Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 11 °C

Людзі і лёсы. Ніколі не трэба журыцца

Нясвіжскія навіны 3 года назад 1 1

Жыццё пражыць — не поле перайсці. Гэта прапісная ісціна можа стаць сапраўдным эпіграфам да аповеду пра жыхарку Гарадзеі Ніну Мікалаеўну Крокун, якая заўтра адзначыць свой 90-гадовы юбілей.

41 год жыцця гераіня гэтага артыкула прысвяціла дзецям. Настаўніца, загадчыца дзіцячага садка і затым ізноў настаўніца — вось далёка не поўны спіс яе іпастасей. Клапатлівая жонка і маці траіх сыноў, майстар вышыўкі ў тэхніках “гладзь” і “рышэлье”, вялікі аматар спеваў і кіраўнік некалькіх школьных хораў, заўзяты агароднік і кветкавод — усё гэта яна.



Пачаўся жыццёвы шлях паважанай доўгажыхаркі тут, на Нясвіжчыне, у вёсцы Ракавічы, што недалёка ад Юшавіч. Бацькі былі сялянамі, вялі сваю гаспадарку.

З дзяцінства яна помніць, як шмат даводзілася працаваць, каб дапамагчы дарослым, і ёй, і двум старэйшым сёстрам. Другой, на жаль, наканаваны быў кароткі век — яна пайшла з жыцця яшчэ школьніцай. Таму асноўнымі памочнікамі бацькам сталі самая старэйшая і яна — трэцяя сярод чатырох.

Уся радня мамы засталася ва Усходняй Беларусі, і Ніна Мікалаеўна памятае, як тая сумавала з-за гэтага, якім шчасцем для яе быў нечаканы візіт бацькі — дзеда дзяўчынак. Яму дазволілі на адзін дзень перайсці мяжу, каб праведаць дачку і ўбачыць унучак.

— Мама напякла яму хлеба, сабрала іншых гасцінцаў, каб той перадаў іх маім дваюрадным — дзецям мамінага брата, сасланага ў Варкуту. Тая сустрэча была для іх апошняй, таму што дзядулі ў хуткім часе не стала, — узгадвае мая суразмоўца.

Бацька ж Ніны Мікалаеўны, які рана застаўся круглым сіратой, з дзяцінства прыслужваў у царкве і гэту ж цягу да храма і шчырую веру перадаў і сваёй дачцэ. Яна ж узгадвае яго як дабрэйшага чалавека, які, нягледзячы на ўсе выпрабаванні лёсу, ніколі ні на кога не злаваўся, ні пра каго не сказаў дрэннага слова. А ў Ніне ўвогуле душы не чаяў — яна замяніла яму сына. Вадзіла на выпас коней, скакала на іх не горш за равеснікаў-хлопцаў, ездзіла ў начное ў свае 8 — 10 гадоў.

Магла ўзяць у мамы, якая добра шыла, кавалак тканіны, каб змайстраваць ляльку, а калі тая пачынала сварыцца на яе за гэта, тата смяяўся: што, маўляў, яна дрэннага зрабіла — яна ж ляльку пашыла!

І зараз Ніна Мікалаеўна ўпэўнена, што карані добрага стаўлення і павагі да людзей ідуць менавіта ад бацькоў, з сям’і, у якой вырас чалавек, таму што інакш яму не будзе дзе гэтаму навучыцца.

Гаспадарка была вялікая — свінні, каровы, работы хапала ўсім, але бацькі, асабліва тата, які сам скончыў царкоўна-прыхадскую школу і выдатна ведаў матэматыку, вельмі хацелі, каб іх дзеці былі адукаванымі людзьмі. Маленькая Ніна адвучылася ў Юшавічах у першым і другім класе яшчэ пры паляках, а ў трэці пайшла ўжо пры савецкай уладзе. У пяты клас хадзіла ў Слаўкава, а з шостага пачала вучыцца ў Нясвіжскай СШ № 1. Ісці трэба было 12 кіламетраў, зімой на 1-2 месяцы здымалі кватэру.

Школа тады была двухмоўная — на першым паверсе з рускай мовай навучання, на другім — з беларускай, дзе вучыліся пераважна сельскія дзеці. Мая суразмоўца ўспамінае, як засынала ноччу дома на печы за ўрокамі, бо днём трэба было дапамагаць бацькам па гаспадарцы — догляд жывёлы, нарыхтоўка сена, льняныя палеткі — усё патрабавала клопату.

