Меню
Курс $  3.07 | €  3.53 | ₽100  3.8 |
Погода 5 °C

В.М. Халопіца: “Галоўнае — выконваць работу якасна”

Нясвіжскія навіны 4 года назад 0 0

Пост опубликован: 29.04.2021

На паўночна-заходняй ускраіне Нясвіжскага раёна, на мяжы з Брэсцкай і Гродзенскай абласцямі, размясцілася ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”. Яно займае 3866 га, на якіх раскінуліся палі і пашы, 3 малочнатаварныя фермы, 4 фермы па вырошчванні і адкорме БРЖ, машынна-трактарны парк і ўсё астатняе, што неабходна для паспяховага вядзення сельгасвытворчасці. На тэрыторыі гаспадаркі размешчана 8 вёсак: Астроўкі, Прасці, Макашы, Янчыцы, Малінаўка, Стоўпішча, Новіны, Краснагоркі, жыхары якіх у большасці сваёй і ўносяць галоўны ўклад у развіццё мясцовага сельгаспрадпрыемства.



У жывёлагадоўлі “Нясвіжскія Астроўкі” спецыялізуюцца на вытворчасці малака і мяса буйной рагатай жывёлы, у раслінаводстве прыярытэт аддадзены вырошчванню цукровых буракоў, рапсу, збожжавых і зернебабовых культур.

Астатнія плошчы цалкам падпарадкаваныя кормавытворчасці.

На дзень здачы матэрыялу ў друк (28 красавіка) пад яравую сяўбу падрыхтавана 840 га з 1380 га. Пачаўся сеў кукурузы, пад гэту культуру адведзена 795 га, з іх 250 — на зерне. Акрамя таго, засеяна 200 га цукровых буракоў, 189 га траў, што нават некалькі больш за план.

На веснавых палетках — дырэктар ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” Васіль Халопіца

У “Астроўках” працуе шмат адказных і надзейных работнікаў, дзякуючы працы якіх гаспадарка няспынна паляпшае свае паказчыкі, дэманструючы ўсё больш добрыя вынікі.

— Сярод механізатараў большасць — спецыялісты, на якіх заўсёды можна спадзявацца, — адзначыў у нашай гутарцы дырэктар таварыства Васіль Халопіца. — Яны старанныя, адказна ставяцца да сваёй справы. Разумеюць, што ўсё трэба рабіць своечасова. Калі прыходзіць час уборкі, акунаюцца ў працу з галавой. Калі ў адзін дзень     з-за ўмоў надвор’я заканчваюць работу на полі раней, чым планавалі, нярэдка назаўтра застаюцца да гадзін дзевяці вечара. Яны самі распара-джаюцца сваім часам, ведаючы, што галоўнае — зрабіць усё якасна і ў вызначаныя тэрміны. Прыемна ўбіраць ура-джай, які самі і выгадавалі, асабліва, калі ён удаўся. Так, у мінулым, 2020 годзе, атрымалі 81,3 цэнтнера азімага ячменю пасля апрацоўкі (у амбарнай вазе) — гэта вельмі добры паказчык.

Вялікую ролю ў любой працы адыгрывае і тэхніка. Так, у гэтым годзе акцыянернае таварыства набыло новы раскідвальнік арганічных угнаенняў, многафункцыянальны РОУМ-20 “Гаспадар”. Яго даверылі аднаму з лепшых трактарыстаў — Юрыю Мануліку.

Галоўны заатэхнік ААТ “Нясвіжскія Астроўкі” Галіна Рыбалтоўская працуе ў гаспадарцы з 2000 года, пераехаўшы сюды з Брэсцкай вобласці. Спачатку — 10 год загадчыцай адной з ферм, цяпер — галоўным заатэхнікам гаспадаркі. Галіна Віктараўна ўпэўнена, што ўмовы ўтрымання жывёлы значна ўплываюць на якасць малака і яго аб’ёмы. Пра гэта сведчаць і лічбавыя паказчыкі

— Тэхнічная адукаванасць гэтага чалавека выклікае захапленне, — дзеліцца сваім меркаваннем В.М. Халопіца. — Ён ніколі не садзіцца ні за адзін агрэгат, перш дэталёва ў ім не разабраўшыся. Вечарамі можа шукаць усю даступную інфармацыю, аналізаваць. І, калі прыязджаюць спецыялісты праінструктаваць перад запускам, часам аказваецца, што Юрый ужо ўсё ведае. Не дзіўна, што ў такога чалавека ўсё працуе, нібыта спявае, ён ніколі не эксплуатуе тэхніку звыш дапушчальнага.

