы вопыт дазваляе яму хутка і якасна спраўляцца з пастаўленай задачай.
Адказны і добрасумленны работнік быў задзейнічаны на сяўбе, паколькі ў такую пару ўлічваецца кожны дзень і кожная гадзіна
— Ранні яравы клін у нас складае 460 гектараў. Большую частку яго засеялі ячменем — 445 га, 15 гектараў заняў авёс, — расказаў галоўны аграном акцыянернага таварыства Аляксей Грох. — План сяўбы ў сакавіку прыйшлося скарэкціраваць. Сёлета ў гаспадарцы плошча гібелі азімых збожжавых склала 282 га, выправанне азімага трыцікале адбылося на 264 га, азімага ячменю — на 18 га. Атрымалася, што ўсходы азімых працяглы час знаходзіліся пад пластом снегу, які выпаў на яшчэ не мерзлую глебу. І як вынік — азімыя не падрыхтаваліся да зімоўкі і працягвалі інтэнсіўны рост. Было прынята рашэнне 107 гектараў перасеяць ячменем і 175 — кукурузай.
Каб не губляць часу вясной, палі пад яравыя збожжавыя ў “Нясвіжскіх Астроўках” зааралі яшчэ ўвосень. Зараз глеба апрацоўвалася толькі культыватарамі і следам выходзілі пасяўныя агрэгаты.
— Насенне ў зямлю заклалі Аляксандр Сукала на трактары “Джон Дзір” з сеялкай “Амазоне” і Віталій Манулік на МТЗ-1523 з агрэгатам “Ферабокс”. Насенне ім дастаўлялі Віктар Хваль і Міхаіл Курдун. Працавалі звёны зладжана і прастояў тэхнікі не дапускалі, — працягвае Аляксей Яраслававіч. — Дарэчы, абодва гэтыя трактары ў нас абсталяваны сістэмамі спадарожнікавай навігацыі, на “Джон Дзір” яе ўсталявалі яшчэ ўвосень, а вось на МТЗ купілі ў гэтым годзе. Навінкай задаволеныя: няма перасеву, няма агрэхаў — двойчы засеяных або наогул незасеяных участкаў. Раней жа сеялі “на вока”, трэба было так поле “нарэзаць” на палосы для сяўбы, каб загонкі былі прамалінейныя. Аднак у гэтым годзе гаспадарка цалкам прыстасавалася да новых тэхналогій, і працэс ідзе без збояў.
Навігацыйны прыбор праліч-вае маршрут трактара такім чынам, каб накладка палосаў сяўбы складала ўсяго 10 — 15 см, а агрэхаў не было. Пры гэтым, ён таксама можа весці трактар на аўтапілоце пад кант-ролем механізатара, які назірае за паказаннямі прыбора ўнутры кабіны і сочыць толькі за тым, каб на полі не сустракаліся камяні і іншыя буйныя перашкоды.
Спадарожнікавая сістэма навігацыі не толькі дапамагае кантраляваць ход сяўбы, гарантуе якасць выкананай работы, але і дазваляе павысіць прадукцыйнасць працы і значна знізіць стамляльнасць.
У сёлетнюю пасяўную ў ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” яравы ячмень прадстаўлены нямецкім гатункам “Бэнтэ”. У мінулым годзе гаспадарка закупіла яго эліту. Восенню сабралі ўраджай, дапрацавалі і засыпалі на склад, вясной насенне пратравілі. А 60 га, адведзеныя пад піваварны ячмень, засеялі чэшскім гатункам “Уверцюра”.
— У гаспадарцы праведзена і першая падкормка азімых збожжавых на плошчы 668 га, з якіх 420 га займае азімая пшаніца, 152 — азімы ячмень, 96 га — азімае трыцікале, — адзначае галоўны аграном. — КАС на самаходным апырсквальніку “Раса” ўносіў Віктар Люмін. Падкормлены ў поўным аб’ёме і пасевы азімага рапсу, а гэта 200 гектараў. Дарэчы, перазімаваў ён добра. Сеялі гібрыды з розным тэрмінам паспявання, каб уборку весці без аўралу, планамерна і з мінімальнымі стратамі масланасення.

Вадзіцель Віктар Хваль дастаўляў насенне ў поле для запраўкі пасяўнога
агрэгата. Працаваў у тандэме з Аляксандрам Сукалам
Поўным ходам у гаспадарцы вядзецца і падрыхтоўка палёў на перспектыву. На закрыцці вільгаці з культыватарамі задзейнічаны Аляксандр Цвірко, Ігар Бабко і Ігар Гудына, на ўнясенні арганікі — Аляксандр Ражкоў, Уладзімір Жэрка, Казімір Ройка і Яўген Ватазін, на ўнясенні цвёрдых мінеральных угнаенняў — звяно Анатоля Чыркуна і Віталія Пугана.
Аксана ГРОХ.