Але тое, што ў школе працавалі выдатныя настаўнікі, якія так цікава выкладалі свае прадметы, што вучні забываліся пра стому, дапамагала трымацца бадзёра. А яшчэ да гэтага ўсяго дзяўчынка пастаянна спявала ў хоры храма Узнясення Гасподняга, што стаяў у цэнтры горада і затым быў разбураны. (Яго назва перайшла да адбудаванага нанова храма, што быў асвечаны ў 2016 г.)

У няпросты пасляваенны час, калі краіна аднаўляла разбураную вайной гаспадарку, Ніна скончыла 10 клас і, разумеючы, што вучобу ў Мінску сям’я “не пацягне”, вырашыла паступаць у Баранавіцкі педагагічны інстытут на аддзяленне беларускай мовы. Тым больш, што і сама пісала вершы. У інстутуце таксама спявала ў хоры, была вельмі актыўная ў грамадскім жыцці, таму і была адпраўлена ў ліку лепшых студэнтаў на двухмесячныя курсы завучаў.

Гэту пасаду яна і заняла адразу пасля заканчэння вучобы на сваім першым месцы работы ў Гавязнянскай СШ (цяпер гэта Вішнявец) Стаўбцоўскага раёна. Пры размеркаванні прасілася на ра-дзіму, у Нясвіж, але месца не было, таму згадзілася на прапанову ехаць на Стаўб-цоўшчыну — усё ж такі бліжэй да родных мясцін.

Тут з маладым запалам узялася за згуртаванне калектыву, стварыла харавы і танцавальны ансамблі, дабівалася, каб настаўнік карыстаўся асаблівай павагай і быў прыкладам для іншых лю-дзей. Неўзабаве хор педагогаў яе школы заняў І месца на аглядзе настаўніцкай самадзейнасці ў Баранавіцкай вобласці. Быў створаны і дзіцячы хор, цікава жылося і настаўнікам, і вучням.

Ёй нават прапанавалі, нягледзячы на малады ўзрост, узначаліць гэту школу, аднак толькі працай не магло абмяжоў-вацца жыццё маладой, прыгожай дзяўчыны — яна выйшла замуж таксама за настаўніка, былога франтавіка Мікалая Крокуна і пераехала ў Стоўбцы, дзе ізноў стала завучам у беларускай школе. Нарадзіўся старэйшы сын Дзіма. Як чалавек, які вырас у сапраўднай праваслаўнай сям’і, яна не магла не пахрысціць сваё дзіця. У часы ваяўнічага атэізму гэта не праходзіла дарам, асабліва для кіраўнікоў: мужа Ніны Мікалаеўны, дырэктара школы, звольнілі з гарадской школы і перавялі дырэктарам у вясковую сямігодку ў Паздзерычах. Тут яна ізноў арганізавала і хор, і выезды з канцэртамі.

Памятае, як прыемна было, калі ішла па вуліцы, а людзі выглядвалі з акон, каб павітацца з ёю, пажадаць добрага дня. Такая павага, якую не замяніць ніякімі ўзнагародамі, каштуе дарагога.

Калі ж настаўнікам дазволілі будаваць дамы (да гэтага яны былі абавязаны жыць на кватэры), сям’я выбрала Гарадзею. У пасёлку якраз адкрываўся цукровы завод і інтэрнат, і Крокуны вырашылі, што знойдуць тут работу.

У 1959 годзе яны ўвайшлі ў новы дом ужо з трыма сынамі, а гераіня гэтага аповеду пайшла ў трэці дэкрэтны адпачынак. У раённым аддзеле адукацыі, куды яна прыйшла прасіць работу, ёй прапанавалі стаць загадчыцай дзіцячага садка, які павінен быў будавацца. Гэта было даволі новым для яе, але настаўніца падумала і згадзілася. Давер пастаралася апраўдаць поўнасцю — сама прападала днямі на будаўніцтве, сачыла за якасцю работ — гэта ж другі дом для дзяцей.

Арганізавала ў новым садку здаровае, натуральнае харчаванне, праз гульню заахвочвала дзяцей піць абавязковы рыбны тлушч і не надта любімае некаторымі малако, што і зараз з усмешкай узгадваюць яе выхаванцы, якія ўжо размянялі пяты,  а то і шосты дзясятак. Як заканамерны вынік — садок пад яе кіраўніцтвам стаў лепшым у раёне.