Працуе Юрый у гаспадарцы шосты год. Прыехаўшы на Нясвіжчыну ўслед за братам з Чэрвеньскага раёна, застаўся задаволены — добрая тэхніка, добрыя ўмовы працы.

— Я з дзяцінства прывык да работы ў полі — бацька быў трактарыстам, паказваў нам з братам, як працаваць падчас уборкі ўраджаю, як — у пасяўную, — з усмешкай успамінае Юрый Манулік. — Так што гэта ў мяне ў крыві. Правы на кіраванне трактарам атрымаў яшчэ ў школе, пасля паступова дадаваў катэгорыі. Апошнюю, на кіраванне камбайнам, атрымаў ужо тут, працуючы ў “Астроў-ках”.

У гэтым годзе трактарыст-машыніст у асноўным араў пад цукровыя буракі і кукурузу. Цяпер разам з Кірылам Зуем будзе ўносіць арганіку, на пагрузчыку ім будзе дапамагаць Казімір Ройка.

Чым больш абнаўляецца машынна-трактарны парк, тым вышэй падымаецца планка якасці работ, якія выконваюцца, і аб’ёмаў культур, што вырошч-ваюцца.

Трактарыст-машыніст Юрый Манулік на сваім МТЗ-3522 з прычэпленым раскідвальнікам арганічных угнаенняў РОУМ-20 “Хозяин”

У дзень, калі быў зроблены здымак, трактарыст-машыніст Аляксандр Сукала сеяў цукровыя буракі.
У гэтым годзе ў “Нясвіжскіх Астроўках” пад салодкі караняплод адвялі 200 гектараў. Сваю працу
Аляксандр Пятровіч заўсёды выконвае якасна і акуратна і нярэдка аказваецца ў ліку лепшых аграрыяў раёна.
Так, напрыклад, у мінулым годзе па выніках “Жніва-2020” дамогся аднаго з лепшых вынікаў у раёне —
намалоту збожжа звыш 2000 тон.
— Хутка скончым гэтую працу і будзем рыхтавацца да ўборкі кармоў, а затым і жніво падаспее, — распавядаў пра планы ў той дзень Аляксандр Пятровіч. — Потым зноў прыйдзе вясна, і зноў трэба будзе сеяць яравыя — пачнецца чарговы віток сельскагаспадарчага жыцця. Ведаеце фразу “ёсць такая прафесія радзіму абараняць”? Наша прафесія — на зямлі працаваць. Малодшы сын Аляксандра Пятровіча, падзяляючы інтарэсы бацькі, абраў спецыяльнасць,
неабходную ў сельскай гаспадарцы, — ён вучыцца на агранома.

Віталь Манулік працуе ў гаспадарцы сёмы год,
пераехаўшы сюды з жонкай з Чэрвеньскага раёна.
— Раней я працаваў у гаспадарцы на радзіме, але аднойчы знаёмыя, якія раней пераехалі на Нясвіжчыну, прапанавалі і мне сюды перабрацца, — расказвае Віталь Аляксандравіч. — Тут мне вельмі падабаецца — калі ўмовы працы добрыя, хочацца і працаваць добра. Нядаўна нам з жонкай дазволілі выкупіць арэндны дом, у якім мы жывем, гэта вельмі прыемная навіна. Улетку дапамагаць у гаспадарцы будзе і дачка — гэта яе жаданне

