Меню
Курс $  3.05 | €  3.52 | ₽100  3.8 |
Погода 10 °C

Свой працоўны юбілей адзначыла Людміла Юрэвіч

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Пост опубликован: 10.11.2021

Гэтай восенню загадчык бібліятэкі СШ №4 г. Нясвіжа Людміла Юрэвіч адзначыла своеасаблівы працоўны юбілей — ужо 20 гадоў, як яна дапамагае дзецям знайсці дарогу ў захапляльны свет кнігі і пасябраваць з ёю назаўсёды.

Загадчык бібліятэкі СШ №4 г. Нясвіжа Людміла Юрэвіч



Ураджэнка Мар’інай Горкі, Людміла Пятроўна ў свой час паступіла ў Нясвіжскі, тады яшчэ педагагічны, каледж, стварыла тут сям’ю і засталася на Нясвіжчыне назаўсёды, аб чым ніколькі не шкадуе. Парабіўшы непрацяглы час настаўніцай пачатковых класаў у Салтанаўшчынскай СШ, яна перайшла на работу ў Нясвіж, утую самую чацвёртую школу, дзе працуе і зараз.

У 90-я гады, калі ўпала нараджальнасць і класы ў многіх школах скарачаліся, яна без усякага сумневу вырашыла застаццца ў школе, не змяняючы свайму пакліканню працаваць з дзецьмі, толькі ўжо ў якасці бібліятэкара. Да таго ж, мая суразмоўца любіла не толькі вучыць, але і вучыцца — работу яна спалучала з роляй студэнткі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, дзе павышала свой узровень адукацыі па атрыманай у каледжы спецыяльнасці.

І зараз Людміла Пятроўна з удзячнасцю ўспамінае сваю першую настаўніцу ў новай справе —  старэйшую калегу па школьнай бібліятэцы, вопытнага прафесіянала Ірыну Іванаўну Скачко, якая паказала ёй усе тонкасці работы з юнымі чытачамі.

На пытанне, што ж такое сучасны бібліятэкар у школе, гераіня гэтага аповеду адказвае так:

— Гэта і педагог (мы ж працуем у сістэме адукацыі), і артыст, і псіхолаг, якому трэба ўважліва разгледзець дзіця, каб знайсці да яго падыход, і маркетолаг, які ўмела прадстаўляе свой тавар — кнігу (толькі не для таго, каб яе купілі, а каб пачыталі) — і спецыяліст па інфармацыйных тэхналогіях, таму што зараз яны патрэбны для прыцягнення школьнікаў у бібліятэку.

А яшчэ Людміла Пятроўна прыгадала некалі пачуты ёю выраз, які яна лічыць дэвізам сваёй работы: “Бібліятэкар — душ чалавечых добры лекар”. Сапраўды, значэнне гэтых слоў у дачыненні да дзяцей і падлеткаў цяжка пераацаніць.

— Калі нашы юныя чытачы прыходзяць да нас упершыню, я гавару ім: “Вы прыйшлі ў нашу бібліятэку, тут вы знойдзеце шмат новых сяброў — герояў кніг, і ў той жа час зможаце пабыць сам-насам з сабой, зможаце зазірнуць у чароўны, казачны свет”, — раскрывае сакрэты сваёй працы мая суразмоўца. — І як потым радасна, калі дзеці прыходзяць да нас і гавораць: “Як нам тут падабаецца! Тут нават пахне незвычайна, як нідзе больш”. І я прапаноўваю ім заплюшчыць вочы, удыхнуць пах кніг і ўявіць сябе ў асаблівым свеце. І маленькія чытачы чакаюць сустрэчы з нашымі кнігамі, каб пагартаць іх, патрымаць у руках, пачуць, як шапацяць старонкі. Так нараджаецца любоў да чытання.

А яшчэ Людміла Пятроўна ўпэўнена, што бібліятэка даўно перастала быць проста месцам, дзе захоўваюцца кнігі. Гэта праваднік у новую рэальнасць, якую адкрывае чытачам апантаны сваёй справай бібліятэкар.

— Са з’яўленнем інтэрнэту ў нас з’явіліся новыя магчымасці, — гаворыць яна. — Мы знаходзім, што прыдумаць асаблівае для дзяцей, каб яны назаўсёды захапіліся кнігай. Удзельнічаем у розных конкурсах, робім прэзентацыі, увесь час нешта шукаем, вывучаем, дзелімся з калегамі, бяром іх напрацоўкі,  каб пераасэнсаваць гэта і зрабіць нешта сваё, адметнае.

Мы не толькі прапаноўваем чытаць, але і гуляем у настольныя гульні, ладзім інтэлектуальныя турніры і кірмашы забытых кніг. Апошняя з названых форм работы — гэта калі вучні старэйшых класаў расказваюць сваім аднакласнікам аб цікавых фактах з лёсу кніг (так, у кніг таксама ёсць свае лёсы!), якія яны прачыталі, а потым прапаноўваюць прачытаць гэту кнігу і сваім таварышам.

Заўсёды выклікаюць цікавасць школьнікаў, прычым розных узростаў, арт-аб’екты, створаныя бібліятэкарамі. Гэта асаблівыя выставы з падабраных у адной колеравай гаме кніг, якія складаюць пэўныя словы, напрыклад, “я люблю бібліятэку” або зорку ці танк, калі выстава падрыхтавана да Дня Перамогі ці гадавіны вызвалення Беларусі ад фашызму. Увагу дзяцей прыцягвае арыгінальная форма, затым яны пачынаюць углядацца ў кнігі, і глядзіш — якую-небудзь нехта і захоча пачытаць.

А яшчэ ў бібліятэцы Людмілы Пятроўны ёсць стэнд для навінаў, дзе размяшчаюцца прозвішчы рабят, якія любяць чытаць і прапануюць нешта пачытаць сваім аднакласнікам і не толькі ім. З гэтым стэндам знаёмяцца і бацькі, і, бывае, па-новаму адкрываюць для сябе сваіх дзяцей, пачынаюць лепш разумець іх інтарэсы, лепш уяўляць, што ім можна прапанаваць пачытаць.

І гэта далёка не ўсе ідэі, якія ўвасабляе ў жыццё загадчык школьнай бібліятэкі Людміла Юрэвіч, якая ў нашай гутарцы падкрэсліла, што работа спорыцца, калі робіцца разам з надзейным памочнікам. Для маёй суразмоўцы гэта яе калега Крысціна Нячаева, разам з якой яна здзяйсняе ўсе свае задумкі.

— Галоўнае — прыдумваць, крэатывіць, весяліцца разам з дзецьмі, — падвяла вынік нашай гутаркі мая суразмоўца. — Дзеці надаюць нам сілы, сілкуюць энергіяй, а потым мы аддаём гэту энергію ім.

І сапраўды — дзецям не так многа і трэба. Ім трэба, каб іх хто-небудзь любіў проста таму, што яны дзеці. І ў Людмілы Юрэвіч гэта атрымліваецца. Таму, калі перафразіраваць вялікага паэта, і “не зарастае дзіцячая сцежка” ў бібліятэку, дзе яна працуе. І няхай так будзе заўсёды. І ўсюды.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.


 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!