Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 8 °C

З іменем Паўлюка Пранузы

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 3

Пост опубликован: 07.05.2021

Павел Кузьміч Прануза — беларускі паэт, ганаровы грамадзянін горада Нясвіжа, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, унёс значны ўклад у літаратурную спадчыну нашай краіны. Таму невыпадкова шэсць гадоў таму Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы было прысвоена яго імя.

Павел Кузьміч Прануза нара-дзіўся 18 сакавіка 1918 года на гомельскім Палессі — у вёсцы Вылева Добрушскага раёна. Спачатку вучыўся ў мясцовай школе, затым — у Добрушскай дзесяцігодцы. Пасля школы паступіў на філалагічны факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута імя Чкалава. Летам 1940 года П. Прануза быў запрошаны на нараду маладых пісьменнікаў. У гэты ж час ён пачынае друкавацца на старонках газеты “Літаратура і мастацтва”.



І ўсё б добра, але пачалася вайна. Дзяржаўныя экзамены прыйшлося здаваць пад гул варожых самалётаў. “Надаралася, — прыгадваў у сваёй аўтабіяграфіі Павел Кузьміч, — нас узбройвалі вінтоўкамі і даручалі ахоў-ваць склады з гаручым ці лавіць лазутчыкаў, якія ноччу падавалі сігналы варожай авіяцыі”.

Момант конкурсу юных чытальнікаў “Чытаем Паўлюка пранузу”.
На фота: загадчык аддзела па рабоце з дзецьмі Алёна Чухлей
і бібліятэкар гэтага аддзела Наталля Кульчыцкая

Як і мноства “новенькіх” выпускнікоў педінстытута, яшчэ не паспеўшы налюбавацца дыпломам, нарадавацца яму, добраахвотнікам пайшоў ваяваць з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Далей быў самы цяжкі экзамен у жыцці — экзамен на мужнасць, адвагу, любоў да Радзімы…

Сувязі з многімі сябрамі не было. У газеце “На разгром врага” П. Прануза надрукаваў свой верш “Ребёнок”. У хуткім часе многія знайшлі яго адрас праз газету… Асабліва парадаваў яго сваім пісьмом аднакурснік Мікола Сурначоў. Пачалася з ім перапіска. Яны былі на розных франтах, але  палявая пошта пераносіла кароткія весткі ў салдацкіх трохкутнічках. Усю вайну яны падтрымлівалі сувязь, дасылалі адзін аднаму свае вершы. Павел Кузьміч вельмі перажываў, шкадаваў свайго добрага, таленавітага інстытуцкага сябра Міколу Сурначова, які загінуў за тыдзень да Перамогі на фронце. Праз некаторы час Прануза сабраў творы сябра і выдаў у памяць аб ім зборнік.

У гады ваеннага ліхалецця Паўлюк Прануза служыў у зенітнай артылерыі, быў намеснікам камандзіра гарматы. У складзе войск Бранскага, Цэнтральнага і Першага Беларускага франтоў прымаў удзел у баях на Курскай дузе, у Беларусі, Польшчы, Германіі, у Берлінскай аперацыі. Трэба адзначыць, што 3-я гвардзей-ская дывізія, дзе служыў зенітчык Прануза, у час ажыццяўлення аперацыі “Баграціён” вызваляла наш Нясвіж, Сноў, Баранавічы.

Завяршыў вайну ў Берліне, штыком распісаўся на сцяне Рэйхстага.

Павел Кузьміч успамінаў: “На сцяне ўжо не было месца, дзе магла б дастаць рука. Нейкі баец падсунуў мяне да сцяны, паказаў уверх і прыпадняў. Я накрамсаў: “Слава пераможцам!”. Гэта быў мой самы светлы і радасны дзень у жыцці”.

Даведаўшыся, што ў Маскве выдаюцца беларускія газеты, Прануза паслаў туды некалькі сваіх вершаў на беларускай мове. І вельмі ўзрадаваўся, калі з Масквы атрымаў пакет з газетай “Савецкая Беларусь” ад 7 кастрычніка 1942 г. і газетай-плакатам “Раздавім фашысцкую гадзіну”. У гэтых газетах былі надрукаваны вершы Паўла Кузьміча. А прыслаў пакет Кузьма Чорны, які напісаў аўтару: “Дбайце аб чысціні беларускай мовы, жадаю вам быць хутчэй на роднай вызваленай зямлі…”

За час вайны паэтам было напісана звыш сарака вершаў, пранікнутых нянавісцю да ворага, цвёрдай верай у перамогу. Ён пісаў свае вершы ў акопах і зямлянках, у часы кароткага адпачынку паміж баямі. Ад верша да верша Павел Кузьміч фактычна вёў паэтычны рэпартаж з перадавой.