Сяргей Шарапа працуе ў гаспадарцы з 1992 года. У свой час ён скончыў Ленінградскае ваенна-інжынернае
вучылішча, адслужыў некалькі гадоў. У “Нясвіжскіх Астроўках” займаў розныя пасады: быў загадчыкам
механічнага двара, інжынерам па ахове працы, а ў 2016 годзе стаў галоўным інжынерам. Па родзе дзейнасці
Сяргей Яўгенавіч судакранаўся з самай рознай тэхнікай і з задавальненнем знаёміцца з навінкамі, адзначаючы, што з новай тэхнікай працаваць цікавей. На здымку: Сяргей Шарапа ля змяшальніка- кормараздатчыка самаходнага “Матрыкс” 17В

— Зараз у гаспадарцы пяць энерганасычаных трактароў, чатыры з іх былі задзейнічаны падчас пасяўной, — распавядае галоўны інжынер Сяргей Шарапа. — Усе адпрацавалі без сур’ёзных паломак, выканалі вялікі аб’ём ворыва — 2883 га. Па лізінгу за сродкі гаспадаркі набылі РОУМ-20 і 8-корпусны плуг “Кун Чэленджэр”. Ёсць месцы, дзе глеба вельмі цвёрдая, там, у першую чаргу, і бу-дзе задзейнічаны плуг. Таксама для яе апрацоўкі набылі глыбокарыхліцель, дзякуючы чаму яна будзе станавіцца ўсё больш падатлівай.

Цалкам абноўлены ў гаспадарцы пры дапамозе лізінгу і адзін з сушыльных апаратаў — СЗЖ-20, пабудаваны на месцы СЗК-10. Узводзілі яго часткамі, спачатку, у 2020 го-дзе, — сушыльны апарат, дзякуючы якому ў два разы павялічылася прапускная здольнасць. Таксама памянялі лінію першаснай ачысткі. Цяпер пабудавалі бункерны назапашвальнік. Ён у два разы большы за папярэдні, можа ўтрымліваць да 50 тон зерня. Так што ў гэту ўборачную пару паменшыцца нагрузка на транспарт — машынам не трэба будзе ўвесь час дзяжурыць на сушылцы.

Важнай сферай сельгаспрадпрыемства з’яўляецца жывёлагадоўля. Цяпер на фермах гаспадаркі змяшчаецца 3490 галоў буйной рагатай жывёлы (+8 галоў). Павялічыліся таксама як надой па гаспадарцы — з 23453 ц да 24361 ц, так і надой на адну карову — з 2074 кг да 3172 кг (+98 кг). Павысілася тлустасць малака з 3,85 % да 3,94 %.

Вялікі ўклад у развіццё гэтай галіны ўнесла МТФ № 3 “Астроўкі”, якая зарабіла ў поўную магутнасць у 2020 годзе. Першая чарга была ўведзена ў строй у 2019 годзе.

У сакавіку гэтага года ў параўнанні з сакавіком 2020-га на ферме колькасць буйной рагатай жывёлы вырасла на 558 галоў (з 225 да 783), з іх менаві-та кароў — на 288 (было 195 — стала 483). Валавы надой складае 3905 цэнтнераў (2367 ц), надой на адну карову — 808 кг (+19 кг). Рэалізавана малака 3631 ц (2251 ц), класам “экстра” здадзена 100 % (+3,4 %).

Пра асаблівасці працы малочнатаварнай фермы № 3 карэспандэнтам “НН” распавялі брыгадзір Надзея Сукала і галоўны заатэхнік Галіна Рыбалтоўская:

— Гэта першая ў гаспадарцы МТФ з круглагадовым стойлавым утрыманнем. Сюды перавялі буйную рагатую жывёлу з трох ферм прывязнога ўтрымання. Вядома, вынікі працы разумна ацэньваць бліжэй да канца 2021-га, каб паглядзець, як прапрацавалі год абедзве чаргі. Але ўжо цяпер бачна, што натуральныя ўмовы ўтрымання на глыбокай падсцілцы, своечасовая і рэгулярная змена падсцілачнага матэрыялу даюць значна лепшыя вынікі. З увядзеннем гэтай фермы захаванасць новацельных жывёл стала вышэй і палепшылася якасць малака. Зараз тут доіцца 483 каровы. І надоі вельмі добрыя — 25-26 літраў на карову ў дзень. У цэлым за дзень мы рэалізуем амаль 12 т малака, а рабатызаваная МТФ № 6 “Макашы” дае 9 тон пры аб’ёме ў 340 галоў. Усё малако адсюль і з “Макашоў” ідзе на Нясвіжскі завод дзіцячага харчавання. Да якасці і бяспекі малочнай сыравіны вытворца прад’яўляе вельмі высокія патрабаванні і мы ганарымся тым, што малако з “Нясвіжскіх Астровак” з годнасцю праходзіць такі строгі кантроль.

