Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 5 °C

Асвенцым у памяці застаўся назаўжды

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Пост опубликован: 11.04.2021

На долю несвіжанкі Аляксандры Пятроўны Паўлюшчык выпала нямала суровых выпрабаванняў. Што такое фашысцкія засценкі, яна зведала на сабе — на зары свайго юнацтва,

у гады Вялікай Айчыннай вайны, прайшоўшы праз нямецкі канцлагер Асвенцым. Не раз чорная смерць заглядала дзяўчыне ў вочы,

але нейкія добрыя сілы ці святая малітва

адводзілі яе ад Аляксандры.



Сёння былому  непаўналетняму  вязню канцэнтрацыйнага лагера прыгадваецца абпаленае  вайной дзяцінства. З пачаткам ваенных дзеянняў у Расіі двух яе братоў  цёця за-брала ў вёску, а яна засталася з татам у Бранску. Бацька ў хуткім часе загінуў падчас бамбёжкі горада ў 41-м годзе.

У канцы наступнага года дзяўчынку разам з іншымі жыхарамі горада немцы вывезлі на захад. Дзесьці на тэрыторыі Польшчы яна і яе  зямлячка Ліза ўцяклі, дзяўчынкі нават дабраліся да вакзала ў Кракаве, але там паляк-чыгуначнік за сем марак здаў іх у гестапа.

Затым былі знясільваючыя і жудасныя допыты. Немцы ў напалоханых да смерці дзяўчынках, якіх біла нервовая дрыготка, бачылі дэсантнікаў. А шчырыя тлумачэнні дзяцей, што яны толькі хацелі вярнуцца дадому — проста не чулі.

У канцэнтрацыйны лагер яна трапіла ў пятнаццацігадовым узросце. З усіх краін, акупаваных немцамі, — Францыі, Бельгіі, Галандыі, Югаславіі, Польшчы, Савецкага Саюза і іншых, — у Асвенцым прыбывалі эшалоны з людзьмі, прызначанымі для знішчэння. Толькі нязначная частка найбольш здаровых і моцных, якая часова выкарыстоўвалася як рабочая сіла, пакідалася ў лагеры. Гэта быў сапраўдны камбінат смерці з газавымі камерамі, крэматорыямі. Вязняў там ператварылі ў падвопытных істот: былі створаны спецыяльныя бальніцы, хірургічныя блокі і лабараторыі, пад шыльдамі якіх хаваліся гітлераўскія камеры катаванняў. У Асвенцыме замучылі, расстралялі, задушылі ў газавых камерах звыш чатырох мільёнаў савецкіх грамадзян і жыхароў іншых краін Еўропы.

Прайшло шмат часу, але ўспамін аб гэтым лагеры па-ранейшаму ў Аляксандры Пятроўны выклікае жах. У лагеры дзяўчынцы прысвоілі нумар 38115. Гэтыя лічбы і сёння выкалаты на яе руцэ як сведчанне тых страшных падзей.

Барак, у якім жыла Аляксанд-ра Пятроўна, уяўляў сабой прысадзісты будынак з двухпавярховымі нарамі. Подлога была цэментнай, халоднай. На нарах, акрамя подсцілу з саломы, нічога не было. Побач быў суседні барак, разам яны складалі так званы блок, які быў акружаны калючым дротам. Па перыметры лагера знаходзіліся аўтаматчыкі, аднекуль даносіў-ся сабачы брэх. А паветра пастаянна было насычана едкім дымам і попелам — побач у крэматорыях цэлымі эшалонамі спальвалі людзей.

Штодзень ледзь развіднее — пад’ём. На сняданак — кубак “лагернай кавы” без хлеба, і — на працу, якая доўжылася 12-14 гадзін.

— Оберштурмфюрэр адабраў дзесьці чалавек 50, мне пашанцавала быць сярод іх. Мы пікіравалі саджанцы, вырошчвалі моркву, капусту, бульбу, а таксама іншую гародніну, — прыгадвае Аляксандра Пятроўна. — І калі на абед прывозілі баланду (ваду з кавалачкам бручкі або бульбянымі ачысткамі), мы накопвалі нейкіх каранёў, кідалі траву ў талерку: усё ж гусцей і сытней. Праўду людзі кажуць, што чалавек пазнаецца ў бядзе. З эсэсаўцаў, што ахоўвалі нас, самымі спагаднымі і добрымі былі сербы і харваты. Хлеб, які ім выдаваўся, яны часта нам аддавалі. А мы дзялілі па кавалачку на ўсю сваю каманду, на 50 палонных.