Юныя несвіжане з увагай слухалі аповеды пра свайго славутага земляка

Дэмабілізаваўшыся, паэт па накіраванні трапіў у Нясвіж. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў педагагічным вучылішчы, а пасля — у сярэдняй школе № 3, да самага выхаду на пенсію. Павагай і аўтарытэтам карыстаўся Паўлюк Прануза як сярод настаўнікаў, калег па пяры, так і сярод вучняў. Пісьменнік Уладзімір Ліпскі адзначаў: “Павел Кузьміч — пажыццёвы Педагог, мудры, далікатны, празорлівы…”. І гэтыя мудрасць, далікатнасць, жыццёвы вопыт паслужылі добрым прыкладам як у выхаванні асабістых дзяцей, так і вучняў.

27 красавіка 2021 года ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшоў V Фестываль паэзіі “Голасам свайго пакалення”, прысвечаны Паўлюку Пранузу.

Гасцямі сталі сябар Паўла Кузьміча, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, грамадскі дзеяч Уладзімір Ліпскі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ірына Карнаухава, намеснік галоўнага рэдактара раённай газеты “Нясвіжскія навіны” Соф’я Любанец, сябар раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Раіса Хвір.

Павел Кузьміч пражыў багатае, сумленнае жыццё. У фестывальны дзень прысутныя ўзгадалі яго творчасць, успомнілі, якім ён быў.

У рамках Фестывалю мера-прыемствы ладзіліся на некалькіх пляцоўках адначасова з моманту адкрыцця бібліятэкі і амаль да вечара. Літаратурная гасцёўня “Мая зямля — жыцця майго калыска” пазнаёміла з жыццём і творчасцю паэта. Прысутныя мелі магчымасць паразважаць над тым, якім ён быў. Настаўнік, паэт, франтавік і проста Чалавек з вялікай літары…

Падчас мерапрыемства гучалі вершы паэта. У ролі чытальнікаў выступалі вучні ДУА “Нясвіжская гімназія” Гасан Гаруноў, Дар’я Жук, Арцём Рагалевіч, Аляксандра Навоша і вучаніца ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Нясвіжа” Марына Тарасевіч. Іх выступленні ўразілі сваім артыстызмам і пранікнёнасцю.

У пачатку сакавіка Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка ў рамках Фестывалю паэзіі аб’явіла конкурс ілюстрацый да вершаў Пранузы “Фантазія алоўка і слова”. 27 красавіка адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы. У канферэнц-зале дэманструюцца лепшыя работы мастакоў, якія пранікліся паэзіяй Паўла Кузьміча настолькі, што вырашылі яго вершы адлюстраваць у малюнках.

У выніку ва ўзроставай групе звыш 14 гадоў дыплом атрымала Яна Сцефановіч. Ва ўзроставай групе да 14 гадоў 1 месца атрымала Аляўціна Лагвіненка, 2 месца — Паліна Шыбко, 3 месца раздзялілі Кацярына Зубовіч і Яўгенія Леванчук. Дыпломам адзначана і работа Варвары Еўшаль. Работы, прадстаўленыя на выставе, увайшлі ў эксклюзіўны друкаваны літаратурны зборнік “Фантазія алоўка і слова”. У ім змяшчаецца верш паэта і ілюстрацыя да яго ўдзельніка конкурсу.

У гэты дзень прайшоў таксама традыцыйны конкурс юных чытальнікаў “Чытаем Паўлюка Пранузу”. Конкурс праходзіў па трох узроставых катэгорыях, у якіх удзельнічалі школьнікі ад 7 да 15 гадоў школ горада і раёна. Яны дэкламавалі на памяць любімы вершаваны твор паэта на беларускай мове. І былі ў іх пра-нікнёнасць, імкненне перадаць унутраныя перажыванні і пачуцці, якія заклаў у свае вершы Паўлюк Прануза.

Па выніках конкурсу журы, якое ўзначаліў Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі, вызначыла пераможцаў. Імі сталі Сафія Усава, Марыя Казленя, Лізавета Мелехіна, Ксенія Плакса і Дзіяна Селіванава. Журы таксама адзначыла выступ Валерыі Прахода. Дзяўчаты ўзнагароджаны дыпломамі, памятнымі падарункамі, а таксама кнігамі У.С. Ліпскага з аўтографам і асабістымі пажаданнямі кожнаму пераможцу.