Аднак час ішоў, мяняліся абставіны жыцця, і вопыт работы з малымі дзецьмі вельмі спатрэбіўся Ніне Мікалаеўне, калі пачаўся прыём у сярэднюю школу дзяцей з шасці гадоў. Тагачасны дырэктар Гарадзейскай СШ №1 Сцяпан Крэмез запрасіў маю суразмоўцу ўзяць у яго школе паказальны клас шасцігодак. Да таго ж, ён ведаў яе як педагога і па рабоце ў школе рабочай моладзі, дзе яна вяла некалькі гадзін беларускай мовы і літаратуры па сумяшчэнні з работай у садку.

Настаўніца — рукадзельніца і майстрыха па сваёй прыродзе — нарабіла шмат цацак, што сталі выдатным наглядным матэрыялам для шасцігодак, пастаянна праводзіла фізкультхві-лінкі,падчас якіх дзіцячая рухавасць скіроўвалася ў правільнае рэчышча, і ў выніку аднойчы вечарам атрымала тэлефанаванне ад тагачаснага загадчыка рай-ана Ніны Ходатавай: “Да вас заўтра едзе праверка з Масквы па навучанні шасцігодак”.

Ніна Мікалаеўна паказала тады ўрок матэматыкі з гульнямі і фізкультхвілінкамі, які вельмі спадабаўся правяраючым, а дырэктар школы сказаў, што на яе ўрокі больш можа не хадзіць — ён за іх спакойны.

— За 41 год, што я адрабіла ў адукацыі, — сказала напрыканцы нашай гутаркі мая суразмоўца, — я ніколі не павысіла на вучняў голас. Усе пытанні выраша-ліся мірна, з дзецьмі і бацькамі. Я прыдумвала розныя гульні, каб зацікавіць юнага чалавека, каб яму хацелася вучыцца.

А працавала з дзецьмі Ніна Мікалаеўна да 61 года — пакуль не адчула, што трэба адпачыць. Работа ў многім дапамагла перажыць і страшнае гора, якое нельга апісаць ніякімі словамі — у росквіце сіл загінуў у аўтакатастрофе яе сярэдні сын Мікола. Па кавалачках, па крупіначках сабраўшы сябе, жанчына працягнула жыць — яна ж была і ёсць яшчэ вельмі патрэбная сваім двум другім сынам, чатыром унукам і васьмі праўнукам.

Пакінуўшы школу, Ніна Мікалаеўна ўспомніла, што заўсёды вельмі любіла лес. Ён стаў яе аддушынай і новай крыніцай сіл. З зялёных нетраў яна прыносіла столькі грыбоў, што іх хапала і сабе, і родным, і на базар, што стала нядрэннай падмогай для сямейнага бюджэту. У апошнім моманце яе добра падтрымліваў муж, якога не стала 21 год таму.

Перажыць гэтую страту ізноў дапамаглі вера і храм. Ніна Мікалаеўна зрабіла больш масавым хор у мясцовай царкве Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы, якім кіравала да 84 гадоў. Святар нават купіў ёй крэсла, каб яна магла кіраваць хорам седзячы, але яна не пагадзілася. “Трэба, каб ва ўсім быў парадак”, — лічыць мая суразмоўца. Трэба саступаць месца іншым, калі не хапае сіл.

А на пытанне, дзе гэтыя сілы браць, з упэўненасцю адказала:

— Каб трымацца, трэба не здавацца, не журыцца. І абавязкова штодзень займацца фізкультурай, рабіць калі не масаж, то самамасаж спецыяльнымі прыстасаваннямі, якіх цяпер хапае. Усё гэта — у нашых руках.

А яшчэ Ніна Мікалаеўна параіла пастаянна трэніраваць памяць, напрыклад, узгадваючы ў думках кожнага жыхара на сваёй і суседніх вуліцах, не страчваць цікавасці да жыцця, чытаць цікавыя кнігі і газеты — яна, напрыклад, больш за ўсё любіць “Аргументы і факты” і “Камсамолку”, а яшчэ абавязкова — верыць у лепшае і любіць усё, што ў цябе ёсць. Тады і жыццё будзе паварочвацца да цябе сваім лепшым, светлым бокам.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

 

 

 

1 Comment

1 Comment

  1. Диана:

    Моя любимая бабулечка. Ростила, учила меня с 14 лет. Мудрая, добрая, активная, трудолюбивая, честная, с бесконечной любовью к людям. Пример женщины во всём. Горжусь, что её внучка!

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!