Норавы ў канцлагеры былі жорсткія: нават за нязначнае непадпарадкаванне білі рукамі, нагамі — чым прыйдзецца.

— Калі наглядчыкам раптам здавалася, што няма хоць аднаго чалавека, — працягвае суразмоўца,  — то імгненна ўсіх строілі незалежна ад часу сутак. Так і стаялі ўсе, пакуль зніклых не знойдуць. Былі выпадкі, калі чалавека шукалі-шукалі, а ён, аказваецца, памёр. А самае страшнае ў Асвенцыме — гэта невядомасць. Выклікаюць цябе сярод ночы, і ты не ведаеш: вернешся ты ў барак ці не, клічуць “па справе” ці адправяць на смерць. А аднойчы вывелі наш 15 блок, адабралі людзей і павезлі кудысьці, як потым высветлілася — на вакзал цукар разгружаць. Мы ўсе тады вельмі перапалохаліся, думалі, на спальванне — крэматорый побач.

У лагеры шырока практыкаваліся медыцынскія эксперыменты і доследы. Нацысты вывучалі дзеянні хімічных рэчываў на чалавечы арганізм, выпрабоўвалі найноўшыя фармацэўтычныя прэпараты. Зняволеных, у якасці эксперыменту, штучна заражалі малярыяй, гепатытам і іншымі небяспечнымі захворваннямі. Фашысцкія лекары трэніраваліся на здаровых людзях у правядзенні хірургічных аперацый.

Калі немцы адабралі сто трыццаць 16-гадовых хлопчыкаў і дзяўчынак для доследаў, сярод іх аказалася і Аляксандра Пятроўна. Колькі часу правяла ў спецыяльным бараку, які быў абнесены дротам пад напружаннем, яна не памятае. Калі прыйшла ў прытомнасць — хварэла брушным тыфам, а затым і малярыя падключылася.

У пачатку 1945 года савецкае войска падыходзіла ўсё бліжэй, і немцы прынялі рашэнне гнаць вязняў далей на захад. Галодных і знясіленых цяжкай працай ваеннапалонных, якія не вытрымлівалі таго прымусовага “маршу смерці”, яны расстрэльвалі. Гітлераўцы нават не думалі хаваць свае злачынствы — трупы кідалі на абочыне, іх тут жа разрывалі сабакі.

— Затым нас пагрузілі на адкрытыя платформы і павезлі ў лагер Дахау, — працягвае ўспамін пра сваё дзяцінства Аляксандра Пятроўна, — але там і так было ўсё перапоўнена, і нас павезлі далей. У Равенсбруку  такога тавару таксама хапала. У Бухенвальдзе — сваіх дзяваць не было куды. Нам месца знайшлі толькі ў Берген-Бельзене — сапраўдным рассадніку хвароб. Я адразу чымсьці захварэла.

Берген-Бельзен быў вызвалены брытанскай і амерыкан-скай арміямі 15 красавіка 1945 года. Перад вачыма воінаў-вызваліцеляў паўсталі крэматорыі і газавыя камеры, прылады катаванняў, тысячы кіламетраў валасоў і перамолатыя косткі, падрыхтаваныя да адпраўкі ў Германію. Салдаты знайшлі ў лагеры 60 тысяч вязняў, многія з якіх знаходзіліся на мяжы смерці. Прайшоўшы праз такое пекла, яны ператварыліся ў знясіленыя і змучаныя істоты. Адзі-ным, што сведчыла пра тое, што яны яшчэ жывыя, былі іх вочы, у якіх блішчэла радасць — радасць вызвалення. Радасць таго, што жыццё ў пекле засталося ў мінулым, а яны выжылі.

Пасля вызвалення дзяўчына вярнулася дадому. Пасляваенныя ўмовы ў Бранску былі жудасныя: людзі жылі ў страшнай галечы, галадалі. Пагасціўшы ў родных месцах, яна вырашыла ехаць да цёткі ў Беларусь, у Нясвіж, які і стаў для расіянкі Аляксандры Пятроўны другой радзімай. Тут яна выйшла замуж, вырасціла траіх дзетак, дачакалася шасцярых унукаў і дзесецярых праўнукаў.

Лёс часта неапраўдана суровы. Але нягледзячы на ўсе перажытыя цяжкасці і няшчасці, непаўналетні вязень канцлагера і ветэран працы Аляксандра Пятроўна Паўлюшчык змагла захаваць любоў да людзей, да ўсяго, што яе акружае. А самай галоўнай каштоўнасцю лічыць жыццё і мір.

Аксана ГРОХ.

Фота з архіва рэдакцыі.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!