Намеснік дырэктара па вытворчасці ААТ “Нясвіжскія
Астроўкі” Генадзь Матусевіч і дырэктар гаспадаркі
Васіль Халопіца каля новага сушыльнага комплексу СЗЖ-20

Але добрыя надоі — дасягненне не аднаго чалавека, а ўсіх, хто прыклаў да гэтага руку — ветэрынараў, інжынераў, заатэхнікаў і многіх іншых. Высокія гатунковасць і таварнасць малака забяспечваюцца добрымі ўмовамі ўтрымання жывёл і правільным падыходам ветэрынарнай службы да іх лячэння. Ды і работнікі саміх ферм зацікаўлены ў павышэнні якасці прадукцыі. Памер заработнай платы аператараў машыннага даення, даглядчыкаў і ўсіх работнікаў гэтага падраздзялення залежыць ад таго, якога гатунку будзе малако.

Дзякуючы належным умовам — чысціні, пастаяннаму паступленню свежага паветра і кармоў — тут практычна няма выбыцця. Аддаюцца на брак толькі тыя каровы, якія даюць менш за 10 літраў малака або не адпавядаюць па ўзросце.

Побач з будынкамі, дзе ўтрымліваюцца дарослыя каровы, размешчаны і цялятнік. Тут усё прадугледжана: і стэрылізатар, і халадзільнік для асту-джвання малака, калі яно не выпіваецца да канца, і малочнае таксі для падагрэву. Па ветэрынарных рэкамендацыях цялят да 3 месяцаў варта трымаць паасобку, так тут і робяць. Цялят таксама трымаюць на глыбокім посціле. Іх тут 160, яшчэ 60 — на МТК № 4 “Прасці”.

У абавязкі брыгадзіра МТФ № 3 “Астроўкі” Надзеі Сукала ўваходзіць кантроль ўсіх вытворчых працэсаў — даення, кармлення, выпайкі цялят, здачы малака і іншых. Да сваёй працы жанчына ставіцца вельмі адказна — бо толькі так, на яе думку, і патрэбна выконваць свае абавязкі

— На МТФ № 3 зроблены выдатныя ўмовы не толькі для ўтрымання жывёл, але і для камфорту работнікаў, — рэзюмуе Галіна Рыбалтоўская. — Ёсць пакоі адпачынку і распранальня, душавая і пральня з пральнай машынай. Дзякуючы ўсяму гэтаму і на працу хочацца хадзіць, і вынікі павышаць.

Малочнатаварная вытворчасць пашыраецца: на тэрыторыі МТК № 4  прывязнога ўтрымання пачалося будаўніцтва МТФ на 800 галоў з даільна-малочным блокам. У планах — увесці да канца года першую чаргу.

Укладвае душу ў сваю працу і загадчыца сталовай Аляксандра
Баранава. Яе смачнымі стравамі любяць частавацца не толькі мясцовыя жыхары, але і госці гаспадаркі

На памяці ў кіраўніка гаспадаркі Васіля Холопіцы і іншыя часы:

— У 1990-х, калі я пачынаў працу ў Нясвіжскім раёне, у нас ішло станаўленне жывёлагадоўчай галіны. Даілі па 3-4 тысячы літраў на карову, а 5 тысяч лічылася цудоўным вынікам. Сёння і дзесяццю нікога не здзівіш. Да гэтага паступова ішлі, развіваючы тэхналогіі, паляпшаючы якасць кармоў. Добрыя вынікі ў адной галіне даюць магчымасць дасягнуць  большага ў іншай. Таму зараз мы планамерна развіваемся ва ўсіх напрамках.

Неаніла ЛЮБАНЕЦ.

Фота Іны ВАСІЛЕВІЧ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!