У рамках Фестывалю адбыліся і творчыя сустрэчы. Падчас паэтычнай гадзіны “Паэзіі жывая сіла” сябры раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” і наведвальнікі клуба “Залаты ўзрост” Нясвіжскага РТЦСАН мелі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю сябра Беларускага саюза музычных дзеячаў, сябра Саюза пісьменнікаў саюзнай дзяржавы Ірыны Карнаухавай. Ірына Аляксандраўна пазнаёміла са сваімі творамі, змешчанымі ў яе апошніх паэтычных зборніках. Дзмітрый Лібар, Алена Шаблоўская і Уладзімір Жылко прачыталі свае вершы. Ірына Аляксанд-раўна выказала свае меркаванні аб творчасці нясвіжскіх паэтаў.

Маленькія наведвальнікі бібліятэкі сустрэліся з Уладзімірам Ліпскім, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі, галоўным рэдактарам часопіса “Вясёлка”, кіраўні-ком Беларускага дзіцячага фонду, які завітаў на мерапрыемства “Лепшых кніг адкрыты нам старонкі” разам з аўтаркай Анастасіяй Радзікевіч, якая на суд юных чытачоў прадставіла сваю кнігу “Скарбы Нясвіжскага замка”.

Адбылася і творчая сустрэча з Дзмітрыем Кашаварам, аўтарам кнігі “99 знаменитых мест Беларуси”.

На працягу красавіка ў фае бібліятэкі дзейнічала ілюстрацыйна-дакументальная выстава “Голасам свайго пакалення”. Тут можна было ўбачыць экспанаты, якія сам Прануза падараваў бібліятэцы. Гэта рукапісы вершаў, кнігі з бібліятэкі Паўла Кузьміча з аўтографамі паэтаў, з якімі ён сябраваў, асабістыя рэчы. Многія кнігі падпісаны аўтарам.

Пры жыцці Прануза цесна супрацоўнічаў з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, у фонд якога перадаў частку сваіх рукапісаў, фотаздымкаў, кніг. Яшчэ частку пасля яго смерці дочкі перадалі ў Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей. Афармляючы да свята кніжную экспазіцыю, частку экспанатаў бралі і з гэтых музеяў. Непасрэдна Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей прадставіў ганаровыя граматы паэта, членскія білеты, фотаздымкі, рэчы П. Пранузы.

Для наведвальнікаў работнікі бібліятэкі арганізавалі гутаркі ля выставы “Паўлюк Прануза. Аўтограф у гісторыі”, падчас якіх знаёмілі са складаным жыццёвым лёсам і багатай творчай спадчынай паэта-земляка.

З мэтай звязаць месцы горада ў адзіную гістарычную прастору, звязаную з біяграфіяй беларускага паэта і перакладчыка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, ганаровага грамадзяніна горада Нясвіжа Паўла Кузьміча Пранузы, Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка распрацавала медыяпадарожжа “Пранузаўскі Нясвіж”. На карце горада адзначаны тыя месцы, якія ён часта наведваў, якія любіў.

Больш дэталёва кожны зможа пазнаёміцца з гэтай работай на афіцыйным сайце бібліятэкі. Бу-дзем рады, калі гэта віртуальнае падарожжа зацікавіць і стане карысным.

Акрамя таго, на сайце ўзгаданы фестывалі паэзіі імя Паўла Пранузы “Голасам свайго пакалення”, якія праходзілі ў мінулыя гады.

Амаль 90 гадоў адвёў лёс Паўлюку Пранузу. Крочыў ён смела. Яго нішто не прымусіла стаць іншым. Салдатам, абпаленым агнём баёў, на дах рэйхстага ўзышоў Паэт. У суровых выпрабаваннях, на нялёгкіх дарогах жыцця сталела яго муза. У свой апошні, 85-гадовы юбілей, даючы інтэрв’ю адной з беларускіх газет, Павел Кузьміч усім параіў: “Трэба вучыцца валодаць сабой. Цяжкасцей не трэба баяцца. Яны былі заўсёды: і да вайны, і ў першыя пасляваенныя гады, і пазней — паверце ўжо мне. Самае галоўнае — духоўна жыць, быць сур’ёзным, добразычлівым, працавітым чалавекам. І тады будзе лепш праглядвацца заўтрашні дзень”.

Што ж… Будзем вучыцца, паважаны Павел Кузьміч!

Аксана РЫЖЫКАВА,

загадчык аддзела

абслугоўвання і інфармацыі

Нясвіжскай цэнтральнай

раённай бібліятэкі

імя Паўлюка Пранузы.

Фота Наталлі ЕРМАШЭНКА і Вольгі КАНДРУКЕВІЧ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!