Для мяне галоўнае пачуццё — гэта любоў да маёй Радзімы. З якога ўзросту чалавек пачынае яго адчуваць?.. На маю думку, любоў да Радзімы пачынаецца з самага нараджэння, з першых крокаў, зробленых па роднай зямлі, з першых слоў, сказаных на роднай мове.
“Любоў” — маленькае слова, якое складаецца ўсяго з пяці літар, але наколькі яно вялікае і, у той жа час, пяшчотнае і трапяткое, калі мы гаворым пра любоў да сваіх родных і блізкіх людзей, да матчынай мовы, да роднага куточка, дзе ўсё так знаёма і так дорага нашаму сэрцу.
Любоў — як агеньчык: ён можа згаснуць у любы момант, але, калі падкідваць у яго галінкі, агеньчык не згасне і будзе яшчэ доўга палаць.
Пачуццё любові да Радзімы ў мяне асаблівае. Я тут нара-дзілася, жыву і буду жыць! Гэта мой родны куточак, дзе мяне вельмі любяць, дзе мяне пад-трымаюць у цяжкую хвіліну, дзе мяне заўсёды зразумеюць і дзе заўжды чакаюць і будуць чакаць, на якія б дарогі мяне ні выводзіў жыццёвы шлях.
За што я люблю сваю Радзіму?.. За бацькоўскі дом, дзе я нарадзілася, правяла лепшыя гады свайго дзяцінства і сустрэла юнацтва, адкуль праз невялікі адрэзак часу выйду на шырокі шлях такога незразумелага, але такога цікавага дарослага жыцця.
Вельмі люблю свой родны куточак за яго непаўторныя краявіды, за сінь азёр і рэк, за зелень пушчаў і лясоў, за золата жытнёвых палеткаў і смарагдавы колер лугоў… Так і хочацца апынуцца на ўлонні прыроды, падыхаць такім нашым, такім беларускім паветрам, напоўненым водарам кветак, траў і дрэў.
Бязмежна люблю сваю родную зямлю за тое, што на працягу майго невялікага жыцця над галавой я бачыла толькі мірнае неба і яснае сонца. Маё пакаленне не ведае, што такое вайна, калі чорнымі хмарамі заслана неба, калі ад парахавога дыму не відаць сонца, калі навокал чуюцца кананада, стрэлы і выбухі, калі гінуць людзі, калі плачуць жанчыны і дзеці… Аб вайне мы ведаем толькі з твораў мастацкай літаратуры, дакументальных і мастацкіх стужак.
“Мы — беларусы, мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі…”, — так пачынаецца Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Я чую гэтыя радкі на працягу шаснаццаці гадоў свайго жыцця. І, калі ў дзяцінстве я не задумвалася над сэнсам гэтых слоў, то цяпер, стаўшы дарослым чалавекам, я разумею, што гэта не проста прыгожыя словы, гэта адлюстраванне самой сутнасці нашага цудоўнага народа, маленькай часцінкай якога з’яўляюся і я.
Я ганаруся тым, што я — беларуска! Я вельмі шчаслівая ад таго, што нарадзілася і жыву ў такой цудоўнай краіне, дзе маладое пакаленне можа з упэўненасцю глядзець у заўтрашні дзень і разлічваць на светлую будучыню.
Наша Беларусь — гэта маленькі рай на планеце Зямля, дзе жывуць шчаслівыя людзі!
І я зраблю ўсё, каб пачуццё вялікай любові да маёй Радзімы ніколі не пакінула майго сэрца, бо я штодзень буду падкладваць галінкі ў агеньчык, каб ён мог яшчэ доўга палаць і саграваць сэрцы тых, хто прыйдзе на змену нашаму пакаленню.
Агеньчык любові
не згасне ніколі,
Бо ў сэрцы сваім назаўжды
зберагу:
І неба, і сонца,
і ўсё наваколле,
І шчырыя словы
“Люблю Беларусь!”
Вольга МАКАРЭВІЧ,
вучаніца ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Нясвіжа”.